Воскресенье, 19 января 2025

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Юрый Наркевіч ацаніў стан спраў на тэрыторыі Хараўскога сельсавета

320

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч некалькі дзён запар працаваў у Пружанскім раёне.

За гэты час парламентарый разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом і сваім памочнікам — старшым інспектарам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аленай Зубко ацэньвалі справы на тэрыторыі Хараўскога сельсавета.

Спачатку дэпутат правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі і юрыдычнымі асобамі сельсавета. На працягу гадзіны паступіла некалькі пытанняў, якія тычыліся працягу пракладкі асфальту з Пружанскага да Бярозаўскага раёнаў і завяршэння капітальнага рамонту жылога васьмікватэрнага дома, які належыць філіялу «Айчына» ААТ «Белавежскі». Пытанні патрабуюць дэталёвага аналізу, таму ўзяты на кантроль. Заяўнікі атрымаюць адпаведны адказ аб магчымасці рэалізацыі і паскарэння працэсаў.

Затым мы наведалі магазін, які падпарадкаваны райспажыўтаварыству. Трэба адзначыць, што тут працуе добры калектыў, які складаецца з загадчыцы магазінам і прадаўца. Сам будынак, інтэр’ер, выкладка і асартымент тавару ніякай прэтэнзіі не мелі. А вось пад’езд да аб’екта гандлю, прыступкі — гэта асобная тэма для крытычнага матэрыялу. Які можа быць імідж у гэтага аб’екта, калі падыйсці да яго, не запэцкаўшы ногі, пераадольваючы лужыны, выбоіны, немагчыма. Тут падлогу ў памяшканні хоць мый, хоць не мый — марная праца. Заўвага была зроблена. Старшыня Хараўскога сельвыканкама Алёна Пстыга ведае гэтую праблему, спрабуе яе вырашаць разам з кіраўніцтвам райспажыўтаварыства, але пакуль безвынікова. З уліку гэта не здымаецца.

Вельмі спадабалася ўсім візітоўцам Хараўская СШ. Як сам будынак, так і яго тэрыторыя мелі сучасны выгляд. Ландшафтны дызайн каля школы прадуманы да дробязяў. Нас сустракала дырэктар школы Ніна Сідарук. Прайшлі па светлых калідорах, пабывалі ў спартыўнай зале, зазірнулі ў вучэбныя кабінеты. У адным з іх ішоў урок рускай літаратуры. Вучні складалі казку. У многіх гэта нядрэнна атрымлівалася. Узяў сабе на заметку, што з гэтай школай мы абавязкова наладзім сувязь. Тут ёсць з каго выбраць для гуртка юных журналістаў. Дарэчы, былая выпускніца школы Марыя Басак на цэнтралізаваным тэсціраванні па нямецкай мове атрымала 100 балаў. Марыя стала студэнткай юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

Дасягненняў ва ўстановы нямала, аб гэтым сведчылі шыльда з фотаздымкамі лепшых школьнікаў і даволі аб’ёмны стэнд са шматлікімі граматамі, дыпломамі, падзякамі, кубкамі, якія педагогі і вучні атрымалі за розныя конкурсы, спартакіяды, спаборніцтвы. Тут слава і прэстыж школы.

У аграгарадку Кабылаўка, які з’яўляецца цэнтральнай сядзібай філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», мы наведалі тры аб’екты гандлю, два з якіх прыватныя, адзін належыць райспажыўтаварыству, а таксама Навасёлкаўскую СШ. Адзначу, што аграгарадок мне вельмі спадабаўся сваёй нейкай яркасцю, утульнасцю. Але ўсе добрыя ўражанні сапсавала велічэзная лужына, якая разлілася на шырыню праезнай часткі дарогі да цэнтра аграгарадка. Кажуць, што гэтая лужына тут даўно, з ёй ніхто не можа справіцца.

Пакінулі добрыя ўражанні магазін райспажыўтаварыства і гаспадарчы магазін індывідуальнага прадпрымальніка як у асартыментным плане, так інтэр’ерам і парадкам. А вось гандлёвая кропка, якая належыць ААТ «Белавежскі», крыху засмуціла даволі сціплым асартыментам, змрочным памяшканнем. Не сумняваюся, што так тут не заўсёды, але ж…

Цёплыя ўражанні засталіся ад Навасёлкаўскай школы аграгарадка Кабылаўка. Тут нас сустракалі ветлівыя і такія абаяльныя настаўнікі. Адразу ў холе нашу ўвагу прыцягнула выстава лялек яшчэ савецкага часу. Больш за восемдзесят экспанатаў рознага памеру былі прадстаўлены на выставе, прысвечанай Дню маці. Уладаром калекцыі, якая поўнасцю налічвае больш за 140 лялек, з’яўляецца егер мясцовага лясніцтва Юрый Траццяк. У адным з наступных нумароў абяцаем расказаць, з чаго пачыналася калекцыя і чаму вырашана было збіраць менавіта лялькі.

Цеплыню ў душы пакінула наведванне школьнага этнаграфічнага музея. Аб экспазіцыі і тых, хто гэта ўсё і як збіраў, трэба расказваць асобна. Неяк прысвецім гэтаму матэрыял.

У школе Юрый Наркевіч правёў асабісты прыём грамадзян і юрыдычных асоб. Да дэпутата са сваімі праблемамі звярнулася два чалавекі. Пытанні ўзяты на кантроль. Будзе вызначацца ход іх рашэння.

Віктар Ільюшчанка

Фота аўтара