На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Г. Ляўчук працаваў на тэрыторыі Пружанскай выбарчай акругі №9.
Спачатку Аляксандр Георгіевіч наведаў Навазасімавіцкі сельвыканкам, каб вырашыць калектыўны зварот жыхароў Новых Засімавічаў наконт добраўпарадкавання населенага пункта. Агляд тэрыторыі пацвердзіў: праблемы, узнятыя жыхарамі, сапраўды існуюць.
Як патлумачылі кіраўнік спраў сельвыканкама В.І.Цішко і начальнік участка Пружанскага КУВП “Камунальнік” М.М.Мацвяйчук, абкошванне травы на тэрыторыі населенага пункта праводзілася ўжо двойчы. Але дажджлівае надвор’е спрыяе росту расліннасці, а таму патрэбна зноў, ужо трэці раз, праводзіць адпаведныя работы. Плануецца і рамонт лавак, якія знаходзяцца паблізу дамоў. Са слоў Мікалая Міхайлавіча, рабочых рук не хапае…
Таксама Аляксандр Георгіевіч сустрэўся з дырэктарам ДУА “Параслянская СШ” В.М.Матвіенка. Былі абмеркаваны злабадзённыя на пачатак навучальнага года пытанні: кадравае забеспячэнне, гатоўнасць памяшканняў да пачатку заняткаў, тэхнічная аснашчанасць, камплектаванне класаў, наяўнасць умоў для творчага развіцця вучняў. Трэба адзначыць, што неабходны рамонт у школе праведзены, а тэрыторыя добраўпарадкавана.
Карыстаючыся момантам, дэпутат наведаў і гандлёвыя аб’екты. Работнікі гандлю патлумачылі, што цяпер адсутнічае праблема няхваткі тых ці іншых тавараў, усе заяўкі жыхароў выконваюцца якасна і ў кароткія тэрміны.
Падчас гэтай паездкі да дэпутата звярнулася яшчэ тры чалавекі. Усе звароты носяць асабісты характар, і вынікі іх вырашэння будуць даведзены да заяўнікаў ва ўстаноўленым парадку.
А.Г. Ляўчук пагутарыў і з работнікамі ААТ “Пружанскі льнозавод”. Людзі працы, занятыя важнай і сур‘ёзнай справай, на гэты момант бачаць перад сабой адну праблему: “Толькі б не падвяло надвор’е”.
Аляксандр Георгіевіч прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі па аказанні дапамогі сем’ям у падрыхтоўцы дзяцей да школы. На гэты раз ён наведаў тры сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці школьнага ўзросту. Напрыклад, у сям’і работніцы дзіцячага садка А.М. Каліноўскай у школу пойдуць чацвёра хлопчыкаў. Дзеці сардэчна віталі гасцей, з задавальненнем прынялі падарункі. Здаецца, што ўсе ўдзельнікі гэтай невялікай імпрэзы сталі крышачку больш шчаслівымі.
Таццяна Кашкан, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”