Среда, 15 января 2025

Дэпутат Нацыянальнага сходу Аляксандр Ляўчук працаваў у Пружанскай выбарчай акрузе №9

385

На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Георгіевіч Ляўчук працаваў на тэрыторыі Пружанскай выбарчай акругі №9.

Дэпутат правёў «прамую тэлефонную лінію», падчас якой да яго звярнулася восем выбаршчыкаў. Некаторыя пытанні ўдавалася вырашыць у ходзе гутаркі, асобныя патрабуюць дэталёвага вывучэння і адпаведнага рэагавання.

Застаюцца актуальнымі пытанні высячэння аварыйных дрэў у пасёлку Сонечны, добраўпарадкавання гарадскіх вуліц і завулкаў, забеспячэння палівам перад ацяпляльным сезонам у сельскай мясцовасці, захавання правілаў бяспекі пры ўваходзе ў некаторыя прыватныя гандлёвыя аб’екты, выканання стандартаў пры размяшчэнні так званых «ляжачых паліцэйскіх» і іншыя.

З мэтай аператыўнага рэагавання на ўзнятыя пытанні Аляксандр Георгіевіч абмеркаваў некаторыя звароты з адказнымі асобамі: старшынямі Пружанскага і Шарашэўскага сельвыканкамаў, дырэктарамі Пружанскага КУВП «Камунальнік» і філіяла «Пружанскі райпалівазбыт», начальнікам ДАІ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

Па пытанні размешчаных на гарадскіх вуліцах штучных няроўнасцей начальнік ДАІ С.М.Мышкевіч запэўніў, што парушэнняў СТБ у гэтым напрамку не выяўлена.

У час работы ў акрузе Аляксандр Ляўчук наведаў адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Ліноўскае» і «Аранчыцкая птушкафабрыка». У ходзе сустрэч з кіраўніцтвам і работнікамі прадпрыемстваў сельскагаспадарчага профілю былі абмеркаваны штодзённыя пытанні і праблемы далейшага развіцця дадзеных аб’ектаў гаспадарання.

Таццяна Кашкан, памочнік дэпутата