У гэтыя пераднавагоднія дні мы ўсе жывем у чаканні цуда. Канешне, асабліва шчыра ў яго верыць дзятва. І, здаецца, дарослым вельмі проста стаць добрымі чараўнікамі, якія могуць ажыццявіць дзіцячыя мары. Не выпадкова па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы ў Беларусі вось ужо каторы год праходзіць зімовая дабрачынная акцыя «Нашы дзеці».
Штогод напярэдадні Новага года і Калядаў кіраўнікі і прадстаўнікі выканаўчых органаў, прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў наведваюць дзіцячыя ўстановы і бальніцы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы і прытулкі, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама шматлікія іншыя ўстановы. У гэтыя святочныя дні яны выступаюць у ролі тых самых чараўнікоў, здольных прыўнесці ў жыццё дадатковую кропельку радасці.
Дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Ружанах існуе адзінаццаты год. Сёння Вольга Міхайлаўна і Юрый Рыгоравіч Бакуменкі выхоўваюць 11 дзяцей, дзесяць з якіх — прыёмныя. Дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак — ужо школьнікі, двое — дзетсадаўскага ўзросту. Самы маленькі Мікітка, якому ўсяго два з паловай гады, трапіў да Бакуменкаў зусім нядаўна.
Але на самой справе, як расказвае сама маці-выхавальніца, цяпла і энергіі ў яе з мужам хапае нават на большую колькасць дзяцей: самыя старэйшыя выхаванцы Бакуменкаў ужо паўналетнія. Але па-ранейшаму ў выхадныя, калі з’язджаюцца студэнты, пад дахам вялікага і ўтульнага дома збіраюцца 19 дзяцей. Балазе, вось ужо пяты год як сям’я пераехала ў новае прасторнае васьміпакаёвае жыллё — месца хапае ўсім.
Хапіла месца і гасцям — старшыні райвыканкама М.М.Крэйдзічу, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Бярозаўскай выбарчай акрузе №9 Л.І.Качыне, старшыням раённых арганізацый ГА «Беларускі фонд міру» М.П.Кудраўцу і РГА «Белая Русь» Т.К.Кашкан, якія на гэтым тыдні пабывалі ў вялікай сям’і.
З пажаданнямі выканання самых запаветных жаданняў дарослыя ўручылі дзецям падарункі. А гаспадыні дзіцячага дома выказалі словы асаблівай ўдзячнасці за тое, што яна штодзённа праяўляе клопат і дорыць любоў і пяшчоту дзецям, замяняючы ім маму.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).