Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ляўчук правёў чарговыя сустрэчы на тэрыторыі Пружанскай выбарчай акругі № 9.
Праграма работы дэпутата была насычанай. Аляксандр Георгіевіч наведаў філіял «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга», дзе сустрэўся з дырэктарам гаспадаркі Іванам Ярашэвічам і работнікамі бухгалтэрыі. У гутарцы абмяркоўваліся пасяўная кампанія, забяспечанасць кадрамі і тэхнікай, умовы працы людзей у сельскай мясцовасці. Актуальнай аказалася тэма замацавання маладых спецыялістаў.
Аналагічныя пытанні закраналіся і пры сустрэчы дэпутата з дырэктарам ААТ «Радзіма» Паўлам Дарафеем, галоўным інжынерам Аляксандрам Данілікам і іншымі спецыялістамі гаспадаркі. Адказныя работнікі, якія перажываюць за сваю справу, гаварылі пра тое, што праца хлебароба патрабуе разумення з боку тых, хто прыязджае ў сельскую мясцовасць на адпачынак. У прыватнасці, праезд па дарозе тэхнікі з арганікай у некаторых выклікае абурэнне, аднак жа бачыць у гэтым праблему проста неразумна: гэта звычайныя сельскагаспадарчыя работы, накіраваныя на павышэнне ўраджайнасці палёў.
Падчас рабочай паездкі Аляксандр Ляўчук сустрэўся таксама з работнікамі Зеляневіцкага сельвыканкама і яго старшынёй Вольгай Аўдзейчык. Абмяркоўваліся надзённыя пытанні жыцця на тэрыторыі сельсавета: забяспечанасць спецыялістамі ўстаноў і арганізацый, праблемы ўстанаўлення і пошуку нашчадкаў трухлявых дамоў, іх знос і ўвядзенне земляў у сельскагаспадарчы зварот, работа гандлёвых аб’ектаў, магчымасці для арганізацыі вольнага часу і адпачынку вяскоўцаў. Развіццё гэтай сферы, магчыма, будзе садзейнічаць замацаванню маладых работнікаў у сельскай мясцовасці, тым больш што пытанні забяспечанасці жыллём тут, у гэтай цудоўнай мясцовасці, вырашаюцца станоўча.
Дэпутат Аляксандр Ляўчук за час работы ў акрузе правёў прыём грамадзян і дзве тэлефонныя лініі. Шэраг пытанняў удалося вырашыць на месцы. Асобныя праблемы патрабуюць далейшага вывучэння і адпаведнага рэагавання ў рамках дзейнага заканадаўства, пра што заяўнікам будзе паведамляцца персанальна.
Таццяна Кашкан. Фота аўтара