Чэрвеньская рабочая паездка дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Леўчука па Пружанскай выбарчай акрузе №9 была прысвечана праблемам аграпрамысловага комплексу.
Падчас работы ў акрузе Аляксандр Георгіевіч наведаў пяць сельгаспрадпрыемстваў. З іх калектывамі дэпутат абмеркаваў галоўныя пытанні, што знаходзяцца на парадку дня ў аграрыяў. Асноўныя з іх — ход апошняй пасяўной кампаніі, арганізацыя работы ў вясенне-летні перыяд, нарыхтоўка кармоў, забеспячэнне работнікаў якасным харчаваннем, цэнаўтварэнне на сельгаспрадукцыю, закупка дэталяў і паліва, забеспячэнне максімальна камфортных умоў працы і іншыя.

На Пружаншчыне, у прыватнасці, дэпутат пабываў у ААТ «Радзіма», ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» і ААТ «Ліноўскае». Яму ўдалося не толькі абмеркаваць надзённае з кіраўніцтвам і спецыялістамі гаспадарак, але і пагаварыць з працаўнікамі іншых галін, жыхарамі шэрага аграгарадкоў і вёсак. Сустрэчы з аграрыямі праходзілі на іх рабочых месцах, каб не было доўгага адрыву ад вытворчасці. Яно і зразумела, у «гарачую пару» для іх кожная мінута на вагу золата.
Як адзначыў Аляксандр Георгіевіч, падчас размоў ён не сустрэў людзей абыякавых — усе перажываюць за агульную справу. А працаўнікоў сельскай гаспадаркі аб’ядноўвае жаданне сабраць высокі ўраджай, нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў, каб атрымаць добрыя надоі і прывагі — усё гэта заклад эканамічнай бяспекі не толькі галіны і гаспадаркі, але і іх сем’яў.
Акрамя таго, з шэрагам службовых асоб А.Г.Ляўчук абмеркаваў пытанні, якія выбаршчыкі ўздымалі ў асабістых зваротах. У прыватнасці, застаюцца актуальнымі пытанні працаўладкавання па спецыяльнасці, атрымання сямейнага капіталу для шматдзетных сем’яў, пенсіённага забеспячэння, афармлення зямельных участкаў, бяспекі людзей і захаванасці асабістай маёмасці грамадзян, а таксама кадравае забеспячэнне ў сельскай гаспадарцы і ў сістэме МУС.
Дзень прыезду ў акругу супаў са святкаваннем Міжнароднага дня абароны дзяцей. Аляксандр Ляўчук не пакінуў без увагі гэтую дату і наведаў тры шматдзетныя сям’і, дзецям з якіх уручыў салодкія падарункі.
Марына Вакульская