Среда, 12 ноября 2025

Дэпутат Аляксандр Ляўчук правёў выяздны прыём ў Хараўскім сельвыканкаме

376

На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ляўчук працаваў на тэрыторыі Пружанскай выбарчай акругі №9.

Ён правёў планавы прыём грамадзян на тэрыторыі Хараўскога сельсавета. Са сваімі пытаннямі да народнага абранніка звярнуліся дзевяць чалавек.

Адным з пытанняў, якія хвалявалі заяўнікаў, быў стан вуліц Леніна і Ціхая ў аграгарадку Харава, дзе патрабуецца падсыпка і грэйдзіраванне. Узнімалася і пытанне аб неабходнасці ямачнага рамонту асфальтавага пакрыцця на дарогах Харава-Скорцы і Харава-Вашчынічы. Як патлумачыў начальнік ДРБУ №140 А.В.Субота, падсыпка і грэйдзіраванне будуць праведзены ў бліжэйшыя тэрміны, а з ямачным рамонтам узнікае затрымка з-за адсутнасці неабходных матэрыялаў. Аляксандру Васільевічу быў адрасаваны і зварот старшыні Хараўскога сельвыканкама Алены Пстыга аб неабходнасці падразання дрэў па вуліцы ў вёсцы Хвалявічы, бо яны замінаюць руху аўталаўкі. Усе гэтыя пытанні ўзяты на кантроль і дэпутатам, і адказным кіраўніком.

На прыём да дэпутата прыехала і пяцёра жыхароў аграгарадка Белавусаўшчына (Пружанскі сельсавет), якіх непакоіць далейшы лёс некалі такой прывабнай вёскі. Узнятыя заяўнікамі пытанні патрабуюць вывучэння і рэагавання ў рамках дзеючага заканадаўства.

Былі тэлефанаванні і ад гараджан, якія тычыліся работы Пружанскага КУВП «Камунальнік». Па-ранейшаму застаюцца актуальнымі пытанні скошвання травы і падрэзкі дрэў на прыдамавой тэрыторыі (вул.Кобрынская, 69) і добраўпарадкавання пасля правядзення каналізацыі ў завулку Шаўчэнкі. Стараста аг.Харава А.М.Юзяфовіч узняў грамадска важнае пытанне аб вывазе спілаваных дрэў з мясцовых могілак. Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас размовы з дырэктарам КУВП «Камунальнік» Сяргеем Бабруком. Некаторыя з іх, па словах Сяргея Васільевіча, будуць вырашаны ў бліжэйшы час. А вось вываз дрэў будзе ажыццяўляцца толькі ў верасні. Прычына такой затрымкі аргументавана тым, што значныя сілы камунальных службаў накіраваны на падрыхтоўку да ацяпляльнага сезону.

Аляксандр Ляўчук сустрэўся і са старшынёй Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Міхаілам Грышкевічам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся не толькі пытанні, якія былі ўзняты жыхарамі Пружанскага раёна, але і іншыя, актуальныя ў гэты час для людзей.

Таццяна Кашкан, памочнік дэпутата