На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ляўчук працаваў на тэрыторыі сваёй выбарчай акругі.
На базе Шарашэўскага сельвыканкама быў арганізаваны прыём грамадзян, падчас якога да дэпутата звярнуліся выбаршчыкі як з асабістымі, так і з грамадска значнымі пытаннямі. Дзеля актывізацыі работы па вырашэнні зваротаў грамадзян на прыём была запрошана в.а. старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святлана Амельянец.
Старшыню пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Шарашэўскага сельвыканкама Раісу Бульчук непакоіла пытанне аднаўлення работы магазіна ў вёсцы Белы Лясок. Праблема ўжо неаднаразова ўздымалася перад службовымі асобамі, аднак дагэтуль застаецца нявырашанай.

Адно з важных пытанняў, якое ўзняў выбаршчык Мікалай Дземянцей, — стан навакольнага асяроддзя і экалогія. Мужчына агучыў слушную прапанову аб павышэнні адказнасці землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў за парадак на тым кавалку зямлі, які знаходзіцца ў зоне яго адказнасці. Абмяркоўвалася і прапанова аб неабходнасці ўстанаўлення і прыцягнення да адказнасці асоб, якія непасрэдна забруджваюць навакольнае асяроддзе, вывозяць бытавыя і будаўнічыя адходы ў лясы, на дарогі і палі. У гэтым сэнсе надзея на супрацоўнікаў аховы правапарадку і на супрацоўнікаў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, бо менавіта яны надзелены адпаведнымі правамі і паўнамоцтвамі. Як зазначыў народны абраннік, рэдка які прыём абыходзіцца без уздыманя падобнага пытання. Але калі сельгаспрадпрыемствы пачнуць прыбіраць смецце за кожным нядобрасумленным грамадзянінам, то хто будзе сеяць і ўбіраць хлеб?
Таксама Мікалай Дземянцей унёс прапанову аб усталяванні памятных знакаў на месцах спаленых і неадноўленых вёсак.
Са старастай вёсак Пацынічы і Манцы Валянцінай Шанта абмяркоўвалася пытанне жыццезабеспячэння жыхароў аддаленых вёсак. Сапраўды, у гэтых населеных пунктах пражывае вельмі мала жыхароў: 24 і 3 чалавекі адпаведна. У пераважнай большасці гэта пажылыя людзі, якім патрэбны клопат, павага і падтрымка. Добра, калі пра іх не забываюць родныя і блізкія, але часам клапоцяцца пра пажылое насельніцтва толькі ўлада, стараста, добрыя людзі…
Узнікаюць самыя розныя праблемы: стан дарог, праезд праз вёску энерганасычанай тэхнікі, міграцыя дзікіх жывёл паблізу агародаў жыхароў, аддаленасць месца выпасу хатніх жывёл ад падворкаў уладальнікаў (г.п.Шарашэва) і іншыя.
Падчас прыёму і сустрэч з жыхарамі абмяркоўваліся і пытанні перадачы асабістых участкаў для далейшай апрацоўкі сельгаспрадпрыемствамі, замацаванне маладых кадраў у пасёлку, рэзкае змяншэнне колькасці жыхароў у сельскай мясцовасці, выкошванне травы на могілках…

У сваім шчыльным рабочым графіку дэпутат А.Ляўчук знайшоў час, каб наведаць Шарашоўскую СШ. Дырэктар школы Павел Пракаповіч і намеснік Вольга Рабчук азнаёмілі Аляксандра Георгіевіча з установай, з асаблівасцямі арганізацыі навучальнага працэсу ў дадзены момант, з новаўвядзеннямі ў бягучым годзе. Зараз у школе навучаецца 210 вучняў, працэс жыццядзейнасці ўстановы забяспечвае 57 работнікаў, уведзена пасада ваенрука. Дэпутат наведаў школьны музей, азнаёміўся з экспанатамі, пацікавіўся магчымасцю арганізацыі выхаваўчай работы непасрэдна ў музеі.
Таксама Аляксандр Ляўчук наведаў ААТ “Аранчыцкая птушкафабрыка” і разам з кіраўніцтвам акцыянернага таварыства шукаў шляхі вырашэння пытанняў, якія ўзніклі падчас прыёму грамадзян. Пабываў на іншых аб’ектах сацыяльнай сферы.
Тыдзень работы ў нашым рэгіёне ўзняў шэраг асабістых праблем грамадзян, над вырашэннем якіх дэпутату А.Г.Леўчуку неабходна будзе працаваць у бліжэйшы час. Хаця работа над вырашэннем некаторых з іх пасля абмеркавання са старшынёй Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісуном пачалася ўжо зараз.
Таццяна Кашкан, памочнік дэпутата