Цэны. Тое, пра што найчасцей гавораць людзі. Тое, што, без перабольшвання, хвалюе кожнага.
На асаблівым кантролі пытанні цэнаўтварэння і ў Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з новай пастановай, прадугледжваецца іншы падыход да цэн — кантроль за размеркаваннем дабаўленай вартасці па ўсіх ланцужках пастаўкі тавараў. Ці справядліва фарміруюцца цэны? За гэтым сочаць у тым ліку народныя абраннікі.

На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Аляксандр Ляўчук пабываў у Пружанах у магазіне «Універсам» і шэрагу сельскіх магазінаў раёна.
Гандлёвы аб’ект у горадзе быў абраны невыпадкова: сёння гэта адзін з самых буйных і запатрабаваных магазінаў. Па словах намесніка старшыні Пружанскага райспажыўтаварыства Ларысы Жуковіч, ва «Універсаме» прадстаўлена каля 5 тысяч найменняў тавараў. У шырокім асартысменце — мясная і малочная прадукцыя. Пры гэтым стараюцца ўлічваць інтарэсы пакупніка і робяць стаўку на айчынных вытворцаў. Так, каўбасныя вырабы закупляюць у Брэсцкага мясакамбіната. На вітрыне з малочнымі вырабамі — прадукцыя пружанскага, кобрынскага, брэсцкага, гродзенскага і нават сталічных заводаў.
— З адказнасцю магу сказаць, што пратэрмінаваны тавар ва «Універсаме» вы не сустрэнеце. Сама рэгулярна набываю тут прадукты. Нараканняў ад пакупнікоў у сувязі з ростам цэн і недахопам тавараў не паступала. Увогуле, у складзе райспажыўтаварыства 83 гандлёвыя прадпрыемствы і 7 аўтамагазінаў. Ва ўсіх іх адбылася пераацэнка тавараў згодна з новай пастановай, таму нашы наведвальнікі могуць быць спакойнымі, — кажа Ларыса Мікалаеўна.

А што кажуць самі пакупнікі? Большасць з тых, з кім размаўляў дэпутат, цэнамі і асартыментным пералікам задаволены. Праўда, былі некаторыя нараканні на рыбную прадукцыю. Маўляў, дарагавата. Дэпутат звярнуў увагу прадаўцоў, што малако, сыры мясцовай «малочкі», як і прадукцыю «Пружанскага слоіка», іншыя тавары, зробленыя ў вобласці, трэба размяшчаць на самым бачным месцы.

Хапае ў магазіне і хлебабулачных вырабаў, у тым ліку кандытарскіх. Але Аляксандр Іосіфавіч з Пружан кажа, што зараз часцей за ўсё аддае перавагу кобрынскаму хлебу. Ва «Універсам» ідзе па шакалад і капусту, бульбу купілі на кірмашы, часнок ёсць свой. «Люблю гэты магазін. Тут усё можна купіць. Раней былі часы, калі грошы ёсць, а купіць не было чаго. А зараз, дзякуй Богу, усяго хапае», — зазначае пенсіянер.

Каля халадзільніка з селядцом заўважаем Кацярыну Іванаўну з Лінова-2. Жанчына прыехала ў Пружаны да ўрача і не прамінула магчымасці наведаць «Універсам».
— У Пружанах бываю раз на тыдзень і заўсёды заходжу сюды па селядзец. Вы паглядзіце: даволі вялікая баначка, а каштуе ўсяго 5 рублёў! Таксама наведваю «Універмаг», падабаецца «Світанак». Цэны даступныя. У мяне свой агарод, трымаю курачак. Прадуктаў хапае, а што да кошту, то для мяне ён прымальны як у Пружанах, так і ў Лінове, — разважае жанчына.
Поўныя паліцы і прымальныя цэны назіраў дэпутат і ў сельскіх магазінах. Увогуле, цэнамі Аляксандр Ляўчук застаўся задаволены.

— Прыемна, што гандлёвыя аб’екты аператыўна зрэагавалі на пастанову Саўміна №713 і пераацанілі тавары. Кошт некаторых нават знізіўся. У гандлёвай сетцы Пружаншчыны добры асартымент, ёсць што выбраць, — падсумаваў дэпутат.
Па яго словах, падчас «прамой лініі», якую Аляксандр Ляўчук правёў у гэты ж дзень, паступіла 9 тэлефанаванняў. Яшчэ тры чалавекі прыйшлі на асабісты прыём. Людзей цікавілі пытанні добраўпарадкавання і рамонту дарог. Але пыталіся жыхары раёна і пра магчымасць здачы лішкаў бульбы. Як патлумачыла Ларыса Жуковіч, іх прымае райспажыўтаварыства па 50 кап./кг. Звяртацца трэба на «гарачую лінію» па нумары 4-10-81. Што да кантролю за цэнамі, то гэтую практыку абавязкова будуць працягваць.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара