Понедельник, 2 декабря 2024

День снега в Пружанах отметили лыжной гонкой

1 062

Шматлюдна было ў мінулую суботу на гарадскім стадыёне ў Пружанах. Тут праходзіла раённая спартакіяда па лыжных гонках сярод вучнёўскай моладзі, прысвечаная сусветнаму Дню снегу.
Нават само надвор’е спрыяла ў гэты дзень лыжнікам: ноччу выпаў свежы снег, а з раніцы скрозь аблокі раз-пораз выглядвала сонца.
На старт выйшла каля 140 чалавек з 19 каманд. Былі прадстаўлены школы горада і раёна, а таксама аграрна-тэхнічны каледж. Дзяўчаты павінны былі пераадолець дыстанцыю ў 2 кіламетры, а юнакі — на кіламетр болей.


У кожнага ўдзельніка спаборніцтваў былі свае лыжы. У адных больш сучасныя і хуткасныя, у іншых старога ўзору і больш павольныя. Не ўсе ўдзельнікі дабраліся да фінішу — некалькі чалавек па розных прычынах вымушаны былі сысці з дыстанцыі.


Пасля спаборніцтваў судзейская калегія падвяла вынікі. Сярод дзяўчат першае месца заняла Дыяна Вакульская з вынікам 12,38 мінут (Мокраўскі ВПК дзіцячы сад-СШ). Другі вынік (12,53 мінут) паказала Анастасія Карпеш (Кляпацкая СШ). Тройку прызёраў замкнула Ганна Бугаян (13,13 мінут) з аграрна-тэхнічнага каледжа.


Сярод юнакоў увесь п’едэстал гонару дастаўся навучэнцам аграрна-тэхнічнага каледжа. Перамог Уладзіслаў Гушча з вынікам 10,25 мінут. Ягор Барташ пераадолеў дыстанцыю за 11,18 мінут і заняў другое месца. Трэцім быў Яўген Шарко з вынікам 12,01 мінут.
У агульнакамандным заліку перамогу святкавалі навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа. Прызёрамі спартакіяды сталі таксама вучні СШ №4 і Мокраўскага ВПК дзіцячы сад-СШ, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
Лепшыя лыжнікі атрымалі грашовыя прэміі і граматы. Каманда-пераможца ўзнагароджана кубкам, а прызёры — граматамі.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).