Святкаванне на Брэстчыне першай гадавіны Дня народнага адзінства прайшло ў Пінску. Старажытная сталіца Палесся была выбрана нездарма: яна якраз адзначала сваё 925-годдзе. І такое сумяшчэнне дзвюх галоўных падзей мае сапраўды знакавы сэнс. Толькі дзякуючы згуртаванасці народа амаль тысячу гадоў на берагах Піны прастаяў прыгожы горад. І толькі дзякуючы захаванню адзінства ён расце і развіваецца зараз.
У чым увачавідкі пераканалася пружанская дэлегацыя, якая наведала ў мінулую суботу святочныя мерапрыемствы. Спачатку гасцей сустракалі прадстаўнікі вядомага не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі канцэрна «Пінскдрэў». Кампанія ў бягучым годзе, як расказаў яе генеральны дырэктар Аляксандр Суднік, сутыкнулася з немалымі складанасцямі з-за санкцый.
Незразумелымі палітычнымі рашэннямі былі абарваны заходнія партнёрскія сувязі, маркетынгавай службе давялося пракладваць новыя лагістычныя маршруты. Але калі напачатку 2022-га перспектыў у прадпрыемства яшчэ, здавалася, не было, то сёння пінская мэбля зноў пачала заваёўваць рынкі і атрымліваць станоўчыя водгукі ад пакупнікоў у Расіі, Казахстане, Кітаі і іншых, цяпер ужо ўсходніх, партнёраў.
Прыклад «Пінскдрэва» можна назваць дзяржаўным, бо такую сітуацыю перажывала ўся наша рэспубліка. Пра што падчас афіцыйнага святочнага мерапрыемства зазначыў старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка.
— Калі мы разам, то ніякім праблемам нас не адолець,— адзначыў Юрый Вітольдавіч. — Таму, лічу, можна смела па важнасці Дзень народнага адзінства параўноўваць з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Сапраўды, у нашай вобласці мірна жывуць і працуюць прадстаўнікі 110 нацыянальнасцей. І рэкорды, пастаўленыя падчас жніва, узвядзенне новых жылых дамоў, работа прамысловых прадпрыемстваў сведчаць, што мы і не збіраемся падзяляцца па якіх-небудзь надуманых прыкметах. Пацвярджэнне гэтаму можна было ўбачыць на пінскіх вуліцах: цэнтр горада быў аддадзены выставам народнай творчасці, рамеснікам, дэманстрацыі дасягненняў брэсцкіх прадпрыемстваў.
— Мы — гаспадары на гэтай зямлі, мы — грамадзяне адзінай краіны,— такімі словамі закончыў сваё выступленне губернатар Брэстчыны.
Пасля гэтага былі падведзены своеасаблівыя вынікі праводзімага сёлета на тэрыторыі вобласці эксперымента па захаванні гістарычнай спадчыны. У ім прыняў удзел і Пружанскі раён. У фотаальбом аўтарам Уладзімірам Ліхадзедавым былі сабраны ўнікальныя здымкі канца 19 — пачатку 20 стагоддзя, якія дазваляюць скласці ўяўленне пра ключавыя падзеі рэгіёна, пра яго жыхароў, населеныя пункты. Атрымалася кніга «Пружаны. Падарожжа ў мінулае», якую з рук Юрыя Шулейкі прыняў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Мяркуецца, што гэты зборнік не стане музейным экспанатам, а будзе даступны ўсім, хто цікавіцца спадчынай роднага краю, і падрастаючаму пакаленню.
Далейшае святкаванне было не менш урачыстым і ўражальным. Розныя нумары ў гістарычным афармленні з адпаведным кантэкстам не пакідалі аўдыторыю раўнадушнай. А фінальны салют увогуле пакінуў самыя яркія ўспаміны.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара