Дзень беларускага пісьменства, гасцей якога прымала Іванава ў мінулыя выхадныя, бясспрэчна, пакінуў пасля сябе добры след. І не толькі ў адноўленай інфраструктуры горада, але, безумоўна, і ў памяці людзей.
Сталіца сёлетняга культурнага форуму атрымала значныя падарункі да свята. У Іванаве быў рэканструяваны гарадскі парк, адкрыты кнігарня “Верасень” і памятны знак “Янава слова” — сонечны гадзіннік, упрыгожаны пяром як сімвалам пісьменства. Абноўленым сустракаў гасцей чыгуначны вакзал, шматлікія будынкі і вуліцы. Як зазначалі самі мясцовыя жыхары, чаго толькі вартая мясцовая “пешаходка”!
Аднак сапраўдных аматараў мастацкага слова радзіма мастака, паэта і музыканта Напалеона Орды, а таксама першага Прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана ўразіла шматлікімі мерапрыемствамі, прысвечанымі літаратуры. У першы дзень свята, 1 верасня, для беларускіх і замежных літаратараў быў праведзены міжнародны круглы стол, прайшоў фестываль кнігі і прэсы. На фестывалі былі прадстаўлены лепшыя выданні мастацкай і вучэбнай кнігі, кнігі для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычная літаратура, экспазіцыя перыядычных выданняў. Працаваў “Друкарскі двор ХVІ стагоддзя”, была наладжана прэзентацыя выставачнага праекта, прымеркаванага да 110-годдзя выхаду першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы, наведвальнікаў прымала выстава да 400-годдзя першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар”. Адметна, што яшчэ ў адной выставе — абласных і раённых СМІ — прыняла ўдзел і наша “раёнка”. Альбомы з падборкай “Раённых будняў” таксама выклікалі інтарэс гасцей свята.
Асноўныя мерапрыемствы, якія прадоўжыліся ў нядзелю, пачаліся з адкрыцця памятнага знака, прысвечанага ХХV юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч пажадаў удзельнікам свята высокай павагі да слова, да беларускай культуры і асветніцтва. Урачыстае шэсце, прымеркаванае да гэтай даты і 595-годдзя горада Іванава, у якім прыняла ўдзел і дэлегацыя з Пружанскага раёна на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўцом, рушыла да галоўнай сцэнічнай пляцоўкі.
Там і адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. Удзел у ім прыняў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, які зачытаў віншаванне Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі гасцям і ўдзельнікам свята.
— Гэтае свята — знакавая падзея ў культурным жыцці краіны, сведчанне красы і сілы беларускай мовы, духоўных традыцый нашага народа. Зберагаючы спадчыну, сённяшняе пакаленне беларусаў сваёй плённай стваральнай працай будзе ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць Радзімы, — гаварылася ў віншаванні.
Прывітальны адрас прысутным на свяце даслаў і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які зачытаў епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін. У ім адзначалася знакавасць падзеі, гаварылася аб красамоўнасці роднай мовы, якая разам з нацыянальнай культурай складае каштоўную спадчыну беларускага народа. У сваю чаргу, старшыня аблвыканкама А.В.Ліс назваў Дзень беларускага пісьменства святам усёй краіны і падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за магчымасць правесці яго ў нашай вобласці.
—У нас жывуць не толькі надзвычай таленавітыя людзі, — адзначыў Анатоль Васільевіч Ліс, — але і нястомныя працаўнікі, якімі сапраўды можна ганарыцца. І пацверджанне таму — сёлетні ўраджай, які мы сабралі на Брэстчыне.
А неўзабаве тыя творцы, кім сапраўды можна ганарыцца, прынялі ўдзел у літаратурна-мастацкай дзеі на галоўнай сцэне свята. Для гледачоў спявалі і танцавалі лепшыя артысты вобласці і рэспублікі, радавалі сваім выступленнем славутыя купалаўцы. А затым сваё імгненне славы атрымалі пераможцы “Нацыянальнай літаратурнай прэміі” — за творы, напісаныя ў 2017 годзе. Сярод іх, Казімір Камейша за зборнік вершаў, Васіль Шырко за кнігу прозы, Зінаіда Дудзюк за кнігу публіцыстыкі. Гэта аўтары найлепшых твораў, якія экспертнай камісіі давялося выбіраць са звыш пяцідзесяці работ прадстаўленых на конкурс. Хаця калі лічыць, што пісьменнікі застаюцца ў гісторыі сваімі непаўторнымі творамі, то слава ўзнагароджаных на свяце творцаў, вядома ж, будзе жыць доўга.
—Чытайце тое лепшае, што ёсць у нас, — раіў на развітанне міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. І, мяркуючы па літаратурных навінках, “тое лепшае” шырока было прадстаўлена на Дні пісьменства.
Тым жа гасцям свята, хто жадаў задаволіць не толькі літаратурны голад, прапанавалася прыняць удзел у свяце-фэсце беларускай кухні і беларускай прадукцыі.
А аматары відовішчаў сустракаліся на продажы сувеніраў, майстар-класах па традыцыйных рамёствах, на спартыўных спаборніцтвах і канцэрце. Людзей дапазна радаваў гасцінны горад Іванава, які эстафету правядзення наступнага Дня беларускага пісьменства перадаў Слоніму. Сустрэнемся там?
Галіна Каляда, фота Сяргея Талашкевіча.
Больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_256252170