Пятница, 17 января 2025

Даяркам фермы «Хіцёўшчына» ААТ «Пружанскае» Святлане Малецкай і Таццяне Якімавец сёлета споўнілася 50!

1 111

Не ведаю, як увесь свет, але вось ферма «Хіцёўшчына» ААТ «Пружанскае» дакладна трымаецца не на трох кітах, а на жаночых плячах.

У ліку даярак на МТФ толькі жанчыны. Ды яшчэ якія! Статак кароў — больш за сотню галоў — даглядаюць адказна, малако ад «буронак» атрымліваюць вельмі добрай якасці. Даяркам Святлане Малецкай і Таццяне Якімавец, якія жывуць у в.Галасяціна, сёлета споўнілася па 50 гадоў. Палову з іх яны прысвяцілі рабоце ў сельскай гаспадарцы.

— Гэта нялёгкая сфера дзейнасці. Аднак цяжкасцей мы не баімся, паколькі прывучаны да працы з дзяцінства, — кажуць жанчыны, з якімі мы сустрэліся адразу пасля ранішняй дойкі.

Не заходзячы ў хату, юбіляркі, якія жывуць па суседстве адна з адной, адразу пабеглі ўпраўляць падсобныя гаспадаркі: свінні, куры, сабакі — усё жывое хоча есці. На хатнія клопаты ва ўвішных гаспадынь ёсць толькі некалькі гадзін: пасля абеду зноў дойка. Але, нягледзячы на загружанасць, некалькі мінут журналістам «раёнкі» стомленыя даяркі ўсё ж выдзелілі. Нават сфатаграфавацца пагадзіліся.

Мы паспелі даведацца, што Святлана Малецкая родам са Шчарчова, вырасла ў вялікай сям’і, дзе акрамя яе выхоўвалася яшчэ шасцёра дзяцей. Па заканчэнні школы вучылася ў Кобрынскім ПТВ №153 тэкстыльшчыкаў (цяпер — прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання) і некаторы час працавала на прадзільна-ткацкай фабрыцы. Па шчаслівых сямейных абставінах вярнулася дадому і вось ужо больш за 20 гадоў шчыруе на ферме, муж побач з ёй — трактарыстам.

— Вядома, усяго было за гэты час: і на пашы каровак даілі, і гной зграбалі, і мяхі з камбікормам на плячах цягалі. Але неяк спраўляліся. З мужам вырасцілі траіх сыноў. Усе яны атрымалі рабочыя спецыяльнасці і ўладкаваліся ў жыцці. Хіба гэта не нагода для радасці? — задае рытарычнае пытанне Святлана Сцяпанаўна.

Ёсць чым пахваліцца і Таццяне Якімавец, якая больш за 30 гадоў таму прыехала на радзіму маці ажно з Архангельскай вобласці.

— У бацькоў было пяцёра дзяцей, таму цяжкасцямі мяне не спалохаеш, — сцвярджае Таццяна Леанідаўна, якая па вяртанні на Пружаншчыну паспела папрацаваць прадаўцом. У 1995 годзе ўладкавалася даяркай у калгас імя Кірава, так усе гэтыя гады на ферме і працуе. Выгадавала сына з дачкой, якія сёння жывуць у Брэсце.

— Наўрад ці дзеці вернуцца ў вёску. А нам са Светай і ў Галасяціне добра. Нехта ж павінен на ферме працаваць! Кароўкі не прабачаць «прастою», — жанчыны машуць рукамі на развітанне і бягуць да хлявоў і куратнікаў, адкуль раздаюцца бадзёрае «хру» і «ку-ка-рэ-ку»…

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік