Як сведчыць статыстыка прыродаахоўнай службы раёна за мінулыя гады, для Пружаншчыны падобная з’ява нячастая. Аднак такія выпадкі ўсё-такі здараюцца, і неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб іх пазбегнуць.
Што такое заморы, і чым яны небяспечны?
З надыходам устойлівых маразоў на некаторых вадаёмах і рэках могуць назірацца так званыя заморныя з’явы, якія суправаджаюцца гібеллю рыбы. Яны выкліканы недахопам або адсутнасцю кіслароду ў вадзе, калі яе паверхня пакрыта тоўстым слоем лёду. Часцей за ўсё гэта адбываецца на неглыбокіх, заглееных, моцна зарослых участках.

Але ж заморы ў нашым раёне — нячасная з‘ява. Падобная пагроза ўзнікае толькі тады, калі пасля моцных маразоў рэзка прыходзіць адліга, а з ёй крытычна скарачаецца ўтрыманне кіслароду ў вадзе. Адпаведна з нормамі, у вадзе павінна ўтрымлівацца 4-7 мг/л кіслароду. Калі яго колькасць зніжаецца да 1-2 мг/л, рыба гіне. Найбольш адчувальныя да недахопу кіслароду акунь, шчупак, плотка, лешч, язь, менш — карась і карп.
Самы распаўсюджаны спосаб барацьбы з негатыўнай сітуацыяй прадугледжвае стварэнне шматлікіх лунак. Таму пасільную дапамогу ў папярэджанні замораў аказваюць рыбакі. Дарэчы, вопытны рыбак падчас падлёднай рыбалкі адразу заўважыць прыкметы хуткага надыходу замораў. Калі ў толькі што зробленай лунцы з’яўляюцца жукі-плывунцы, то кіслароду ў вадзе недастаткова.
Аднак прасвідраваць лёд мала. Пасля таго, як на гэтым месцы была скончана лоўля, варта прыняць намаганні для памяншэння хуткасці замярзання: звычайна ў лункі закладваюць чарот. Гэтая расліна, якой нямала па берагах нашых вадаёмаў, становіцца правадніком кіслароду нават праз лёд. Нагадаем, што рыбакам варта памятаць: выхад на лёд дапускаецца пры мінімальнай таўшчыні яго 7 сантыметраў. А рабіць лункі рэкамендуецца на адлегласці не бліжэй чатырох метраў адна ад адной.
Зразумела, што пры заморах спадзявацца толькі на дапамогу рыбакоў нерацыянальна. Мы звярнуліся да розных службаў і арганізацый нашага раёна, якія адказваюць за стан вадаёмаў. Так, за гарадской сажалкай сочыць камунальная служба.
Як расказвае начальнік участка «Добраўпарадкаванне» Сяргей Грыбоўскі, як толькі на вадаёмах з’яўляецца першы лёд, ствараецца спецыяльная брыгада, якая і павінна змагацца з заморнымі з’явамі.
— Звычайна рызыка замораў узнікае тады, калі пры таўшчыні лёду не менш як у 15 сантыметраў пачынаецца рэзкая адліга,— тлумачыць Сяргей Барысавіч.— Напрыклад, мінулай зімой намаганні па ліквідацыі пагрозы прымаліся на працягу ўсяго лютага.

Работнікі супрацьзаморнай брыгады ўзбройваюцца бензапіламі для вырэзвання лёду. Памеры ствараемай лункі складаюць паўтара на паўтара метра. Для гарадскога вадасховішча патрэбна каля дзясятка падобных лунак, каб насыціць ваду кіслародам. Тыя, хто выходзіў мінулай зімой на лёд, бачылі тут кучкі чароту. Як зазначае начальнік участка, зробленыя «вокны» таксама адразу закладаюцца зрэзанымі сухімі раслінамі як з намерам паменшыць хуткасць замярзання, так і дзеля рыбакоў, каб яны бачылі небяспечнае месца.
Такія ж меры прымаюць камунальшчыкі на басейне па вул. Савецкай, а яшчэ на вадаёмах па вуліцах Горка і Вінаградава.
Па словах галоўнага паляўнічага раённай арганізацыі «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Дзмітрыя Пракопчыка, з надыходам маразоў праводзіцца рэгулярны маніторынг тых вадаёмаў раёна, якія знаходзяцца на ўгоддзях гэтай грамадскай суполкі.
— Інфармацыя паступае ад рыбакоў, якія маюць магчымасць свабодна карыстацца нашымі воднымі аб’ектамі,— зазначае Дзмітрый Вячаслававіч. — Трэба сказаць, што за апошнія пяць гадоў ніякіх пагроз намі не было зафіксавана.
Спецыяліст тлумачыць гэта тым, што на шэрагу вадаёмаў ёсць свае прытокі — вонкавыя ці падводныя. Напрыклад, вялікае возера Паперня забяспечваецца кіслародам праз рэчку Зяльвянку. Падводныя крыніцы сілкуюць Рудніцкае возера. Таму там дастаткова зрабіць некалькі лунак, куды закладваюць чарот.
Але ў крытычных сітуацыях такі спосаб не заўсёды сябе апраўдвае. Як зазначае галоўны паляўнічы, лепш за ўсё ў лункі засыпаць вапну, якая зніжае кіслотнасць вады і павялічвае хуткасць выдзялення кіслароду.
Падобныя меры рэгулярна даводзіцца прымаць калегам з Кобрынскага раёна. Да такіх пагроз падрыхтавалася і пружанская арганізацыя. Цяпер праводзіцца амаль штодзённы збор інфармацыі адносна сітуацыі на вадаёмах раёна.
— Небяспека замораў яшчэ ў тым, што іх наступствы праяўляюцца не толькі зімой, але пазней. Зніжаецца прадуктыўнасць вадаёмаў, у дадатак загінулая рыба пачынае гніць, што негатыўна адбіваецца на падводнай флоры і фаўне. І такое парушэнне прыроднага балансу можа назірацца на працягу некалькіх гадоў, пакуль вадаём не адновіцца.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
