Понедельник, 21 апреля 2025

Давай падумаем, ці атрымаецца?

379

Assortment of fresh fruits and vegetables

Да любой справы патрэбна падыходзіць з розумам, узважыўшы ўсе за і супраць. Напрыклад, адно — мець свой невялікі агарод і з задавальненнем саджаць там агуркі, памідоры, і зусім іншае — адважыцца на адкрыццё сялянскай (фермерскай) гаспадаркі з гектарамі зямлі і штодзённай працай дзеля прыбытку.

Але, як паказвае практыка, знаходзяцца сярод нас людзі, якія не на словах любяць сялянскую працу, а сапраўды аддаюць цалкам сябе рабоце ў полі, гадоўлі жывёлы, догляду садовых дрэў. Бачаць у гэтым сэнс жыцця, некаторыя нават з горада пераязджаюць у вёску і не думаюць вяртацца назад.

Ці можа пахваліцца наш раён такімі заўзятымі вясковымі працаўнікамі? Па стане на пачатак бягучага года на Пружаншчыне налічваецца 35 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак (далей СФГ). На 1 студзеня 2025 года агульная зямельная плошча гаспадарак склала 1479,199 га, у тым ліку сельскагаспадарчых угоддзяў — 1257,19 га, з іх раллі — 872,58 га, пад садамі — 97,6 га. Гаспадаркі ў асноўным спецыялізуюцца на раслінаводстве (вытворчасць збожжавых культур, бульбы, агародніны, пладоў і ягад).

Удзельная вага СФГ у агульным аб’ёме вытворчасці валавой сельскагаспадарчай прадукцыі Пружанскага раёна ў 2024 годзе склала 0,8%.

Калі ж усё-такі надумалі адкрыць сваю справу, то далей, па сутнасці, нічога складанага няма. Выбірайце, калі ласка, напрамак, у якім будзеце рухацца, — разводзіць пчол, птушак, рыбу, жывёлу ці займацца раслінаводствам. Пасля ўзгаднення назвы фермерскай гаспадаркі патрэбна вызначыцца з яе месцазнаходжаннем. Абавязкова прыняцце рашэння аб стварэнні СФГ, сюды ўключаецца і бізнес-план. Не прапускаем зацвярджэнне статуту і фарміраванне статутнага фонду. І пасля дзяржаўнай рэгістрацыі атрымліваем зямельны ўчастак.

Гэта ўсё добра, але, як паказвае практыка, не ўсім хапае цярпення і ўпартасці, каб дамагчыся рэзультату, а іншыя, наадварот, з цягам часу паказваюць зайздросны вынік, да іх едуць за парадамі па развіцці СФГ. Таму, каб потым не шкадаваць аб зробленым кроку ў напрамку сельскай гаспадаркі, давайце разам разгледзім усе плюсы і мінусы працы на зямлі.

Што прыцягальнага можам назваць? А чыстае паветра? Гэта ж вам сельская мясцовасць. А на прыродзе і працуецца лепш, і карысна для здароўя. У апошні час вельмі запатрабаванымі сталі экалагічна чыстыя прадукты, вырашчаныя ўласнаручна. Адзначым і магчымасць весці сямейны бізнес, усе могуць прымаць удзел у сумеснай справе, дапамагаць хаця б, павышаць дабрабыт свой і кожнага, не трэба шукаць пабочны заробак. Прыплюсуем і выбар розных накірункаў дзейнасці, да чаго толькі душа ляжыць. Ва многіх выпадках дзейнасць СФГ трапляе пад ільготныя ўмовы рэгістрацыі і падаткаабкладання. Канечне, вялікая падмога назіраецца і ад дзяржавы, пастаянна рэалізуюцца праграмы па падтрымцы аграрнага бізнесу, пры гэтым ідзе фінансаванне гаспадарак, шляхам прамога продажу па дагаворах можна набыць тэхніку ў заводаў-вытворцаў.

Адваротны бок медаля, на жаль, таксама прысутнічае. Пачнём з таго, што фермерская гаспадарка — капіталаёмкі від бізнесу, таму, калі няма “залатога запасу”, даволі небяспечна распачынаць сельскае жыццё. Даход адразу не атрымаецца, спачатку будуць толькі выдаткі, толькі праз год-паўтара можна будзе пакласці рубель у кішэню. Ніхто не адмяняў прыродных фактараў, якія могуць негатыўна паўплываць на ўсе вашы спадзяванні, — а гэта засуха або навальніцы, шкодныя насякомыя, хваробы жывёл. Пра адпачынак на Канарах таксама забудзьце, не таму, што грошай не хопіць, а нельга пакінуць без штодзённага нагляду тую ж жывёлу, расліны — без таго ж паліву. А ўпусціў момант — атрымай сур’ёзныя наступствы. Фермерскі бізнес падвержаны сезоннасці: узяць раслінаводства, то даходы будуць 1-2 месяцы за год, калі збіраецца ўраджай, таму трэба граматна распараджацца грашыма. І канкурэнцыя: бывае складана збыць сваю прадукцыю па выгаднай цане і даводзіцца здаваць яе оптам. Зразумела, прыбытак будзе ўжо зусім не такі, на які разлічвалі.

У нашым выпадку скажам так: і хочацца, і колецца. Дык па жыцці інакш і не бывае. Заўсёды ўсё трэба ўзважваць, пралічваць наперад, каб потым не канстатаваць факт: “Не пашанцавала”. А калі ўжо сто разоў узважылі, то міласці просім — і каровак з авечкамі разводзіць, і бульбу з капустай вырошчваць!

Фото из открытых источников

Вадзім Раўнейка