Да яго ўсе выбарчыя ўчасткі Пружанскага рэгіёна падрыхтаваліся своечасова. У гэтым карэспандэнты пераканаліся, калі наведалі Ружанскі-Ленінскі выбарчы ўчастак № 30.
Як расказала старшыня мясцовай камісіі Алена Жмырэня, насамрэч, работа пачалася значна раней. На працягу адпаведнага перыяду праводзіліся мерапрыемствы, звязаныя з фарміраваннем спісу выбаршчыкаў, перыядычна вырашаліся арганізацыйныя пытанні і звароты, якія паступалі ад жыхароў «зоны адказнасці» ўчастка. У прыватнасці, шэраг грамадзян звяртаўся адносна магчымасці галасавання не па месцы жыхарства, а таксама як быць, калі ў асноўны дзень галасавання запланавана абавязковая паездка. На ўсе пытанні былі дадзены грунтоўныя адказы, каб да пачатку датэрміновага галасавання людзі дакладна ведалі свае правы і абавязкі.
Па словах Алены Мікалаеўны, на тэрыторыі «зоны адказнасці» выбарчага ўчастка № 30 зарэгістравана 1490 выбаршчыкаў. З улікам такой колькасці электарату і вызначаецца зручнасць датэрміновага перыяду.
— Калі б такой магчымасці не было, то камісіі давялося б працаваць у асноўны дзень у сапраўдным рэжыме нон-стоп, — зазначае старшыня камісіі. — Лёгка падлічыць, што ў такім выпадку на кожнага наведвальніка мы маглі б патраціць не больш за 1 мінуту.
А так, як паказвае практыка арганізацыі папярэдніх выбараў, прыкладна трэць выбаршчыкаў прымае ўдзел у электаральнай кампаніі датэрмінова. Больш за тое, зручна і тым, хто жадае аддаць свой голас, але не мае такой магчымасці ў асноўны дзень.
Зараз гэта можна зрабіць ва ўсе дні — па суботу ўключна, у перыяд з 12 да 19 гадзін. Трэба адзначыць, што сёлета было вырашана скасаваць і абедзенны перапынак, таму што многім зручней наведаць участак менавіта ў час, калі такія перапынкі пачынаюцца на працоўных месцах, а не вечарам.
Падрыхтавалася камісія і да работы ў асноўны дзень. Частка членаў камісіі будзе дзяжурыць на выбарчым участку, які ў нядзелю 25 лютага будзе адкрыты для ўсіх наведвальнікаў з 8.00 да 20.00. А іншыя разам з апламбаванай урнай будуць наведваць тых, хто не можна па важкіх прычынах і па стане здароўя пакінуць дом. Спіс такіх грамадзян таксама сфарміраваны, і колькасць тых, каго павінны наведаць члены камісіі па месцы жыхарства, перавышае 130 чалавек. У любым выпадку, нягледзячы на надвор’е, кожны атрымае магчымасць аддаць свой голас, такім чынам прымаючы ўдзел у лёсавызначальнай кампаніі для нашай краіны.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік