Суббота, 15 февраля 2025

Дашкольная ўстанова павінна быць прадстаўлена ў інтэрнэце! Вопытам падзяліліся ў яслях-садзе №3

632

Хочаш даведацца штосьці пра ўстанову — зайдзі на яе сайт. Калі яшчэ гадоў 15 таму многія нават не разумелі значэнне гэтага паняцця, то цяпер сайт — сапраўдная візітоўка любой арганізацыі, якая працуе на стварэнне іміджу. Поўнасцю згодныя з гэтым работнікі ясляў-сада №3 г. Пружаны.

Задумвацца пра тое, што садок павінен быць прадстаўлены ў інтэрнэт-прасторы, тут пачалі прыкладна ў 2006-м. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Дзямчук, яна ж адміністратар сайта sad3.pruzhany.by, зараз не без усмешкі ўспамінае свае першыя крокі ў асваенні гэтай пляцоўкі.

— Стваралі, напаўнялі і фарміравалі сайт мы літаральна з нуля. Зразумела, што спачатку не ведалі, як правільна. Таму для будучых адміністратараў сайтаў былі арганізаваны спецыяльныя курсы, пасля якіх працаваць стала значна прасцей, — расказвае Ірына Аляксандраўна.

Работа па запаўненні сайта ў нечым нагадвае дзейнасць рэдакцыі. Інфармацыю для размяшчэння ў інтэрнэце збіраюць выхавацелі. Задача ж Ірыны Дзямчук — вычытаць, апрацаваць і размясціць. Як правіла, навіны з’яўляюцца на сайце напрыканцы кожнага тыдня, але з размяшчэннем тэрміновых і важных паведамленняў стараюцца не зацягваць.

Асаблівую ўвагу надаюць якасным фота. Улічваюць і тое, ці згодны мамы і таты на размяшчэнне здымкаў дзяцей у вэб-прасторы. Гэты момант абавязкова агаворваецца на першым бацькоўскім сходзе новага навучальнага года. Калі бацькі не супраць, яны падпісваюць адпаведную згоду.

На сайце адлюстравана ўся адукацыйная дзейнасць садка, а гэта шматлікія заняткі, конкурсы, экскурсіі. Ёсць і гасцявая кніга, дзе бацькі выхаванцаў задаюць пытанні і дзякуюць.

— Адбываецца гэта і пры асабістых размовах, — кажа загадчыца ясляў-сада Наталля Пашкевіч. — Сёння сайт паказвае тую ці іншую ўстанову, раскрывае яе работу, стварае прадстаўленне пра дзейнасць. Таму калі даведаліся пра дыстанцыйны конкурс афіцыйных сайтаў устаноў адукацыі з міжнародным удзелам, які праводзіў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, падумалі: а чаму б і не? Аказалася, што не памыліліся: сайт ясляў-сада №3 г. Пружаны стаў лаўрэатам конкурсу ў намінацыі «Лепшы сайт дашкольнай установы».

Але ж не сайтам адзіным займаюцца ў садку. Справа ў тым, што дырэктар установы з’яўляецца адміністратарам Telegram-канала «Дошкольный мир Пружанщины». Гэтая пляцоўка — распрацоўка адзела па адукацыі. Наталля Уладзіміраўна расказвае, што такім чынам стараюцца паказваць работу кожнага садка раёна ў адным месцы. У канала t.me/doshkolnik_Pruzhany, акрамя Наталлі Пашкевіч, ёсць яшчэ адзін адміністратар — метадыст аддзела па адукацыі Таццяна Жабрун. Разам яны размяшчаюць самую цікавую інфармацыю пра дашкольнае жыццё раёна. На платформе ўжо больш за 200 падпісчыкаў. Важна, што іх колькасць пастаянна расце.

У планах — стварэнне Telegram-канала менавіта трэцяга садка. Тым больш, што працаваць у месенджарах педагогі ўстановы ўмеюць: бацькоўскія чаты створаны ў кожнай без выключэння групе.

А яшчэ тут кажуць, што ў падобных конкурсах будуць удзельнічаць абавязкова. За плячыма ж многія паспяхова рэалізаваныя праекты, сярод якіх «Зялёная школа», «Харчовыя адходы», «Беларуская хатка», удзел у рэспубліканскім конкурсе даследчых работ для дзяцей-дашкольнікаў «Я даследчык»…

Таму арыенцір — на аператыўнасць, даступнасць, вопыт калег і ўвасабленне ўласных задум. Няхай усё запланаванае абавязкова атрымаецца!

Уладзіслаў Шпарла