Понедельник, 16 сентября 2024

Дарожная бяспека ў Пружанскім раёне — пад кантролем

208

Бягучая зіма суправаджаецца выключнымі анамаліямі. Калі моцныя снегапады, рэзкія тэмпературныя «арэлі» ў нашым рэгіёне здараліся і ў мінулыя гады, то ледзяных дажджоў пры «мінусах» не прыпомняць нават старажылы. Усё гэта стварае велізарную небяспеку для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху і адчувальную нагрузку на дарожныя службы.

Менавіта на гатоўнасць да зімовых выпрабаванняў звярнуў увагу падчас выніковага пасяджэння камісіі па бяспецы дарожнага руху намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук.

— І гатоўнасць — гэта не толькі адпаведны запас супрацьгалалёдных рэагентаў і іншых сродкаў, — зазначыў Сяргей Міхайлавіч, які ўзначальвае камісію па БДР. — Гэта і прадуманы графік работы людзей без аўралаў, і дадатковая праверка спраўнасці машын, таму што наперадзе самы непрадказальны зімовы месяц — люты.

Сапраўды, я не памятаю за мінулую чвэрць стагоддзя такога анамальнага надвор’я на Пружаншчыне. Рэзкія ваганні тэмпературы і дзіўныя кліматычныя праявы выключна цяжкія для людзей і тэхнікі. Работнікам дарожных і камунальных службаў у снежні і студзені неаднойчы даводзілася выходзіць на ліквідацыю наступстваў стыхіі яшчэ да світання і вяртацца дадому ўначы. Лічу, што ў такіх умовах, калі ўсе службы экстраннага рэагавання прымаюць усе магчымыя намаганні для барацьбы са стыхіяй, нельга крытычна рэагаваць на тое, што недзе не паспелі зрабіць усё ўмомант. У дадатак людзям варта і самім паклапаціцца пра сваю бяспеку, асабліва аўтааматарам, якім трэба звяртаць асаблівую ўвагу на надвор’е ў той дзень, калі плануюць паездкі.

Што плануецца ў 2024-м

Акрамя «зімовых» пытанняў на пасяджэнні камісіі па бяспецы дарожнага руху быў складзены план мерапрыемстваў, накіраваны на паляпшэнне ўмоў на дарогах раёна. У прыватнасці, напрыканцы зрушылася з месца вырашэнне пытання з асвятленнем вул. Паркавай у аг. Лінова. На бягучы момант распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя, на падставе якой сёлета будуць праводзіцца работы па мантажы вулічных ліхтароў.

Увогуле мінулагодняя падрыхтоўка нашага райцэнтра да святкавання 590-гадовага юбілею дазволіла вырашыць многія пытанні, што тычыліся добраўпарадкавання горада. Безумоўна, дзякуючы выдзяленню істотных фінансавых і іншых рэсурсаў на рэалізацыю запланаванай рэканструкцыі. Гэта паўплывала і на бяспеку дарожнага руху на шэрагу пружанскіх вуліц, якія калі і не прывялі ў ідэальны стан, то адчувальна павысілі ўзровень камфорту.

Аднак не ўсе пытанні, звязаныя з бяспекай дарожнага руху ў населеных пунктах раёна, можна вырашыць толькі пошукам крыніц фінансавання. Асаблівую праблему на сённяшні дзень стварае структура забудовы райцэнтра і аграгарадкоў. Планаванне вуліц, шырыні праезнай часткі раней вялося па іншых стандартах, улічваліся колькасць і тэхнічныя магчымасці аўтамабіляў 1940–50-х гадоў. З-за чаго зараз немагчыма на многіх вуліцах пашырыць праезную частку, зрабіць тратуары. Практычна ўсюды патрэбна перагледзець параметры зямельных участкаў, якія выдзелены прыватным гаспадарам, на што, відавочна, ніхто не пагодзіцца.

У мінулым годзе ў некалькіх выпусках «Аўтабудняў» узнімаліся пытанні чытачоў наконт дваравых стаянак, колькасць і плошча якіх не адпавядае цяперашнім патрабаванням аўтаўладальнікаў.

Падобная праблема тычыцца не толькі нашага раёна, з ёй сутыкаюцца ва ўсіх населеных пунктах рэспублікі. З улікам чаго варта спадзявацца, што яна будзе разгледжана на вышэйшым узроўні з прыняццем адпаведных нарматыўных актаў для рэгулявання спрэчных момантаў.

Жаданні павінны адпавядаць рэчаіснасці

Хаця некаторыя з канфліктных сітуацый ствараюць і самі грамадзяне. На камісію па БДР паступіла нямала пытанняў ад жыхароў горада і пружанскіх вёсак. Некаторыя з іх былі даволі слушныя і выклікалі адпаведную рэакцыю. Напрыклад, у рэдакцыю паступалі пытанні адносна знака «Уезд забаронены» з аднаго боку аўтастаянкі па вул. Савецкай. Хутка такі знак там з’явіцца, што выключыць рызыку памылковай рэакцыі вадзіцеляў.

Таксама ў спіс станоўчых рашэнняў трапілі звароты адносна:

  • несанкцыянаванай стаянкі транспартных сродкаў на закругленым участку перасячэння вуліц Будаўнічая і Вашкевіча, дзе па заканчэнні зімы будзе нанесена гарызантальная дарожная разметка з афарбоўкай бардзюраў у жоўты колер;
  • абмежавання руху машын па завулку Аптэкарскім, для чаго там з мэтай стварэння бяспечных умоў для ўразлівых катэгорый удзельнікаў дарожнага руху будзе ўстаноўлены знак «Пешаходная зона», які замацоўвае прыярытэт за пешаходамі і веласіпедыстамі;
  • забароны стаянкі на вул. Палявой да перасячэння з вул. Цэнтральнай у аг. Шані з устаноўкай на вызначаным участкударожнага знака «Прыпынак забаронены».

Між тым былі і такія звароты, на якія камісія дала адмоўны адказ. Сярод іх прапанова аднаго з жыхароў в. Арабнікі наконт устаноўкі «ляжачага паліцэйскага» на дарозе, што праходзіць праз вёску. І гэта з улікам таго, што звярнуўся яшчэ адзін мясцовы жыхар са скаргай на колькасць штучных няроўнасцей. У дадзеным выпадку для стварэння бяспечных умоў было прызнана дастатковым размяшчэнне дарожных знакаў, да ўвагі ўзята наяўнасць умацаванай абочыны. У дадатак патрулям ДАІ рэкамендавана працягнуць практыку начных адпрацовак гэтай дарогі.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік