Мерапрыемствы патрыятычнага характару могуць мець розныя формы, але іх аб’ядноўвае высокая мэта. Яна заключаецца не толькі ў захаванні традыцыйных культурных і гістарычных каштоўнасцей нашага народа, але і ў перадачы добрых традыцый наступным пакаленням. Таму вельмі важна, каб удзел у патрыятычных мерапрыемствах прымалі ўсе ўзроставыя катэгорыі людзей, каб моладзь на відавочным прыкладзе старэйшых вучылася і выбудоўвала адпаведную мадэль грамадства і паводзін у ім.

Менавіта так па добрай штогадовай традыцыі ладзіцца раённы патрыятычны аўтапрабег, які праводзіцца напярэдадні святкавання Дня Перамогі. І сёлетні год не стаў выключэннем. І нават вызначыўся пэўнымі «рэкордамі». Самы галоўны з іх, як падкрэсліў начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, заключаецца ў пашырэнні колькасці ўдзельнікаў патрыятычнага аўтапрабегу.
— Прыемна, што гэта традыцыйная акцыя сёлета сабрала прадстаўнікоў усіх арганізацый і прадпрыемстваў раёна, а сярод удзельнікаў нямала маладых работнікаў, — зазначыў Аляксандр Канстанцінавіч.

Сёлетняй адметнасцю стала і тое, што аўтапрабег праводзіўся сумесна з ветэранскімі і прафсаюзнымі суполкамі, у яго арганізацыі прынялі ўдзел актывісты Беларускага саюза жанчын і БРСМ, грамадскага аб‘яднання і партыі «Белая Русь». Адным словам, аб‘ядналіся ўсе нераўнадушныя да будучыні краіны людзі.

«Дарога памяці» стартавала ад помніка савецкім лётчыкам 33-га знішчальнага авіяпалка, якія першымі прынялі на сябе ўдар падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта памятнае месца расказаў удзельнікам патрыятычнага аўтапрабегу старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
— Пружаншчына літаральна з самага пачатку вайны была акупавана гітлераўцамі, якія ўстанавілі на тэрыторыі нашага раёна самы жорсткі тэрор. Вайна забрала кожнага трэцяга жыхара Беларусі, — паведаміў Мікалай Пятровіч. — Кожны дзень, кожную гадзіну гінулі не толькі воіны, але і нявінныя ахвяры — старыя, жанчыны, дзеці. Мы павінны памятаць аб гэтай трагедыі назаўсёды.

Разам з першым сакратаром райкама ГА «БРСМ» Ульянай Апаляйчук Мікалай Кудравец устанавіў шыльду з QR-кодам. Гэта робіцца ў рамках рэалізацыі міжнароднага гісторыка-патрыятычнага праекта «Лічбавая зорка», каб кожны наведвальнік памятнага месца мог падрабязней даведацца пра яго і падзеі, з ім звязаныя.

Таксама з кароткай інфармацыяй перад удзельнікамі патрыятычнага аўтапрабегу выступіў пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, які паведаміў пра вынікі расследавання па справе генацыду беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яно працягваецца, і рэгулярна ўскрываюцца ўсё новыя жудасныя факты «гаспадарання» гітлераўцаў на нашай зямлі.

Маўклівым і неаспрэчным пацвярджэннем трагедыі мінулых гадоў выступаюць помнікі, якіх на тэрыторыі нашага раёна не адзін дзясятак. Амаль што каля кожнай вёскі ёсць сваё жалобнае месца, пазначанае абеліскам у памяць салдат і партызан, якія абаранялі Айчыну, вызвалялі яе ад ворага, мірных жыхароў, што сталі бязвіннымі ахвярамі.

Вялікая колькасць іх размешчана і на землях Мокраўскага сельсавета, па якіх прайшоў патрыятычны аўтапрабег сёлета. У аграгарадку Руднікі пра страты Беларусі ў гады вайны людзям нагадвае вайсковае пахаванне, пра якое расказала старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч.

— Помнік вызваліцелям узведзены ўдзячнымі нашчадкамі, якім загінулыя салдаты і афіцэры Савецкай Арміі прынеслі мірнае неба, — зазначыла Вольга Віктараўна. — На жаль, шмат мірных людзей нашых вёсак не дачакалася вызвалення…

Асабліва жудасным для насельніцтва сельсавета стаў 1942 год, калі гітлераўцы адпомсцілі бяззбройным вяскоўцам за дзеянні партызан. Было спалена каля дзясятка вёсак, сотні мужчын расстраляны, многія жанчыны і дзеці засталіся без даху над галавой або наогул былі вывезены ў Германію. Пра гэта сведчаць брацкія магілы ў вёсках Сілічы, Казлы, Мокрае, Краснае… Не ўсе з іх паспелі наведаць удзельнікі патрыятычнага аўтапрабегу, аднак і ўбачанага, а таксама ўспрынятай жалобнай атмасферы на месцы пахаванняў хапіла ўсім. Каб яшчэ раз, хто ў голас, а хто ў душы, паклясціся перад загінулымі прыкласці ўсе намаганні і не дапусціць паўтарэння ваенных жахаў.

У вёсцы Парасляны, дзе ўзвышаецца абеліск вызваліцелям нашага раёна, патрыятычны аўтапрабег сустрэлі вучні і настаўнікі Параслянскай школы. Яны падрыхтавалі кароткі ўрачысты мітынг, падчас якога пацвердзілі каштоўнасць захавання гістарычнай памяці нашага народа навечна.

«Дарога памяці» 2024 года закончылася на гарадскіх могілках, дзе стаіць галоўны ў раёне помнік падзеям Вялікай Айчыннай вайны і пахаваны воіны-вызваліцелі Пружаншчыны. Гэта кропка стала фінальным пунктам аўтапрабегу, ускладання кветак і вянкоў. Яна завяршыла чарговую патрыятычную акцыю, справаздача аб якой папоўніць скарбонку добрых спраў цяперашняга пакалення пружанцаў. Аднак у такой своеасаблівай хроніцы не пастаўлена кропка, і нашы нашчадкі абавязкова працягнуць яе запаўняць.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў — у альбомах: https://vk.com/album-23306785_302576353 і https://ok.ru/budni/album/978472030088