Воскресенье, 6 октября 2024

Дарагіх і любімых матуль віншавалі ва ўсім раёне і ў Пружанах (+ многа фота)

325

Шмат вельмі цёплых і значных мерапрыемстваў прайшло напрыканцы мінулага тыдня ў раёне. Усё таму, што ёсць у нашым календары цудоўная дата: 14 кастрычніка. Для праваслаўных хрысціян — гэта свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Для ўсіх беларусаў — Дзень маці.

Сапраўды, нібы нябесная Маці-Заступніца распасцірае над кожным з нас свой святы амафор, маці зямная ахутвае сваіх дзяцей любоўю і клопатам. Мама — як ангел-ахоўнік гатова крыламі-рукамі атуліць ад няшчасцяў, падтрымаць ва ўсіх нашых справах.

Гэтая думка стала і лейтматывам канцэрта «Мама — ангел на зямлі», які адбыўся ў гарадскім Палацы культуры. З прывітальным словам да жанчын, якія сабраліся ў зале, звярнуўся старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

Міхаіл Міхайлавіч адзначыў, што сённяшняя жанчына — не толькі маці, яна — і працаўніца, і грамадскі дзеяч, і ўдалая бізнес-лэдзі, і яркая асоба. Але менавіта праз мацярынства, праз любоў да дзяцей прырода дае магчымасць жанчыне раскрыць самыя патаемныя куточкі сваёй душы, сваёй сутнасці. Пры гэтым жанчынам уласцівы і міласэрнасць, жаданне стаць надзейнай апорай не толькі ўласным дзецям, але і тым, хто воляй выпадку аказаўся без апекі біялагічных бацькоў, трапіў у цяжкую сітуацыю.

— Бацька выхоўвае сына, маці выхоўвае нацыю, — заўважыў Міхаіл Грышкевіч. — А жанчыны-маці заўсёды знаходзяцца пад увагай і ў зоне клопату беларускай дзяржавы.

Міхаіл Міхайлавіч уручыў Падзячныя пісьмы райвыканкама маці-выхавальніцам дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Ірыне Карачун і Лірыне Нежавец, а таксама прыёмным маці Раісе Юрэні і Ірыне Ярамчук.

Старшыня раённага аб‘яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук таксама шчыра і цёпла вітала прысутных.

— Ёсць на свеце любоў, якую ні з чым нельга параўнаць, — мацярынская. Мама — гэта наш дом, мама — наш сусвет, — сказала Таццяна Юр‘еўна і пажадала, каб вочы ўсіх мам свяціліся радасцю і гордасцю за сваіх дзяцей. Яна ўручыла Падзячныя сертыфікаты 15-ці жанчынам — членам прафсаюзных арганізацый раёна, актывістам, якія паспяхова сумяшчаюць мацярынства з грамадскай работай, а таксама шматдзетным мамам.

Для жанчын, якія сабраліся ў зале, гучалі цудоўныя мелодыі, спявалі Ганна Рэчыц, Аксана Грышанкова, Кацярына Цяжолава, Карына Шаманава, удзельніцы эстраднай студыі «Меладзін» і інш., танцавалі гурты «Амелі» і «Рубікон», выхаванцы аддзялення харэаграфіі дзіцячай школы мастацтваў.

Юныя мадэлі з мадэльнай студыі «Подыум кідс» упэўнена і дастаткова прафесійна дэманстравалі калекцыі адзення, створаныя дызайнерам Таццянай Пякарскай.

І ўсе выступленні прысвячаліся мамам, якія, седзячы ў зале, перажывалі за сваіх як маленькіх, так і дарослых дзяцей, аднолькава выціралі слёзы радасці і замілавання.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню маці, а таксама Дню бацькі, які мы будзем адзначаць 21 кастрычніка, прайшлі і праходзяць ва ўсіх установах культуры, школах, дзіцячых садках раёна. Тым больш што прамежак паміж гэтымі датамі абвешчаны як Рэспубліканскі тыдзень бацькоўскай любові. Ва ўсіх навучальных установах сёння праводзіцца адзіны ўрок «Цяпло бацькоўскай душы».

Многія арганізацыі далучыліся да рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Павіншуем маму разам», «Павіншуем тату разам», а ў Шарашоўскім ЦКіА прайшла акцыя прадстаўніц ГА «Беларускі саюз жанчын».

У Рудніцкім СКБ пайшлі нават крыху далей: не толькі віншавалі мам, але і выбралі «Супер-бабулю». У конкурснай праграме пад такой назвай перамагла жыхарка аг. Руднікі Мокраўскага сельсавета Зоя Мікалаеўна Зеляняк.

Падрыхтавала Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік

На здымках: падчас святочнага мерапрыемства ў гарадскім Палацы культуры.

Фотаальбомы з канцэрта глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_297927227 і https://ok.ru/budni/album/969295007368