Среда, 21 февраля 2024

Пружанскія плыўцы з ДЮСШ № 2 прынялі ўдзел у турніры пад назвай «Кубак Станіславы Камаровай»

295

Пружанскія плыўцы з ДЮСШ № 2 выходзяць на новы ўзровень, фактычна — міжнародны. Напрыканцы верасня падапечныя Сяргея Каляды і Юліі Казёл адправіліся ў Маскву.

Праўда, не з мэтай экскурсіі ці прагулкі (хаця знайшлі час і на гэта), а каб пазмагацца з расійскімі спартсменамі і паказаць свой узровень.

Нашы спартсмены прынялі ўдзел у турніры пад назвай «Кубак Станіславы Камаровай». Гэтыя спаборніцтвы праводзяцца некалькі разоў на год і названы ў гонар сярэбранай прызёркі Алімпіяды-2004, трохразовай чэмпіёнкі Еўропы і віцэ-чэмпіёнкі свету. Праходзяць яны якраз такі ў басейне «Практыка» на базе маскоўскай ШПСК — школы плавання Святланы Камаровай. Цікава, што гэта адзіная прыватная школа ў расійскай сталіцы, якая мае дзяржаўную падтрымку.

Плыўцы з Пружан паказалі сябе на спаборніцтвах вельмі годна. Адразу два залатыя медалі заваяваў на турніры Цімур Дакімовіч — на пяцідзесяціметроўках на спіне і батэрфляем.

Яшчэ трое спартсменаў прывезлі дамоў бронзавыя ўзнагароды. Адразу два медалі такой вартасці ў Ганны Мацвяйчук (50 м на спіне і 100 м вольным стылем). Трэнер дзяўчыны — Юлія Казёл.

Арыядна Варыцкая і Назар Камінскі сталі бронзавымі медалістамі «Кубка Станіславы Камаровай» на 50 м батэрфляем. Трэніруе іх, як і Цімура, Сяргей Каляда.

Некалькімі днямі пазней у Брэсце адбыўся шосты этап турніру «Старты Надзей». Па іх выніках Арыядна Варыцкая стала чэмпіёнкай і заваявала золата на 50 м вольным стылем. Сярэбраная ўзнагарода ў яе на 100 м комплексным плаваннем. Яшчэ адзін медаль — серабро на 100 м комплексным плаваннем — у Вікторыі Шут. Падрыхтаваў спартсменак трэнер Сяргей Каляда.

Так трымаць, пружанскія плыўцы! Няхай з маленькіх стартаў пачынаецца шлях да вялікай будучыні!


Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена ДЮСШ № 2 г. Пружаны