Трэба ведаць гісторыю сваёй дзяржаўнай сімволікі, які сэнс у яе закладзены. Аб гэтым заявіў журналістам рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Вячаслаў Даніловіч на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Трэба ведаць гісторыю сваёй сімволікі, што яна сімвалізуе і які сэнс закладзены ў герб і сцяг. А сэнс вельмі вялікі, пазітыўны і глыбокі. Так, правобраз гэтага сцяга прыняты ў 1951 годзе, але сам арнамент, які прысутнічае на сцягу, — гэта вялікі пазітыўны пасыл ад нашых далёкіх продкаў. Тысячагоддзямі ён выкарыстоўваўся на нашай зямлі. Чырвоны колер таксама характэрны для нашых дзяржаў, якія былі на гэтай тэрыторыі. Зялёны — колер прыроды, любові», — сказаў Вячаслаў Даніловіч.
Паводле яго слоў, што значыць наша дзяржсімволіка, павінна засвойвацца яшчэ дзіцем ва ўстановах адукацыі, пачынаючы з дзіцячага сада.
«Павінна наша падрастаючае пакаленне ведаць гімн Беларусі. Каб кожны мог яго спець. Як і ў любой краіне, гэта павінна прысутнічаць», — адзначыў рэктар.