На мінулым тыдні прадстаўнічая дэлегацыя Пружанскага раёна пабывала з візітам у Мяшчоўскім раёне Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Нагадаем нашым чытачам, што 15 ліпеня, у дзень святкавання 590-годдзя Пружан, у райвыканкаме было падпісана Пагадненне аб устанаўленні партнёрскіх адносін паміж Пружанскім і Мяшчоўскім раёнамі, у якім было прапісана, што ў рабоце вялікае значэнне будзе нададзена стварэнню ўмоў для адкрытага дыялогу, узаемавыгадных кантактаў, абмену вопытам і рэалізацыі сумесных праектаў у інтарэсах жыхароў двух раёнаў. Гэтыя ўмовы пачалі рэалізоўвацца.
Дэлегацыя прадстаўнікоў Пружаншчыны на чале са старшынёй Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом прыехала ў Мяшчоўскі раён, дзе была абмеркавана і падпісана «дарожная карта» супрацоўніцтва двух рэгіёнаў. Акрамя гэтага, пружанцы наведалі шэраг прадпрыемстваў і арганізацый горада-пабраціма.
Падчас наведвання сельгаспрадпрыемства «Дзімітраўскае» і аграфірмы «Мяшчоўская» бакі абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва паміж аграрыямі Пружанскага і Мяшчоўскага раёнаў. Акрамя гэтага, наша дэлегацыя пабывала на аб’ектах сацыяльнай сферы. Тут таксама выявілася вялікая перспектыва для ўзаемадзеяння па многіх аспектах, асабліва ў абмене вопытам па патрыятычным выхаванні моладзі. Напрамкі дзейнасці дзіцячых бібліятэк Мяшчоўска выклікалі асаблівы інтарэс прадстаўнікоў Пружанскага раёна. Справа ў тым, што нашы пабрацімы зрабілі дзіцячую бібліятэку цэнтрам развіцця хлопчыкаў і дзяўчынак, праз рознабаковыя формы работы з якімі прывіваецца любоў да кнігі.
Таксама пружанская дэлегацыя наведала музей Канстанціна Цыялкоўскага — вучонага, які адкрыў свету космас.
Рэдакцыя папрасіла некаторых членаў делегацыі пад-
зяліцца сваімі ўражаннямі ад наведвання горада-пабраціма.
Мікалай Кудравец,
старшыня
Пружанскага
раённага
Савета дэпутатаў:
— Падчас нашага наведвання Мяшчоўскага раёна падпісана «дарожная карта» па рэалізацыі Пагаднення. Запланаваны мерапрыемствы па супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, культуры, мясцовага самакіравання. Іх ажыццяўленне будзе праходзіць праз выкарыстанне такіх форм работы, як відэаканферэнцыі, дыялогавыя пляцоўкі і іншыя.
Запланаваны канферэнцыя для органаў мясцовага самакіравання на тэму «Вопыт і перспектывы развіцця мясцовага самакіравання», дыялогавая пляцоўка ў рамках Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, відэаканферэнцыя з удзелам членаў маладзёжнага парламента Пружаншчыны і моладзі Мяшчоўскага раёна на тэму «Культурная спадчына — сімвал дзяржаўнасці, якая аб’ядноўвае жыхароў Беларусі і Расіі». Тут мы зможам падзяліцца вопытам работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання з насельніцтвам па правядзенні сустрэч, дыялогавых пляцовак, дзён вёсак і пасёлкаў, сходаў жыхароў, абмеркаваць рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў, работу ў сацыяльных сетках, правядзенне дзён сельсаветаў. Упэўнены, што ў нашых калег ёсць свае напрацоўкі, якія мы зможам выкарыстаць у рабоце.
Што тычыцца тэмы культурнай спадчыны двух раёнаў і прыцягнення да работы ў гэтым напрамку членаў маладзёжнага парламента, то найперш трэба мець на ўвазе тое, што сучасная моладзь — гэта якасна новы пласт людзей. У моладзі склаліся новыя запыты. Не заўсёды інтэрнэт-прастора фарміруе правільную думку моладзі аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне і свеце, даецца скажоная ацэнка гістарычных падзей, ачарняюцца прыстойныя людзі. А дзе гонар за дасягненні свайго народа, выхаванне беражлівых адносін да гістарычнай спадчыны, павага традыцый і каштоўнасцей многіх пакаленняў? Культура звязвае разам усе пакаленні, аб’ядноўвае жыхароў краіны.
Калі браць арганізацыю работы органаў мясцовага самакіравання ў Мяшчоўскім раёне, то тут можна сказаць наступнае. На тэрыторыі раёна пяць сельскіх паселішчаў. Галава паселішча займаецца вырашэннем тых жа пытанняў, што і нашы прадстаўнікі сельвыканкамаў і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Праўда, адрозніваецца штатная колькасць работнікаў. У штаце паселішча, якое мы наведвалі, шэсць супрацоўнікаў, у тым ліку бухгалтар і юрыст (апошні — на 0,5 стаўкі). На балансе паселішча знаходзяцца Дом культуры і бібліятэка. Самі абслугоўваюць мясцовыя дарогі, на што выдзяляецца пэўнае фінансаванне. Паселішча заключае дагавор на абслугоўванне дарог, з фізічнай асобай — на абслугоўванне тэрыторый як на вяснова-восеньскі перыяд, так і зімовы. Рашэннем мясцовай улады замацоўваецца тэрыторыя і за суб’ектамі гаспадарання, якія размяшчаюцца ў межах паселішча.
Руслан Супрыновіч,
намеснік старшыні
Пружанскага
райвыканкама:
— Вялікія надзеі мы ўскладаем на ўзаемаадносіны з нашымі калегамі з Мяшчоўска ў галіне адукацыі. Ужо гэтай восенню ў нас запланаваны анлайн-семінары для ўстаноў адукацыі. Які вопыт нас цікавіць і што будзем абмяркоўваць разам? У першую чаргу, гэта падыходы да патрыятычнага выхавання нашага падрастаючага пакалення. Калі дэлегацыя з Мяшчоўска прыязджала да нас і наведвала пружанскія ўстановы, то была крайне зацікаўлена нашымі напрацоўкамі, адзначыла тыя падыходы да работы з дзецьмі, якіх няма ў іх. У сваю чаргу, калі мы наведвалі мяшчоўскую школу, то таксама выдзелілі шэраг неардынарных падыходаў да выхавання падрастаючага пакалення, я б нават сказаў інавацыйных. І анлайн-канфэрэнцыя, якая адбудзецца гэтай восенню паміж нашымі ўстановамі адукацыі — гэта першы крок да ўзаемадзеяння. «Дарожная карта» падпісана, і яна дастаткова шчыльная, насычаная ўзаемнымі мерапрыемствамі — як вочнымі, так і анлайн-фармату. Але ўсё ж куды важней, каб розныя аб’екты пачалі кантактаваць паміж сабой.
Другі накірунак, які мы разглядаем, — гэта дадатковая адукацыя нашых дзяцей. Датычыцца гэта школьнікаў і дашкольнікаў. У гэтым плане нам таксама ёсць чым абменьвацца. Тут у нас выклікаюць цікавасць напрацоўкі ў расійскіх школах цэнтраў развіцця. Яны прафінансаваны па федэральнай праграме, аснашчаны абсталяваннем і адзінымі праграмамі. Гэта дазваляе развіваць навучэнцаў у розных накірунках: і робататэхніка, і творчасць, і вывучэнне дакладных навук, той жа хіміі. У нас гэта таксама добра развіта, але падыходы крыху адрозніваюцца.
Яшчэ адзін накірунак, які нас вельмі зацікавіў, — трансфармацыя дзіцячых бібліятэк у цэнтры развіцця дзяцей. Мы ўсе з вамі з’яўляемся сведкамі таго, што кніга губляе сваю папулярнасць, асабліва ў моладзі. Проста расказваць, што кніга — гэта цікава, — мала, праводзіць сумесныя чытанні — як форма гэта прымальна, але недастаткова. Дык вось, нашы расійскія сябры пайшлі далей. У дзіцячай бібліятэцы горада Мяшчоўск ёсць інтэрактыўнае абсталяванне, сучасныя канструктары, робататэхніка. Асяроддзе самой бібліятэкі спрыяе таму, каб дзеці прыходзілі сюды, займаліся як самастойна, так і пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў бібліятэкі і сумесна з настаўнікамі, нават у групах. І, канечне, усе мерапрыемствы праходзяць у інтэграцыі з кнігай. Такія формы работы, у першую чаргу, прывіваюць інтарэс да чытання. Дзецям паказваюць, наколькі цікавай, шматграннай можа быць кніга, што яна можа замяніць любы гаджэт, садзейнічае развіццю ўяўлення, памяці, навыкаў аналізу. У гэтым вялікая перспектыва для ўзаемадзеяння.
Наступны накірунак — гэта турызм. Наш рэгіён валодае вялікім спектрам турыстычных аб’ектаў, аграсядзіб. У нас ёсць шмат культурных каштоўнасцей, якія ўзнаўляем, рэстаўруем, кансервуем. Таксама ў нас ёсць жамчужына — гэта санаторый «Ружанскі». Усім гэтым зацікавіліся і нашы мяшчоўскія сябры. Будзем наладжваць кантакты для таго, каб расіяне прыязджалі да нас як турысты. У сваю чаргу, грамадзянам Рэспублікі Беларусь будзе цікавы і Калужскі рэгіён. Канечне, падчас паездкі мы не змаглі наведаць усё самае адметнае, чым ён ганарыцца, але адзначу два аб’екты, у якіх удалося пабываць. Гэта Мяшчоўскі мужчынскі манастыр і музей касманаўтыкі.
У манастыры сабраны сапраўдныя артэфакты хрысціянства, мошчы святых, цудадзейныя старыя іконы. Тут захаваліся будынкі старажытнага дойлідства. Манастыр адкрыты для наведвання турыстамі, пакланення святыням.
У музеі касманаўтыкі сабраны прадметы, многія з якіх пабывалі ў космасе, выкарыстоўваліся нашымі касманаўтамі. Першы камень у будаўніцтва музея заклаў Юрый Гагарын. Побач з будынкам музея савецкай эпохі ўзведзены цэлы сучасны комплекс з інтэрактыўнымі заламі, сучаснымі касмічнымі экспанатамі.
Як бачна, паездка нашай дэлегацыі была вельмі прадуктыўнай. Наладжана супрацоўніцтва паміж братнімі раёнамі. Зараз трэба як мага паўней карыстацца магчымасцямі абмену перадавым вопытам і сустрэчамі на тэрыторыях Мяшчоўскага і Пружанскага раёнаў.
Уладзімір Цімошчанка,
дырэктар РУП «Брэсцкая
абласная сельскагаспа-
дарчая доследная
станцыя Нацыянальнай
акадэміі навук Беларусі»:
— У Мяшчоўскім раёне нам многа дзе ўдалося пабываць. Але я раскажу пра наведванне двух прадпрыемстваў аграрнай сферы — сельгаспрадпрыемства «Дзімітраўскае» і аграфірмы «Мяшчоўская». Розніца паміж гэтымі сельгасарганізацыямі даволі вялікая. Калі адна існуе толькі за кошт свайго капіталу, то другая — за грошы расійскага інвестара, які пражывае ў Лондане. Такіх у нас называюць алігархамі. Дзве гэтыя арганізацыі спецыялізуюцца на раслінаводстве. Прыемна здзівіла, што ў іх вырошчваюць толькі сарты беларускай селекцыі, нават не новыя, а дзесьці 1995 года раянавання: гэта азімая і яравая пшаніца, азімы ячмень, азімы і яравы рапс. Дарэчы, такія сарты ў нас ужо знятыя з вытворчасці. Прыемна здзівіла, што аграфірма «Мяшчоў-ская», якая пабудавана з нуля на грошы інвестара, выкарыстоўвае ў вытворчасці зернеачышчальны комплекс нашай беларускай фірмы «Полымя». Лінія з дапрацоўкай і сушкай прадукцыйнасцю 10 тон насеннага зерня ў гадзіну. Уразіла глыбокая спецыялізацыя не толькі на вытворчасці зерня, але і яго перапрацоўцы. Так, мяшчоўскія калегі атрымліваюць глюкозу ў сухім выглядзе, цукровы сіроп, глютэн. Адходы вытворчасці, а гэта вотруб’е, прадаюць сельгаспрадпрыемствам, выконваюць дзяржзаказ.
Рады, што ўдалося прывезці з Мяшчоўска чаранкі сапраўдных сартоў яблынь «антонаўка». Справа ў тым, што вытворцы хлебабулачных вырабаў аддаюць перавагу выкарыстанню менавіта антонаўскіх яблыкаў.
Са сваімі калегамі мы абмяняліся кантактнымі тэлефонамі і вырашылі перайсці да цеснага супрацоўніцтва. Нам ёсць што прапанаваць адзін аднаму.
Віктар Ільюшчанка