Воскресенье, 19 января 2025

Да рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!» далучыліся супрацоўнікі Пружанскага райвыканкама

321

Пад такой назвай у гэтыя дні праходзіць акцыя, ініцыяваная Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Працягнецца яна да 12 лістапада. Мэта — аднавіць пашкоджаныя стыхіяй участкі лясной гаспадаркі краіны.

Нагадаем чытачам, што летам гэтага года, пасля разгулу стыхіі, пацярпелі дзясяткі раёнаў краіны, былі пашкоджаны тысячы жылых дамоў, вытворчых і сельскагаспадарчых будынкаў. Вельмі пацярпеў і лясны фонд. Стыхія больш за іншыя закранула раёны Гродзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Да высакароднай місіі па аднаўленні лясных насаджэнняў падключыліся і арганізацыі, установы Пружанскага раёна. Напрыклад, на гэтым тыдні, у сераду, на пашкоджаных участках Пружанскага лясгаса высаджвалі дрэўцы супрацоўнікі раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом.

Заўтра, 26 кастрычніка, працоўны дэсант прафсаюзнага актыву Брэсцкай вобласці, а гэта кіраўнікі і супрацоўнікі апаратаў абласнога аб’яднання і арганізацый галіновых прафсаюзаў, будуць высаджваць дрэўцы на плошчы ў 4,2 гектара.

Да рэспубліканскай акцыі можа далучыцца кожны жыхар раёна.

Віктар Ільюшчанка