Вторник, 22 апреля 2025

Даеш норму і якасць!

538

З прыходам вясны абуджаецца не толькі прырода. Наш сельскі працаўнік таксама адчувае прыліў фізічных і маральных сіл, бо чакае яго адвечная і прыемная для душы работа — сяўба яравых. Поўным ходам яна праходзіць і ў ААТ «Ружаны-Агра».

Што самае прыемнае кідаецца ў вочы, калі цяпер праехацца па нашых дарогах? Канечне, рух на палетках, дагледжаных, неабсяжных, мілых сэрцу для кожнага земляроба! Туды-сюды снуюць трактары, хто заняты ўзворваннем, нехта падрыхтоўвае глебу, а трэція сеюць яравыя культуры, закладваюць будучы ўраджай. Адным словам, займаюцца стваральнай, мірнай працай, як і дзясяткі гадоў таму. І сэрца радуецца ад убачанага, бо ўсяляецца ўпэўненасць, што ўсё ў нас будзе добра, як жылі спакойна, у такім рэчышчы і працягнем працаваць дзеля сябе і сваёй Айчыны. І нішто, і ніхто нам не перашкодзіць.

Аграрыі Пружаншчыны таксама з гэтым згодны і аддана шчыруюць на роднай зямлі, закладваюць зярняткі ў глебу, разумеючы ўсю важнасць гэтага дзейства. На пятніцу бягучага тыдня гэтая лічба склала 9078 га, або 21,3% да плана. Пакуль што, здаецца, не так і многа, але пачакайце, дайце набраць тэмп — і земляробы яшчэ пакажуць сябе, дадуць краіне магчымасць ганарыцца сваімі працавітымі людзьмі.

А ў ААТ «Ружаны-Агра» ніколі і не сумняваліся ў сваіх работніках, для кіраўніцтва гаспадаркі яны былі і будуць самымі лепшымі, шчырымі і сумленнымі. А калі цябе хваляць, значыць, трэба не падвесці, зрабіць усё якасна, а недзе і з перавыкананнем запланаванага. Пасеяць яравых культур сельгаставарыству патрэбна на 6435 га, на 28 сакавіка бягучага года ААТ «Ружаны-Агра» ў першых радках — 27,4%. На сто працэнтаў справіліся з сяўбой аўсу і зернебабовых.
За экватар перасягнулі і з ячменем, на гэтую пятніцу пры 1665 га — 65%. Карэспандэнты «раёнкі» вырашылі «пракантраляваць» працэс сяўбы і наведаліся на палетак «Міронаў хутар».

Якія работы праводзіліся папярэдне? Па словах загадчыка аддзялення «Варанілавічы» Сяргея Піліпчука, з восені тут было праведзена ўзворванне, унесены фосфар і калій. Па вясне, калі глеба прагрэлася, правялі заробліванне вільгаці, не забыліся пра карбамід.
На дадзеным палетку высявалі насенны сорт «карнет эліта», пасля чаго гаспадарка прыступіць да сяўбы фуражнага зерня. Даручана была справа вопытнаму механізатару Сяргею Несцяровічу, які на энерганасычаным трактары «Fendt» з універсальнай сеялкай «Pottinger-6» за дзень робіць па 50-55 га, пры гэтым расходуецца недзе 12,5 тон пратручанага зерня. Дарэчы, пасяўны агрэгат сам рыхліць глебу, прыкочвае, і затым ідзе сяўба, так што займацца падрыхтоўкай асобна зусім не трэба, а значыць, эканоміцца паліва, час, а тэхніка можа быць задзейнічана на другіх работах, не менш важных.

Неаднаразова расказвалася, як камп’ютар дапамагае трактарысту-машыністу праводзіць сяўбу вельмі дакладна, без якіх-небудзь пралікаў. Але часам і тэхніка можа даць збой, таму не лішняе, калі гэтую работу пракантралюе і чалавек. Чым і займалася на ўзгаданым палетку аграном Ганна Шылава. У яе абавязкі ўваходзіла праверка глыбіні сяўбы, нормы высеву, а яшчэ кантроль за наяўнасцю насеннага матэрыялу, які, дарэчы, знаходзіўся непадалёку, таму загрузка праводзілася аператыўна.

Калі гаварыць пра працу на зямлі, трэба абавязкова ўдакладняць, што тут выпадковых людзей няма. Кожны з нашых земляробаў — прыклад працавітасці і нават самаахвярнасці, калі падчас работы на другі план адыходзяць і сям’я, і свае патрэбы. Такімі людзьмі і славіцца Беларусь.

Вадзім Раўнейка

На здымках: для загадчыка аддзялення «Варанілавічы» Сяргея Піліпчука не бывае другарадных спраў, усё патрабуе ўвагі і падліку; у агранома Ганны Шылавай і механізатара Сяргея Несцяровіча ўсё на выдатна, а інакш і быць не можа!


Фота Кацярыны Масік