Суббота, 26 апреля 2025

Дабрачынныя акцыі па дапамозе ў падрыхтоўцы да школы праводзяць грамадскія арганізацыі і прафсаюзы

399

Пра адну з такіх — «У школу — з «Белай Руссю» — мы ўжо расказвалі.

Між тым, як паведаміла старшыня раённага аддзялення ГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, акцыя не завяршылася з пачаткам новага навучальнага года.

— На дадзены момант мы наведалі дзесяць сем’яў, — расказала Таццяна Канстанцінаўна. — У аўторак разам з намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Супрыновічам пабывалі ў гасцях у сям’і Мамацюк з Пружан. Тут выхоўваюцца школьнікі Васіліса і Максім. Старэйшы сын Захар адправіцца вучыцца ў Івацэвіцкі ліцэй, а малодшанькая Крысціна, на жаль, зараз у бальніцы. Дзеткі вельмі ўзрадаваліся падарункам, а мы пажадалі ім моцнага здароўя, поспехаў у вучобе, а яшчэ каб яны любілі нашу родную Беларусь. А ў чацвер прадстаўнікі «Белай Русі» пабывалі ў Новых Засімавічах. Падарункі атрымалі дзеці з сям‘і Ірыны Бурдук.

Таксама Таццяна Кашкан адзначыла, што акцыя ахопіць яшчэ і тых школьнікаў, якія прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах аб‘яднання. Не застануцца па-за ўвагай і маладыя педагогі. Падарункі атрымаюць тыя спецыялісты, у школах якіх ёсць пярвічка «Белай Русі».

Не аказалася ў баку і раённая арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа. Так, адзін з індывідуальных прадпрымальнікаў перадаў сюды 144 адзінкі канцылярскіх тавараў. Усе прыналежнасці адправяцца сем’ям, якія маюць у іх патрэбу. Усяго на разліковы рахунак абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа паступіла больш за 6 тыс. рублёў.

Да акцыі «Прафсаюзы — дзецям» традыцыйна далучылася раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Матэрыяльную дапамогу аказалі больш як 360 школьнікам. Напрыклад, на гэтым тыдні старшыня райкама прафсаюза АПК Дзмітрый Чайкоўскі наведаў з падарункам шматдзетную сям’ю Краўчук . Маці пецярых дзяцей Валянціна Юр’еўна працуе жывёлаводам ААТ «Шані-аграпрадукт». Школьнікамі з’яўляюцца Вікторыя, Юлія і Пётр. Сям’і ўручаны сертыфікат на 150 рублёў.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла