3 лістапада адзначыў сваё 80-годдзе Пётр Пракаповіч, былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Герой Беларусі, Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна.

«Гэта не краіна, а мы самі маем патрэбу ў тым, каб зрабіць нешта добрае і карыснае для свайго роднага краю. Гэта нам важна адчуць сябе патрэбнымі, шчодрымі. Узвысіць душу прыгожымі, бескарыслівымі справамі. Асэнсаваць сябе гаспадарамі ўласнага жыцця, самадастатковымі людзьмі, якія не толькі шчыра радуюцца поспехам сваёй краіны, але і адчуваюць да іх асабістае дачыненне».
Гэтыя словы прагучалі з вуснаў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі напачатку 2018 года, калі ён тлумачыў сэнс абвешчанага тады Года малой радзімы. Прэзідэнт падкрэсліваў, што настаў час кожнаму не проста ўзгадаць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. Аддаць у любой форме: творчай, стваральнай, матэрыяльнай, але так, каб дапамога ішла ад сэрца…»
Пётр Пракаповіч пачаў аддаваць даўгі сваёй малой радзіме двума дзясяткамі гадоў раней, калі па яго ініцыятыве ў вёсцы Мокрае пачалося аднаўленне Свята-Петра-Паўлаўскага храма. Старажытны храм быў закрыты ў 1961 годзе і за некалькі дзясяткаў гадоў прыйшоў у запусценне. У 1990-х гадах вяскоўцы пачалі ўздымаць пытанне аднаўлення, але сродкаў на гэта ў мясцовай гаспадаркі не знайшлося. На дапамогу прыйшоў чалавек, чые карані ішлі з вёскі Казлы: тут, на радзіме бацькі, Пётр Пятровіч правёў першыя 13 гадоў жыцця, у гэтым храме быў ахрышчаны. Менавіта з падачы старшыні праўлення Нацыянальнага банка было адкрыта фінансаванне работ па ўзнаўленні помніка архітэктуры XIX стагоддзя.

«Гэты храм — знак нашага духоўнага адраджэння, а без духоўнай асновы немагчыма паўнацэннае жыццё грамадства», — адзначыў падчас асвячэння 17 снежня 2000 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. Уладыка выказаў словы падзякі ўсім людзям, якія ўнеслі свой уклад у адраджэнне храма. І першы, хто атрымаў з яго рук грамату, быў Пётр Пракаповіч.

Наступным крокам сталі Пружаны, якія былі выбраны месцам правядзення рэспубліканскага свята-кірмашу «Дажынкі-2003». Дзякуючы дапамозе Пятра Пракаповіча ў выдзяленні сродкаў удалося не проста прывесці горад у парадак: у літаральным сэнсе нанова адбудаваць цэнтральныя вуліцы, замяніць камунікацыі, адным з першых у Беларусі зрабіць наш райцэнтр сучасным і прыгожым. І работы ішлі не толькі ў горадзе. Аб‘ём іх быў выкананы сапраўды велізарны: каля 80 мільярдаў рублёў пайшло на добраўпарадкаванне населеных пунктаў раёна, пракладку газаправодаў, цеплавых і каналізацыйных сетак, рэканструкцыю жылля і вытворчай базы шэрага прадпрыемстваў і арганізацый. І галоўнае, што адзначыў тагачасны старшыня райвыканкама Аляксандр Юркевіч падчас ушанавання людзей, якія рыхтавалі Пружаны да «Дажынак-2003» (што сімвалічна, яно прайшло ў новапабудаваным Палацы культуры!), да канца 2003 года ўсе будаўнічыя работы былі аплачаны, у раёна не засталося даўгоў перад будаўнікамі.
У той памятны дзень Пётр Пракаповіч агучыў землякам накірункі дзяржаўнай праграмы па адраджэнні беларускай вёскі. У рамках яе праз некалькі гадоў вёскі Мокрае і Казлы зліліся ў аграгарадок Жураўліны з выдатнай інфраструктурай.
«Калі параўнаць тое, што тут было ў гады майго дзяцінства (а першыя свае 13 гадоў я жыў у вёсцы Казлы), і тое, што ёсць цяпер, немагчыма падабраць слоў. Настолькі ашаламляльна ўсё змянілася! Наша вёска падчас вайны была спалена фашысцкімі захопнікамі, усё мужчынскае насельніцтва знішчана. Без перабольшвання ўзгадаю, што людзі тут жылі ў вельмі цяжкіх умовах: ні дарог, ні электрычнасці — нічога не было. У той час вёска была сярод самых бедных на Пружаншчыне. Як выглядаюць Казлы сёння, самі можаце ўбачыць: у аграгарадку ёсць усе ўмовы як для камфортнага пражывання, так і для адпачынку, заняткаў спортам, вучобы… А галоўнае — тут ёсць дзе працаваць: побач з аграгарадком пабудаваны два комплексы — малочнатаварны і свінагадоўчы, людзі маюць добрую зарплату. Адным словам, у сучасных Казлах жыві ды радуйся.
Але мы павінны зыходзіць з таго, што час пастаянна падштурхоўвае, каб жыццё людзей выходзіла на яшчэ больш якасны ўзровень. Не сакрэт, што ў Пружанскі раён дзяржавай укладзена вельмі шмат грошай. А вось аддача гэтых укладанняў пакуль не тая, якую хацелася б мець… Калі на прадпрыемствах пачнуць строга прытрымлівацца тэхналогій, узровень жыцця на Пружаншчыне палепшыцца. І мне вельмі хацелася б, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Патэнцыял для развіцця ёсць: вытворчасць — працэс бесперапыннага ўдасканалення, пра што трэба пастаянна памятаць».
(З гутаркі з П.П. Пракаповічам у нумары за 28.06.2017 года).

Жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны — асаблівы боль Пятра Пятровіча. У брацкай магіле на ўскрайку Казлоў ляжыць нямала сваякоў, расстраляных фашыстамі ў ліпені 1942 года, за тры з паловай месяцы да яго нараджэння. Як сімвал памяці пра іх у 2010 годзе вырас тут велічны абеліск. Пяццю гадамі раней — як сімвал памяці пра ўсе спаленыя вёскі раёна паўстаў велічны помнік у Пружанах. «Ён з’яўляецца данінай удзячнасці нашчадкаў за гераізм, самаадданасць, нескаронасць перад фашысцкім ліхам дзедаў і бацькоў, — кажа Пётр Пракаповіч. — Устаноўка падобных помнікаў — наш абавязак. Каб ніколі больш не грымела на роднай зямлі вайна. Каб XXI стагоддзе было адзначана мірнай, стваральнай працай, якая нясе і народу, і дзяржаве дабрабыт і шчасце…»
Хіба ж не гэтай мэтай прасякнута ўся дзейнасць Пятра Пракаповіча?

З юбілеем, Пётр Пятровіч! Доўгіх і актыўных гадоў жыцця Вам, здароўя і дабра.
Падрыхтавала Ірына Сядова. Фота з архіва рэдакцыі