Канец лета — гэта не толькі заканчэнне цёплых сонечных дзянькоў, але і пачатак новага навучальнага года. Таму напярэдадні 1 верасня асабліва адчуваюцца клопаты дарослых па падрыхтоўцы дзяцей да школы і назіраецца пакупніцкі попыт на школьныя тавары.
І калі раней, каб сабраць сваё дзіця ў школу, бацькі былі заклапочаны і цаной, і асартыментам школьнага адзення, абутку, канцтавараў, то цяпер самым хвалюючым застаецца, відаць, толькі яго кошт. Таму, каб з’эканоміць, многія карыстаюцца ў крамах шматлікімі зніжкамі, наведваюць разнастайныя школьныя базары, едуць у іншыя гарады.
Сем’ям, якія адчуваюць матэрыяльныя цяжкасці, дапамагае дзяржава, неабыякавымі да іх патрэб застаюцца людзі і арганізацыі.
Толькі ў нашым горадзе і раёне аднаразовую матэрыяльную дапамогу да новага навучальнага года атрымала 716 шматдзетных сем’яў, разлічаную на 1524 школьнікі. Агульная сума матэрыяльнай дапамогі склала 106 тысяч 680 рублёў.
Дабрачынную акцыю “Збяры дзіця ў школу” працягвае Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як стала вядома рэдакцыі, адгукнуліся на акцыю і вырашылі дапамагчы сабрацца дзеткам да школы работнікі Пружанскага малочнага камбіната, якія пералічылі грошы, а таксама такія чулыя да патрэб іншых людзей гараджанкі, як М.А.Ляўчук і Н.Р.Васечка, якія перадалі ў цэнтр канцылярскія прылады.
Некалькі чалавек пакінулі невялічкія падарункі школьнікам у скарбонцы, якую знарок да акцыі размясцілі ў магазіне “Дзіцячы свет”. На сабраныя сродкі будуць закуплены канцылярскія прылады, якія затым перададуць дзеткам з дванаццаці сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
А вось такая ж акцыя, якую праводзіць раённая арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа, працягнецца па 15 верасня. Там збіраюць грашовыя сродкі, адзенне, абутак, канцылярскія прылады, каб затым перадаць іх дзеткам, сем’і якіх знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. “Да школы павінны быць добра падрыхтаваны ўсе дзеці, не залежна ад дастатку іх бацькоў”, — лічаць супрацоўнікі дзяржаўных структур і валанцёры.
Дарэчы, усе, хто жадае далучыцца да акцыі і дапамагчы дзецям, якія маюць у гэтым патрэбу, падрыхтавацца да школы, могуць тэлефанаваць у раённую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа па нумарах 2-12-09 ці (29) 524-04-31 (МТС).
Галіна Каляда.
На здымках: 1. па прызнанні нашых чытачоў Таццяны Вайлупавай і яе сына Мікіты, да пачатку навучальнага года яны рыхтаваліся паступова, каб расцягнуць прыемныя моманты ад прыгожых пакупак. Ім засталося купіць толькі заплечнік і кветкі. Хлопчык прызнаецца, што ўжо хутчэй хоча ў школу. 2. Палатка са школьнымі таварамі, размешчаная каля магазіна «Дзіцячы свет».
Фота Кацярыны Масік.