Сёння ў гасцях у «раёнкі» Ігар Квашэвіч — беларускі акардэаніст-віртуоз, уладальнік шматлікіх узнагарод і тытулаў. Падставай для знаёмства з музыкантам стаў гастрольны тур, які стартаваў гэтай восенню. У хуткім часе артыст выступіць у Пружанах.
— Музыкай займаюцца многія, але сапраўднага прафесіяналізму дасягаюць адзінкі: нават бясспрэчнага таленту для гэтага недастаткова. А ў Вашым паслужным спісе не проста ўдзел — узнагароды з прэстыжных конкурсаў. Ігар, раскажыце, калі ласка, чытачам, як юнак з правінцыі змог заваяваць такія вяршыні.
— Я пасябраваў з баянам і акардэонам зусім малым. Гадоў у шэсць іграў усе мелодыі, якія падбіраў на слых. А прыкладна з васьмігадовага ўзросту пачаў… прымаць запрашэнні ў якасці музыканта на розныя мерапрыемствы: вяселлі, юбілеі, карпаратывы. Так, а што было рабіць?! Каб вы разумелі, я гадаваўся ў шматдзетнай сям’і — быў пятым дзіцём у бацькоў. Дарэчы, сям’я ў нас звычайная, не творчая: мама працавала фельчарам «хуткай дапамогі», тата — эканамістам.
Нягледзячы на ўменне іграць, у дзяцінстве я асаблівай прагі да музыкі не адчуваў. Паралельна займаўся спортам, нават гуляў у складзе юнацкай футбольнай зборнай Брэсцкай вобласці. Пакуль аднойчы не трапіў на канцэрт ў Івацэвічах, на якім пачуў ігру акардэаніста з Брэста Аляксандра Пыліка — канкурсанта і лаўрэата шэрагу міжнародных конкурсаў. Вось так, у 12-гадовым узросце, я ўсё ж прыняў для сябе рашэнне стаць музыкантам.
З таго часу маё захапленне пачало перарастаць у прафесію. Хаця паступленне ў музычную школу ў першы год «праваліў», але шмат займаўся самастойна, а потым і па-за навучальнай праграмай.
Затым было музвучылішча ў Баранавічах, вучоба ў Бел-дзяржакадэміі музыкі.
— Мы прывыклі, што чалавек з музычнай адукацыяй, як правіла, працуе ў школе мастацтваў, найбольш дасціпныя і прагныя да ведаў займаюцца выхаваннем будучых калег-педагогаў. Вы ж вядзеце актыўную канцэртную дзейнасць, запісваеце аўтарскія альбомы. Гэта шанцаванне?
— Кожны чалавек павінен ставіць перад сабой канкрэтныя мэты. Пасля заканчэння магістратуры я таксама некаторы час займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, але сумяшчаў яе з гастролямі. Калі графік стаў зусім шчыльны, я зразумеў, што трэба спыніцца на чымсьці адным. Канцэртная дзейнасць падалася мне больш цікавай справай. Сёння геаграфія маіх гастроляў не абмяжоўваецца Беларуссю: выступаю ў Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Францыі…
Разам з тым, галоўнае не стаяць на месцы, не спыняцца ў развіцці. Я, напрыклад, пішу музыку. У 2011 годзе выйшаў мой першы альбом эстраднай музыкі, праз два гады — яшчэ адзін, а летась свет убачыла абсалютна самастойная работа — альбом «Поры года».
— Магчыма, камусьці будзе цікава пачуць ад Вас параду, як дабіцца поспеху і заззяць яркай зоркай на музычным небасхіле.
— Трэба працаваць. Як бы банальна гэта ні гучала, штодзённая праца мае вялікае значэнне: яна не проста робіць чалавека высакародней, але і «лепіць» з яго таго, кім ён хоча быць. А гатовых рэцэптаў, як дасягнуць поспеху, няма. Маючы за плячыма пэўны вопыт, цяпер магу сказаць, што пераможцам выйдзе той, хто моцны ідэямі. Мая асноўная ідэя — асвета.
Нядаўна вырашыў наведаць сваё вучылішча ў Баранавічах. У мой час кабінеты, у якіх навучэнцы ўдасканальвалі ігру на інструментах, адчыняліся ў пяць гадзін раніцы і зачыняліся амаль што ноччу: маладыя людзі ішлі на розныя хітрыкі, каб ім дазволілі пазаймацца звышурочна. Праз дваццаць гадоў у вучылішчы пасля заняткаў я застаў толькі аднаго юнака, які іграў на баяне. Відавочна, каштоўнасці памяняліся.
— Якім дасягненнем у сваёй музычнай кар’еры ганарыцеся больш за ўсё?
— Самыя галоўныя дасягненні ў жыцці, спадзяюся, яшчэ наперадзе. Калі не браць у разлік шматлікія ўзнагароды з міжнародных конкурсаў, гэта пахвальныя водгукі ад такіх людзей, як Ян Пятровіч Табачнік, Валерый Андрэевіч Коўтун, Рышар Гальяно — акардэаністаў-віртуозаў, прафесіяналаў у сваёй справе.
Адным з апошніх дасягненняў з майго спісу стала вучоба за мяжой: на працягу апошніх двух гадоў я жыву ў Баварыі — вучуся ў магістратуры Мюнхенскай вышэйшай школы музыкі і тэатра. Там я атрымаў магчымасць далучыцца да стварэння новых накірункаў у музыцы, якія ў нас менш развітыя.
— Ігар, а якія мэты сёння ставіце перад сабой?
— Ажывіць інтарэс да акардэоннай музыкі ў нашай краіне. З гэтай мэтай 15 верасня я даў старт чарговаму канцэртнаму туру па Беларусі.
У рамках гастроляў планую наведаць звыш ста гарадоў краіны, у кожным з якіх пройдзе па два мерапрыемствы — канцэрт і майстар-клас.
У Пружанах дабрачынны майстар-клас запланаваны на 11 кастрычніка — ён пройдзе ў 16.00 гадзін на базе ДШМ імя Р.Р.Шырмы як для педагогаў і вучняў, так і для цікаўных. А 7 лістапада на сцэне Палаца культуры я прадстаўлю сябе пружанскай публіцы як акадэмічны выканаўца. Выпрабоўваць гледачоў новымі музычнымі накірункамі не буду: іх чакае прыемны вечар адпачынку пад любімыя мелодыі. Запрашаю жадаючых наведаць гэтую імпрэзу.
Гутарыла Марына Вакульская
Даведка РБ:
Ігар Квашэвіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў гарадскім пасёлку Целяханы Івацэвіцкага раёна. У 1998 годзе атрымаў чырвоны дыплом Баранавіцкага музычнага вучылішча. У 2003-м з адзнакай скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, а ў 2004-м — яе магістратуру.
Дзякуючы віртуознаму валоданню акардэонам, не проста атрымаў прызнанне вялікай аўдыторыі слухачоў — стаў вядомым у прафесійных музычных колах. Мае нямала ўзнагарод: пераможца IV Міжнароднага конкурсу-фестывалю акардэонна-баяннага выканаўчага мастацтва «AccoHoliday» у Кіеве, прызёр міжнародных конкурсаў выканаўцаў на народных інструментах у Кішынёве, Чарапаўцы, Маскве і інш., пераможца Вышэйшай лігі сусветнага акардэона. У 2004 годзе стаў першым беларускім акардэаністам, які атрымаў званне лаўрэата аднаго з самых прэстыжных конкурсаў у нямецкім Клінгенталі.
Выступаў на сцэне Дзяржаўнага Крэмлёўскага Палаца ў Маскве, Маскоўскай філармоніі імя П.І.Чайкоўскага. Адкрываў фестываль кіно краін СНД і Балтыі «Кінашок» у Анапе. Лаўрэат спецыяльнага фонду Рэспублікі Беларусь, неаднойчы з’яўляўся стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.