У мінулую нядзелю мотааматары з Пружанскага раёна наладзілі сапраўднае свята для дзяцей з прытулка ў пасёлку Сонечным. Госці ўручылі дзецям салодкія падарункі, школьныя прылады, а самае галоўнае — падарылі незабыўныя эмоцыі.
У групе ў месенджары, дзе сабраны ўсе пружанскія аматары язды на матацыкле, адзін з удзельнікаў прапанаваў правесці такую дабрачынную акцыю, а астатнія без разваг падтрымалі ідэю.
Наступным этапам стаў візіт да дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра, каб даведацца, якія рэчы неабходны дзецям. Пасля матацыклісты сабралі грошы. Калі набылі ўсё неабходнае, агаварылі дату свайго прыезду. І вось трэцяга верасня мотааматары ў колькасці больш за 35 чалавек даставілі ў прытулак падарункі.
Усмешкі з твараў дзяцей не сыходзілі на працягу ўсёй сустрэчы: як жа яны былі рады бачыць гасцей! Асабліва яркія ўражанні выхаванцы цэнтра атрымалі, калі новыя сябры запрасілі іх пракаціцца на сваіх прыгожых магутных матацыклах. Дзеткі таксама адказалі жэстам дабра і правялі для матацыклістаў экскурсію па тэрыторыі, дзе яны жывуць.
Гэтая сустрэча доўжылася каля гадзіны, а эмоцыі і ўспаміны застануцца ў дзяцей надоўга.
Руслан Басак. Фота прадстаўлена ініцыятарамі правядзення акцыі