У сакавіку ў рэдакцыю «Раённых будняў» было перададзена пісьмо з Расіі, з агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва Прыморскага края. У гэтую арганізацыю звярнуўся школьнік-краязнаўца з просьбай аказаць садзейнічанне ў пошуку інфармацыі пра земляка — падпалкоўніка Мікалая Пятровіча Казакова, які загінуў 11 красавіка 1991 года пры выкананні трэніровачнага палёту каля вёскі Клепачы Пружанскага раёна. Гэтае пісьмо і стала падставай узгадаць падзеі, якія адбыліся 32 гады таму.
Пазыўны «07» замаўчаў у 11.42…
Жыхароў у Клепачах на сённяшні дзень засталося менш за дваццаць чалавек, а некалі гэта была сярэдніх памераў вёсачка на ўскрайку Ружанскай пушчы — са школай-васьмігодкай, сельскім клубам, магазінам і жывёлагадоўчай фермай. Звычайная беларуская глыбінка. Але ёсць тут адметная асаблівасць — авіяцыйны палігон, да паўночных межаў якога амаль прымыкаюць вясковыя вуліцы. За шмат гадоў (а з‘явіўся палігон амаль адразу пасля вайны) жыхары прывыклі і да гулу тэхнікі, і да вучэбных стрэльбаў. Ды толькі аднойчы ледзь не здарылася непапраўнае…
11 красавіка 1991 года ішлі трэніроўкі па паражэнні наземнай цэлі са складаных відаў манеўра. У кабіне СУ-25 з бартавым нумарам 401 знаходзіўся вопытны лётчык, камандзір 1-й авіяэскадрыллі 206-га ашап (асобнага штурмавога авіяпалка) 26-й паветранай арміі ЧБВА падпалкоўнік Мікалай Казакоў. Раптам пасля пуску ракет не спрацавала супрацьпампажная аўтаматыка рухавіка, штурмавік страціў кіраванне.
Як узгадвае тагачасны камандзір палігона палкоўнік Іван Іванавіч Кузьмін (ён жыве зараз у Баранавічах і ахвотна згадзіўся адказаць на пытанні журналіста), у лётчыка было некалькі хвілін на тое, каб пакінуць самалёт, але ў гэтым выпадку цяжкая машына ўпала б якраз на вясковыя дамы. І Мікалай Пятровіч прыняў мужнае, адзінае магчымае для сябе рашэнне: перацягнуў самалёт праз населены пункт — і ўрэзаўся ў зямлю менш як за паўкіламетра ад Клепачоў.
Пазыўны «07» замаўчаў у 11 гадзін 42 мінуты…
«Самалёт падаў і дыміўся над самай вёскай»
84-гадовая жыхарка Клепачоў Яўгенія Васільеўна і зараз эмацыянальна расказвае пра той дзень:
— Ой, як самалёт ляцеў, як ляцеў! І якраз на вёску! Яшчэ ў нас тут было шмат людзей, я працавала звеннявой у паляводчай брыгадзе. Мы на полі былі, больш за 50 жанчын. Убачылі, што ляціць, закрычалі, пабеглі да хат. Самалётаў шмат заўсёды лятала, але яны круціліся вакол вёскі, а гэты рухаўся напрасткі, адразу было зразумела, што ён падае. Калі быў ужо над самымі кляпацкімі дамамі, мы ўбачылі, што самалёт дыміцца. За вёску рушыў, зламаў верхавіну ў хвойкі і ўпаў у «агародзец». Так мы называлі забалочанае месца непадалёк ад дарогі… Мы, бабы, раней як у лес ішлі, бывала, кветак занясём, пакладзём каля той хвойкі. Гэта зараз ужо не здужаю да лесу дайсці.
Схілі галаву, прахожы…
Памятны знак, што паставілі саслужыўцы Мікалая Казакова па 206-м ашап, месціцца на самым ускрайку лесу, побач з грунтовай дарогай, што вядзе ў Клепачы. Што пастаўлены ён лётчыку, адразу зразумела: частка хваставога апярэння самалёта ў камуфляжнай афарбоўцы нібы тырчыць з зямлі. На шыльдачцы з партрэтам і датамі (няпоўных 38 пражытых гадоў!) вершаваныя радкі: «Ты так летать любил, тому же лётчиков учил… Но «07»-й взорвался… И ты в Ружанской пуще навсегда остался».
Дакладную дату ўстаноўкі знака не змог нам назваць ніхто: не захавалася яна. Хіба стромкая хвоя побач яе памятае, ці бярозы, што нахіліліся нізка, нібы ў паклоне.
— Хутка яго паставілі, — кажа Яўгенія Васільеўна.
Полк да 1993 года базіраваўся ў Новых Засімавічах, а калі выехаў у г. Ліда, догляд памятнага знака стаў справай гонару вайскоўцаў 210-га авіяцыйнага палігона.
— Само месца трагедыі было крыху далей, углыб ляснога масіву, — тлумачыць намеснік начальніка палігона па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Сяргей Паўлаў. — Толькі там забалочаны, цяжкадаступны ўчастак, а тут усім бачна, не патрэбны праваднік, каб адшукаць. Так што кожны, хто проста праязджае міма, можа спыніцца, схіліць галаву перад чалавекам, які цаной свайго жыцця выратаваў вёску.
Сяргей Мікалаевіч расказвае, што толькі ў сёлетнім годзе вайскоўцаў 210-га палігона афіцыйна «замацавалі» ў якасці шэфаў над памятным знакам. Ды і без гэтага яго даглядалі, у мінулым годзе, напрыклад, зачысцілі метал, нанова афарбавалі.
Вахта памяці
Мікалай Пятровіч Казакоў нарадзіўся 13.08.1953 у Лазоўскім раёне Прыморскага края, закончыў сярэднюю школу ў пасёлку Праабражэнне. Пасля вучобы ў Качынскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў праходзіў службу ў знішчальна-авіяцыйным палку. Падпалкоўнік Казакоў аддаў ваеннай авіяцыі без малага 20 гадоў. За час службы асвоіў шэсць тыпаў самалётаў, дасканала выконваў фігуры вышэйшага пілатажу, налятаў 2150 гадзін, здзейсніў каля 4000 вылетаў.
У свой час лётчык паспяхова прайшоў усе іспыты і быў залічаны ў атрад касманаўтаў, але прабыў там нядоўга: у 1988 годзе па закліку сэрца пайшоў выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. За час знаходжання тут здзейсніў 157 баявых вылетаў. За мужнасць, храбрасць і знаходлівасць быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Усе гэтыя звесткі мы знайшлі на сайце музея гісторыі Праабражэнскай базы тралавага флоту, супрацоўнікі якога штогод наладжваюць мерапрыемствы ў гонар героя-земляка. А яшчэ імя Мікалая Казакова носіць мясцовая школа, праводзяцца шахматны і валейбольны турніры яго памяці. Цяпер вось юныя краязнаўцы ўзяліся збіраць дадатковыя матэрыялы, бо лічаць М.П. Казакова дастойным прысваення пасмяротна ордэна Мужнасці.
Вельмі сімвалічна, што пісьмо ад іх мы атрымалі якраз напярэдадні значнай даты — Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. У свой час, на жаль, падрабязна не расказалі пра гэтыя падзеі: то засакрэчанай лічылася інфармацыя, то не да гэтага было ў віхуры распаду СССР, цяжкага станаўлення новай дзяржаўнасці. А потым неяк забывацца многае пачало. Але Яе Вялікасць Гісторыя ў рэшце рэшт усё расстаўляе па сваіх месцах. І ацэньвае падзеі і ўчынкі па іх рэальнай вартасці.
Ірына Сядова. Фота аўтара і з сайта pbtf.ru