Воскресенье, 8 декабря 2024

Да Дня работнікаў культуры. Знаёмцеся: аркестр Ліноўскай ДШМ

605

На старонках “раёнкі” часта гучыць назва Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў, выхаванцы якой з зайздроснай перыядычнасцю становяцца прызёрамі і пераможцамі прэстыжных музычных конкурсаў і фестываляў. Танцоры, скрыпачы, дамрысты… І, канешне, трубачы. Славутыя трубачы духавога аркестра, якім шмат гадоў кіруе выдатны патомны музыкант Аляксандр Якаўлевіч Малайчук.


Нядаўна мы пабывалі на рэпетыцыі калектыву, выступленні якога заўсёды адрозніваюцца яркай вобразнасцю і дакладным тэхнічным выкананнем. Пагутарылі з артыстамі і, шчыра кажучы, уразіліся працоўнай абстаноўкай. Дысцыплінаваныя, паслухмяныя, старанныя – дзеці працуюць зладжана і выразна.

— Працуюць на вынік! – з непрыхаванай задаволенасцю канстатуе кіраўнік.

А вынікі, сапраўды, не прымушаюць сябе чакаць. У прыватнасці, свой высокі клас ліноўскія музыканты пацвердзілі ў мінулым годзе на міжрэгіянальным свяце-конкурсе інструментальнай музыкі “Музычны калейдаскоп”, дзе атрымалі дыплом I ступені. Акрамя таго, занялі III месца на адкрытым абласным міжнародным конкурсе “Арт нова” (г.Баранавічы), дзе сабраліся сотні юных музыкаў з усёй вобласці і іншых рэгіёнаў краіны.

— З намі ездзіў наш кумір Мікіта Пышко. Мы таму і запісаліся ў аркестр, што хочацца на яго і Аляксандра Якаўлевіча раўняцца. Труба ў іх руках неяк па-асабліваму чыста гучыць, — расказваюць нам самыя маленькія трубачы Саша Жвалікоўскі і Максім Грыцэвіч, якія вучацца толькі ў першым класе ДШМ, але з’яўляюцца паўнапраўнымі членамі аркестра.

Як растлумачыў нам Аляксандр Малайчук, славутая ліноўская “зорка” Мікіта Пышко ў мінулым годзе скончыў музычную школу і паступіў у Брэсцкі музычны каледж. Настаўнікі ўскладаюць на яго вялікія надзеі. У свой час таленавіты выхаванец Ліноўскай ДШМ заняў II месца на абласным конкурсе “Крынічка”.

— Гэта быў фурор! – ганарыцца былым вучнем кіраўнік аркестра. – Звычайны хлопец з сельскай мясцовасці выйшаў на сцэну і “парваў” залу сваім майстэрствам. Мікіту віншавалі нават сапернікі. Увогуле, хочацца зазначыць, што нашы выпускнікі, у прыватнасці, Мікіта Букса, Цімафей Кіцель, Вадзім Байбак, нас не пакідаюць без сваёй увагі і шмат дапамагаюць падчас выступленняў. А музыка, у сваю чаргу, дапамагае ім атрымаць некаторыя бонусы. Напрыклад, як расказалі мае выхаванцы Рома Краўчук, Саша Крупскі, Дзіма Петруковіч, Саша Пракапеня і многія іншыя, хто сёння падчас вучобы ў каледжах і ўніверсітэтах вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, музыканты з’яўляюцца першачаргоўнікамі на атрыманне месца ў інтэрнаце, а гэта, згадзіцеся, немалаважна…

Вядома, аркестр, які існуе з 1993 года (менавіта столькі знаходзіцца “каля руля” Аляксандр Малайчук) нагадвае раку: адныя музыканты зыходзяць, іншыя прыходзяць. Але прынцыпы музычнага братэрства застаюцца ранейшымі: не чакаць пахвалы і ўзнагарод, а планамерна выпрацоўваць сілу волі, вучыцца цярпенню, канцэнтрацыі ўвагі і максімальнай сабранасці.

— Музыка, лічу, — найлепшы шлях да жыццёвага поспеху. Яна дапамагае дзецям арыентавацца адначасова ў некалькіх працэсах. Музыкант, які чытае з ліста, памятае пра мінулае, заглядвае ў будучыню і кантралюе сучаснасць. Так вучыў мой тата Якаў Сямёнавіч, музыкант з вытанчаным музычным густам, які паказаў мне прыклад у жыцці: шмат гадоў працаваў у Пружанскай ДШМ з вядучым харавым калектывам, заўсёды знаходзіў агульную мову з людзьмі і бачыў у іх толькі добрае. Так вучыць дырэктар нашай школы і бяззменны галоўны ўдарнік нашага аркестра Аляксандр Васільевіч Пракопчык, якому я вельмі ўдзячны за асабісты ўнёсак у існаванне калектыву і ўвогуле за працвітанне нашай установы культуры. Так вучу і я, — прызнаецца Аляксандр Малайчук.

Дарэчы, сёння пад яго кіраўніцтвам у аркестры згуртавалася 17 хлопцаў ад 8 да 17 гадоў. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да духавой музыкі і выдатныя музычныя здольнасці. У іх усяго дзве гадзіны заняткаў на тыдзень – і цудоўны рознахарактарны рэпертуар. “Кацюша” Мацвея Блантара, “Маруся” Аляксандра Зацэпіна, “Святочны марш” Юрыя Губарава, “The preacher man” Джыма Свірынгена, вальсы, полькі…

— Але зорак з неба мы не хапаем і пра славу не думаем. Цяпер наша галоўная задача — утрымаць планку, — дзеляцца планамі на бліжэйшую будучыню юныя музыканты. – Музыка – гэта, перш за ўсё, вялікая штодзённая, не заўсёды прывабная руцінная работа. Але пастаянныя трэніроўкі на духавых інструментах умацоўваюць наша здароўе, паколькі ў нас выпрацоўваецца правільнае дыханне.

— А галоўнае, дзеці, што? — пытаецца кіраўнік. — Пра-вільна, музыка спрыяе развіццю гарманічнай асобы. Невыпадкова ў той жа Японіі вывучэнне музыкі з’яўляецца абавязковым для ўсіх дзяцей, нездарма і ў Оксфардскім універсітэце больш за 70% выкладчыкаў фізікі і матэматыкі іграюць на музычных інструментах. Музыка з’явілася раней за слова: спачатку чалавек выдаў першы гук, закрычаў, а потым ужо загаварыў… Добра, хопіць філасофстваваць: нас кліча труба!
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).