Пажылых людзей зусім не выпадкова часам параўноўваюць з малымі дзецьмі. У тых і другіх ёсць адна асаблівасць — з імі можна адкрыта размаўляць на любую тэму. Таму, атрымаўшы рэдакцыйнае заданне напісаць пра сталага бібліятэкара, я адразу зразумела, што місію магу праваліць. Маёй гераіні 1 кастрычніка спаўняецца 90 гадоў, за плячыма — цэлая эпоха, а я буду распытваць толькі пра кнігі? Не, прабачце.
Мы гутарылі пра ўсё… Сваё доўгае жыццё Зінаіда Сяргееўна Каралько паспрабавала апісаць у некалькіх словах, але вельмі вобразна, адразу папярэдзіўшы, што яна — самы што ні на ёсць “прадукт савецкай эпохі”, які ў цяжкасцях загартоўваецца, як сталь. Упэўнена, вы ўжо здагадаліся, які літаратурны твор, можна сказаць, быў настольнай кнігай гераіні.

«Як сыр у масле»
Менавіта так мая суразмоўца ахарактарызавала сваё ранняе дзяцінства, якое прайшло ў п.Ліёзна Віцебскай вобласці. У вялікай, але «вельмі пралетарскай» сям’і расло пяцёра дзяцей, і ўсіх іх выхоўвалі па «запаветах дзядулі Леніна», партрэты якога разам з партрэтамі іншых савецкіх лідараў віселі на самым ганаровым месцы.
— І літаратуру я пачынала чытаць асаблівую, — успамінае бібліятэкар. — Да гэтага часу памятаю маляўнічае афармленне першай кнігі пра піянера-героя Паўліка Марозава. «Ну, другі чытака дома з‘явіўся», — жартавала тады мая мама. Першым быў тата. У яго была звычка па раніцах перад сняданкам чытаць газету «Известия», а потым прачытаныя навіны за сталом абмяркоўваць. Бацька быў ідэйным камуністам і верыў у светлую будучыню. Калі ў нас арганізоўваліся калгасы, то па прыкладзе дзядулі і братоў ён усю сваю сельскагаспадарчую маёмасць, увесь надзел аддаў у калгас. Быў абраны старшынёй і ў кароткія тэрміны змог вывесці гаспадарку на шлях працвітання. У 1939 годзе зверху прыйшла дырэктыва ўводзіць севазварот «па Мічурыну». Бацька, ведаючы сваю зямлю, паспрабаваў аспрэчыць загад і… вымушаны быў пайсці з калгаса. Некаторы час працаваў на хлебазаводзе экспедытарам. А калі пачалася вайна, быў мабілізаваны…
Чорная паласа
З чарнатой Зінаіда Сяргееўна параўноўвае вайну. Пакуль яе бацька ваяваў, дзядуля, які жыў у суседняй вёсцы, ратаваў вялікую сям’ю ад голаду.
— Ён нам усё прыносіў: хлеб, велізарныя такія боханы, выпечаныя на лісці, — працягвае аповед мая суразмоўца. — Мы ж у 1941-м не паспелі эвакуіравацца. Немцы пад Смаленскам спынілі і загадалі вяртацца. Вярнуліся, а дом ужо пусты: ні лыжкі, ні коўдры. Хтосьці паспеў «пагаспадарыць»… Памятаю, як упершыню ўбачыла фашыстаў і была вельмі здзіўлена. Я ўяўляла іх з рагамі, а яны аказаліся на нас падобныя… Спачатку ворагі нікога з сялян не чапалі, ім патрэбныя былі толькі «куры, масла, яйкі», зверстваваць пачалі ўжо пры адступленні. Неяк у дом зайшоў немец і пацягнуўся па слоік з соллю, думаў, мабыць, што там цукар. Пакаштаваў і — вы б бачылі выраз яго твару — як шпурне аб падлогу. Мама потым соль сабрала і прасеяла. Як жа без яе?
Памятае Зінаіда Сяргееўна і бамбёжкі.
— Пачуўся моцны гул. Выглянула ў акно, а там — вялікія «вароны». І яны пачалі падаць… Загарэлася два суседскія дамы, загінулі людзі… Падчас другога налёту бомба ўпала яшчэ бліжэй — і мяне літаральна знесла ўдарнай хваляй пад лесвіцу. Я вельмі доўга дрэнна чула… Калі ўжо ішло адступленне нямецкіх войскаў, у пасёлак прыехалі матацыклісты і пыталіся ў нас дарогу, каб абмінуць партызанаў. Адзін з немцаў на дрэннай рускай мове папярэдзіў, што за імі ідуць карнікі з эмблемамі ў выглядзе чарапоў… Нам і іншым сем’ям дапамог схавацца Віцька-паліцай (ён яшчэ напачатку вайны над сваім домам белы сцяг павесіў і з белай павязкай хадзіў). Пасля вызвалення яго судзілі, але мама і іншыя выратаваныя жанчыны хадзілі на судовыя пасяджэнні, каб за яго заступіцца. І Віцьку адправілі на прымусовыя работы…
Праз некалькі месяцаў пасля Перамогі вярнуўся са шпіталя тата.
Яркае святло
І пачалося новае жыццё, якое Зінаіда Сяргееўна параўноўвае з яркім святлом, таму што яна пачала вучыцца. Пасля вайны пайшла ў чацвёрты клас. Скончыўшы школу, адправілася спасцігаць асновы навукі ў бібліятэчны тэхнікум. І ўвесь вольны час праводзіла ў бібліятэцы, вывучала кніжны фонд.
Пасля заканчэння тэхнікума ў 1953 годзе дзяўчына была накіравана ў Брэсцкую вобласць. Адметна, што першы запіс у яе працоўнай кніжцы быў зроблены 1 кастрычніка, акурат у 22-гі дзень нараджэння.
На працягу года маладая дзяўчына працавала ў Брэсце, а пасля скарачэння штата супрацоўнікаў абласных бібліятэк была накіравана ў Пружаны. Тут і засталася.
«Васільковае» поле
— Пружаны падарылі мне надзею на светлую, як неба, будучыню. Можа, таму той шчаслівы час у мяне асацыіруецца з сапраўднай беларускай кветкай — васільком. Перада мной рассцілалася велізарнае поле для дзейнасці — я свой шанец не згубіла, — кажа жанчына, якая спачатку працавала ў раённай, а потым у дзіцячай бібліятэцы.
Некалькі разоў апошняя мяняла месца свайго размяшчэння. Напачатку 1950-х займала частку драўлянага асабняка па вуліцы Чырвонаармейскай. На яго месцы пазней быў узведзены адзін з карпусоў аграрна-тэхнічнага каледжа.
— Потым мы пераехалі ў будынак па вул.Піянерскай, 1, што насупраць райаддзела міліцыі, на другі паверх. Побач з намі функцыянаваў Дом піянераў, а ўнізе — дзіцячы садок. Затым нас перавялі ў Дом культуры, таксама на другі паверх. Там, пад скляпеннямі былога касцёла, я і працавала з чытачамі. У якасці наступнай кропкі базіравання бібліятэкі планаваўся паркавы флігель. Аднак мне ўдалося адгаварыць тагачасную старшыню райвыканкама Лідзію Іванаўну Шумскую ад няўдалай задумкі: у сырасці таго будынка кніжны фонд быў бы знішчаны за пару гадоў. Нарэшце быў здадзены ў эксплуатацыю новы дом па вул. Камуністычнай (цяпер — Р.Шырмы), і першы паверх яго аддалі кнігам. Там я і працавала да 1988 года. Фонд ведала літаральна на памяць. Дарэчы, калі ў пачатку маёй «кніжнай» кар’еры ён налічваў 10 тысяч адзінак, то ў канцы — больш за 60 тысяч кніг і іншых выданняў.
Бібліятэкар, лектар і турыст
— Падчас працы мне пашчасціла пабываць на семінарах у найпрыгажэйшых гарадах Савецкага Саюза, у тым ліку Кіеве і Львове. Апошні, дарэчы, уразіў мяне дзіўным паркам з чорнымі лебедзямі, — успамінае Зінаіда Сяргееўна.

Традыцыйна на семінарах жанчына выступала на тэму ваенна-патрыятычнага і атэістычнага выхавання.
— Так склалася, што я была выгадавана на камуністычных ідэях. У нас дома, замест абразоў, віселі партрэты Леніна і Сталіна. Калі цяпер хтосьці кажа пра былых правадыроў дрэннае, мне сумна становіцца. Але да людзей-вернікаў, трэба сказаць, я заўсёды ставілася спакойна, добра разумеючы, што рэлігію прыдумалі багацеі: каб утрымліваць у падпарадкаванні бедных… Дарэчы, я хрышчоная. Хрысцілі мяне ў прыгожым Успенскім саборы г.Смаленска. Я захаплялася ім, як творам мастацтва. Была і на споведзі. Памятаю, святар уважліва выслухаў мяне, піянерку, і сказаў: «Будзеш і камсамолкай, і камуністкай. У кожнага свая дарога». Гэта была мая адзіная споведзь.
Таленты і прыхільніца
За час кіравання бібліятэкай Зінаідзе Каралько пашчасціла сустрэцца з вядомымі пісьменнікамі, якія прыязджалі на Брэстчыну на творчыя сустрэчы.
— Мікалай Зяньковіч, Іван Шамякін, Сяргей Смірноў, — пералічвае Зінаіда Сяргееўна. — Апошняму я нават дапамагала збіраць матэрыял для кнігі «Таямніцы Брэсцкай крэпасці», паколькі ведала кожны куток былой цытадэлі. Мы з ім яшчэ чарнавікі абмяркоўвалі… Бачыла я і Канстанціна Сіманава, хадзіла на яго выступленне ў Брэсцкі драмтэатр, нават узяла аўтограф… Бясконцыя сустрэчы, семінары, лекцыі, мерапрыемствы і, вядома ж, кнігі, кнігі, кнігі… Калі б ні яны, я б ніколі не перажыла смерць свайго адзінага сына.
Незагойная рана душы
Сорак гадоў прайшло, як у выніку няшчаснага выпадку яго не стала, а жанчына, па ўласным прызнанні, усё яшчэ лягае спаць і ўстае з думкай пра яго. Партрэты маладога прыгожага юнака ў доме паўсюль.
— Не верце таму, хто кажа, што боль з часам праходзіць. Чым старэй, тым мацней сыходзіць крывёй матчына сэрца… Неяк прысніўся сон, што сын вярнуўся, а зайсці не можа: дзверы зачынены… І я сябе вінавачу… Мой сын вельмі шмат чытаў, ведаючы, што ў кнігах можна знайсці адказы на ўсе пытанні. А я зараз, на жаль, чытаю мала: зрок не дазваляе. Але «раёнку», якую выпісваю шмат гадоў, прачытваю ад пачатку да канца: ад прагнозу надвор’я да спачуванняў, праз якія даведваюся, хто пакінуў наш свет… Ведаеце, пра што я мару? Калі б была веруючай, то, напэўна, сказала б, што хачу ў рай. А так аднаго хочацца — не быць нікому клопатам, не ляжаць, а ціха сысці з зямлі.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік