Четверг, 16 января 2025

Да Дня пажарнай службы: бацька і сын Бармуты

1 112

Сямейныя дынастыі вітаюцца ў любой сферы дзейнасці. Гэта абумоўлена тым, што каштоўны вопыт, назапашаны папярэднім пакаленнем, напрамую перадаецца нашчадкам. Адыгрываюць ролю і ўласны прыклад. Але галоўнае ў тым, што «дынастычная лесвіца» складваецца толькі там, дзе існуе адказнае і добрасумленнае стаўленне да сваёй прафесіі.

Дынастыі можна адшукаць у любой прафесіі, ёсць яны ў пажарнай службе. Сыны па прыкладзе сваіх бацькоў таксама імкнуцца ахоўваць спакой людзей, змагацца з вогненнымі здарэннямі, ратаваць пацярпелых у аварыях і іншых надзвычайных сітуацыях.

Менавіта так склалася ў сям’і Бармутаў. Віталь Уладзіслававіч адслужыў у органах МНС больш за два дзесяцігоддзі на пасадзе вадзіцеля пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №17 аг.Сухопаль. За гэты час яму давялося ўдзельнічаць у тушэнні мноства пажараў, ратаваць людзей. Як добры работнік мае адзнакі і граматы за выдатную службу. Неаднаразова дома трывожыліся за бацьку і мужа, які адправіўся пасярод ночы на выклік. Жаданне прысвяціць сябе гэтай жа справе бацька перадаў старэйшаму сыну Дзянісу. У гэтым годзе Віталь Уладзіслававіч збіраецца на заслужаны адпачынак. І так склалася, што менавіта сёлета яму на змену прыйшоў Дзяніс: ён служыць вадзіцелем часці №2 г.п.Шарашэва.

Трэба сказаць, што Бармута-малодшы годна спраўляецца са службай. За некалькі месяцаў ён неаднойчы выязджаў на трывожныя выклікі, прымаў удзел у тушэнні пажараў у шчарчоўскай зоне. Таму можна спадзявацца, што праз некаторы час атрымае свае заслужаныя ўзнагароды.

І магчыма, праз колькі год Дзяніс перадасць назапашаны вопыт ужо свайму сыну. Тым больш, што нядаўна ён ажаніўся.

На здымку: Віталь Уладзіслававіч і Дзяніс Вітальевіч Бармуты.
Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).