Вторник, 18 марта 2025

Да Дня народнага адзінства. Гісторыя сведчыць…

370

Сёння мы ўпершыню адзначаем новае свята — Дзень народнага адзінства. Гэта дата – добрая нагода яшчэ раз нагадаць пра трагедыю падзеленай Беларусі, пра перыяд, які завяршыўся 17 верасня 1939 года.

Лепшы спосаб пераадолець спакусу – паддацца ёй
Незалежная Польшча з’явілася 11 лістапада 1918 года. Яе ўсходняя мяжа, як мы ўжо ўзгадвалі ў папярэдніх публікацыях, была вызначана толькі ў сакавіку 1921 года Рыжскім мірным дагаворам з Савецкай Расіяй і Савецкай Украінай. Беларусы ў перамовах прадстаўлены не былі.

Адроджаная Польшча была складзена з тэрыторый, якія раней належалі тром імперыям – Аўстра-Венгерскай, Германскай, Расійскай. Кожнай з іх быў уласцівы свой эканамічны ўклад, жыццёвы ўзровень, шэраг палітычных свабод.

Была пастаўлена тытанічная задача – з такіх розных тэрыторый стварыць адзіную дзяржаву. Яна абцяжарвалася тым, што ледзь не палову насельніцтва складалі нацыянальныя меншасці. Што рабіць з імі? Прызнаць права на самабытнае існаванне ці ўзяць курс на бескампрамісную асіміляцыю?

Перамагла спакуса адчуць сябе пануючым народам, Праметэем, які ахвярна нясе агонь цывілізацыі на Усход. Балазе, было каму: амаль палова беларускіх і чвэрць украінскіх земляў дасталіся Польшчы.

У выніку атрымалі цяжкую для краіны сітуацыю – на канец 1930-х нацыянальныя меншасці сталі на варожыя дзяржаве пазіцыі. Любіць даваенную Польшчу ім не было за што.

Пра лепшае жыццё — з газет
Дзядуля аўтара ўспамінаў, калі ўпершыню ён даведаўся пра тэлебачанне: у 1930-ыя гады з газетнага артыкула. Газету прынёс брат і прачытаў, што хутка ў жыццё ўвойдзе такое вынаходства, якое дазволіць дома глядзець фільмы,  адпадзе неабходнасць у кінатэатрах. 

Аднак беларускай вёсцы такі прагрэс не пагражаў. Беспрасветная бедната была яе спадарожніцай. Яшчэ ў 1930-х гадах у селянскіх гаспадарках выкарыстоўвалася драўляная саха. Веласіпед па кошце быў роўны карове. Вучыцца ў гімназіі, тым больш, ва ўніверсітэце, маглі дазволіць сабе адзінкі.

Пра лепшае жыццё можна было даведацца з газет, але такое чытанне толькі абвастрала пачуццё безнадзейнасці.

“Я не чалавек, я паляшук…”
Сацыяльнае бяспраўе дапаўнялася нацыянальным. Не дапускаліся самыя малыя спробы росту нацыянальнай самасвядомасці. Разумеючы велізарны ўплыў рэлігіі на сялянскія масы, заахвочвалася выкарыстанне польскай мовы ў праваслаўным набажэнстве і пропаведзях.

Калі святар не ведаў дзяржаўнай мовы, мог выкарыстоўваць мясцовы дыялект, але катэгарычна забараняліся літаратурныя беларуская і ўкраінская мовы.

Каб прыменшыць у грамадскай свядомасці праблему нацыянальных меншасцей, беларусы і ўкраінцы штучна падзяляліся на дробныя этнічныя групы.

У студэнцкія гады мне давялося трымаць у руках падручнік па геаграфіі Польшчы 1919 года выдання. Гэта быў дапаможнік па нацыянальнай перавазе і фанабэрыі. Дасталася ўсім.

Палешукі, вылучаныя ў асобную этнічную групу, без хітрыкаў зваліся самым забітым са славянскіх плямёнаў. “Я не чалавек, я паляшук”, – так, па словах аўтара, казалі палешукі самі пра сябе.

“Numerus nullus” і “numerus clausus”
Беларусам і ўкраінцам было проста закрыць дарогу да адукацыі – высокай платай за навучанне. Але што рабіць з тымі, каго вобразна называлі “народам Кнігі” – яўрэямі? Народам, які стагоддзямі быў пагалоўна пісьменным? Пытанне грошай тут не стаяла так востра, як у земляробаў, таму патрабаваліся іншыя перашкоды.

Правыя партыі выступілі з ініцыятывай “numerus clausus” – абмежавання колькасці яўрэяў ва ўніверсітэтах. Пасля ўвядзення абмежаванняў у справу пайшла барацьба за новую ініцыятыву – “numerus nullus” – гэта значыць, колькасць яўрэяў-студэнтаў павінна была зменшыцца да нуля.

Было вернута сярэдневяковае “prawo lawkowe” – сегрэгацыя студэнтаў-хрысціян і студэнтаў-іудзеяў у аўдыторыі. Яўрэям адводзілася левая частка, хрысціянам – правая .

Адзін з маіх суразмоўцаў, у мінулым студэнт Віленскага ўніверсітэта, успамінаў пра “гістарычны” дзень, калі стала дзейнічаць “права”. Справа скончылася бойкай. Палякі перамаглі, прымусілі яўрэяў прызнаць новаўвядзенне. Але раніцай аднаго з польскіх актывістаў знайшлі ўтопленым у прыбіральні. 

Успыхнулі беспарадкі. Конная паліцыя акружыла ўніверсітэт, каб канфлікт не перакінуўся на горад, але на тэрыторыю не ўвайшла: яшчэ адно старадаўняе правіла забараняла паліцыі знаходзіцца ва ўніверсітэцкіх сценах. На перамовы са сваімі студэнтамі паехаў рэктар.

Няпростыя адносіны з будучымі братамі
Сярод экспанатаў школьнага музея вёскі Дастоева Іванаўскага раёна ёсць банкнот Аўстра-Венгерскай імперыі наміналам дзве кроны. Надпісы буйным шрыфтам выкананы на мовах дзяржаваўтваральных народаў – нямецкай і вянгерскай. Шрыфтам драбней – на мовах іншых народаў шматнацыянальнай імперыі. У тым ліку кірыліцай па-ўкраінску: “двi корони”.

Украінцы ў Аўстра-Венгрыі валодалі тымі ж палітычнымі правамі, што і іншыя народы. У Польшчы яны сталі бяспраўнай меншасцю. Барацьба мірнымі метадамі была часцяком немагчымая. У выніку паўсядзённасцю Другой Рэчы Паспалітай стаў украінскі тэрарызм.

Гераіня папулярнага некалі польскага фільма «Па-банку-2» узгадвае, дзе яна магла бачыць пана начальніка турмы: “Магчыма, на балі ў светлай памяці міністра Перацкага?”.

Браніслаў Перацкі, міністр МУС, быў забіты ўкраінскімі нацыяналістамі ў 1934 годзе.

Сёння Польшча, Украіна і Літва выступаюць салідарна па шматлікіх знешнепалітычных праблемах, у тым ліку і па “беларускім пытанні”.

У міжваенны перыяд і польска-ўкраінскія, і польска-літоўскія адносіны былі далёкія ад ідыліі. Часам нелады ў адносінах ледзь не даходзілі да адкрытага канфлікту. 

Сучаснік эпохі дзяліўся ўспамінамі пра адзін такі эпізод.

У памежным канфлікце літоўцы забілі двух польскіх пагранічнікаў. Пасля гэтага ў Вільню прыехаў адзін з польскіх лідараў Эдвард Рыдз-Сміглы. Па словах суразмоўцы, ён “ніколі ў жыцці не бачыў такога натоўпу людзей”. Дзясяткі тысяч чалавек сустракалі кіраўніка ганебным воклічам: “Марш на Коўна! Марш на Коўна!”. Так будучая літоўская сталіца выказвала стаўленне да польскай “Радзімы”..
 
“Риббентроп преподносит Улановой…”
“Полыхает кремлевское золото,
Дует с Волги степной суховей.
Вячеслав наш Михайлович Молотов
Принимает берлинских гостей.

Карта мира меняется заново,
Челядь пышный готовит банкет.
Риббентроп преподносит Улановой
Хризантем необъятный букет”.

Так паэтычнымі радкамі намаляваў Аляксандр Гарадніцкі візіт міністра замежных спраў Германіі Іаахіма фон Рыбентропа ў Маскву. Вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб сяброўстве і ненападзе, шырока вядомага пад назвай “Пакт Молатава-Рыбентропа”.

Аднак справядлівасці дзеля адзначым, што, перш чым у Маскве чэлядзь банкет рыхтавала, Рыбентропа частавалі гарэлкай і ікрой на прыёмах у Варшаве, а дарожнаму маршалу Герману Герынгу ўладкоўвалі сапраўды каралеўскія паляванні ў Белавежскай пушчы.

У даваеннай Польшчы самыя розныя палітыкі правых поглядаў не хавалі сваёй сімпатыі да Адольфа Гітлера. Гістарычным кур’ёзам сёння выглядае тое, што непрымірымыя антаганісты мелі падобныя погляды на нямецкага фюрара.

Польскім вярхам імпанавалі антысемітызм і антыкамунізм гітлераўскага рэжыму. Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў мела шчыльныя кантакты з нямецкай разведкай. Надзеі нешматлікіх беларускіх нацыянал-сацыялістаў былі падобныя з украінскімі. “Гітлерызм – адзіная наша надзея. Іншым шляхам незалежнасці не атрымаем”, – казаў Уладзіслаў Казлоўскі, нацыст, забіты пасля падпольшчыкамі ў Мінску.

Неўзабаве польскія вярхі расчаравалі Гітлера сваёй няўступлівасцю. Адносіны астудзелі, але гэта не адмяняе факт супрацоўніцтва ідэйна блізкіх рэжымаў.

“Хітрай ведзьмы няма ў жывых…”
Дзесьці дзесяць гадоў назад маім суседам па бальнічнай палаце апынуўся дзевяностагадовы дзед, які слаба бачыў у сілу ўзросту, але захаваў яснасць розуму. У 1939 годзе ён павінен быў пайсці ў выпускны клас Варшаўскай гімназіі №2. Я спытаў, ці быў ён у Варшаве ў трагічныя вераснёўскія дні? Адказам было: “Тады дурняў не было. Сядзелі па хатах і чакалі, хто першы падаспее: бальшавікі ці немцы”.

Дзяржаву, якая абрыдла, ніхто абараняць не жадаў. А 17 верасня фінал стаў відавочны: Чырвоная армія перайшла мяжу. Гэта быў рэванш за паражэнне ў 1920 годзе.

”Панскай Польшчы няма больш, хітрай ведзьмы няма ў жывых!” – пісаў у тыя дні Лебедзеў-Кумач.

”Хітрая ведзьма”, якая змагла нажыць за два дзесяцігоддзі мноства ўнутраных і знешніх ворагаў, знікла з палітычнай карты. Наступныя некалькі гадоў сталі аднымі з самых трагічных у гістарычным лёсе польскага народа, які заплаціў дарагой цаной за авантурызм сваёй кіруючай эліты.

Але для беларусаў, іншых нацыянальных меншасцяў 17 верасня стала днём вызвалення. Савецкую ўладу сустрэлі добразычліва. Новы дзень даваў новыя надзеі.

Алег Кунец