Вторник, 18 февраля 2025

Да Дня моладзі: БРСМ – гэта адна вялікая сям’я

2 241

Дзень моладзі — гэта свята запалу, энергіі, радасці, самасцвярджэння і рамантыкі. Напярэдадні гэтага выдатнага свята мы вырашылі пагутарыць з першым сакратаром раённага камітэта БРСМ Аляксандрам Бабігорцам наогул аб моладзі і аб членах БРСМ у прыватнасці.


— Дык які ён, радавы член БРСМ?
— Гэта малады чалавек ад 14 да 31 года: навучэнец, студэнт, працаўнік. Гэта актыўны чалавек, які шукае аднадумцаў, хоча праявіць свой патэнцыял. Напрыклад, у тым, каб рабіць дабро. Многія маладыя людзі, можа, і хацелі б зрабіць штосьці добрае для навакольных, але саромеюцца ці не ведаюць, як гэта зрабіць. А ў нашай арганізацыі заўсёды падкажуць. І няхай гэта будзе ўсяго толькі дастаўка прадуктаў харчавання на дом пажылым людзям…


— Аднак у вашай арганізацыі ёсць шмат іншых напрамкаў дзейнасці. Раскажыце, якія з іх з’яўляюцца прыярытэтнымі?
— Асноўныя з іх —грамадска-патрыятычная дзейнасць і другасная занятасць, валанцёрства, культурны адпачынак, работа ў інтэрнэт-прасторы з моладдзю. Прыярытэты застаюцца ранейшымі — любоў да гістарычнага і гераічнага мінулага і культуры свайго народу, а таксама павага да дзяржаўных сімвалаў, роднай мовы, Радзімы. Для гэтага ў нас існуюць розныя метады: сустрэчы членаў БРСМ з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, якія найперш выхоўваць у моладзі паважлівыя адносіны да гісторыі Радзімы, шматлікія конкурсы, урачыстае ўручэнне пашпартоў юнакам і дзяўчатам, разнастайныя праекты, накшталт “Кнігі памяці”, вучаць патрыятызму.


— Давайце больш падрабязна спынімся на другаснай занятасці. Як тут можа дапамагчы маладзёжная арганізацыя?
— Другасная занятасць — гэта праца, якую мы можам дапамагчы знайсці ў якасці дадатковага заробку, для тых членаў, хто вучыцца. Працаваць маладыя людзі могуць як на адпачынку і канікулах, так і па буднях ці выхадных. У адрозненне ад валанцёрства такая праца аплачваецца. У нас ёсць пералік арганізацый, якім патрабуюцца работнікі на разавыя работы. Іх мы прапануем маладым людзям, якія хочуць стаць удзельнікамі студатрадаў. Бонус у тым, што ў такіх выпадках з іх аплаты не спаганяецца падаходны падатак.

— Ці павялічваецца колькасць членаў РК БРСМ з кожным годам?
— Яна застаецца практычна на тым жа ўзроўні, таму што хтосьці прыходзіць, а хтосьці выбывае. 11-класнікі становяцца студэнтамі і з’язджаюць у іншыя гарады, на іх месца прыходзяць новыя навучэнцы.


— Выезды на прыроду з палаткамі і гітарай застаюцца для членаў БРСМ актуальнымі, як і для іх папярэднікаў-камсамольцаў?
— Турыстычныя злёты — гэта абавязковы складнік нашага жыцця. Яны бываюць у нас кожны год летам: раённыя, абласныя, рэспубліканскія і міжнародныя. У ліпені ў нас будзе раённы трохдзённы турзлёт на возеры Паперня для тых, каму ад 18, і працоўнай моладзі. Таксама ёсць у нас “Зарніца” для вучняў 8-9 класаў і “Арляня” для старэйшых школьнікаў. Яны праходзяць на базе цэнтра турызму і краязнаўства ў Рудніках. Тады вучні сапраўды адчуваюць паходны побыт, вучацца разводзіць вогнішча і гатаваць ежу, удзельнічаюць у творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Для моладзі турзлёты – выдатная магчымасць знайсці сабе сяброў, згуртавацца, актыўна адпачыць.


— А юнакі і дзяўчаты з часоў Вашых школьных гадоў і юнацтва моцна адрозніваюцца ад сучасных?
— Мне 33 гады, і я б не сказаў, што мы былі зусім іншыя ў 18 гадоў. Магчыма, былі іншыя захапленні. Сучасная моладзь больш пагружана ў мір віртуальны, чаго ў наш час не назіралася. Я, напрыклад, першы мабільны тэлефон убачыў калі вучыўся ў старэйшых класах. Гэта была мадэль з 16-танальнай паліфаніяй, і ён быў з кнопкамі. Уявіце, як зараз далёка мы пайшлі… Наогул жа за восем гадоў, як я ўзначальваю нашу раённую маладзёжную арганізацыю, не магу сказаць, што моладзь неяк змянілася. Яна як была класнай, такой і застаецца.


— Ці патрабуюцца нейкія дадатковыя якасці для работы з моладдзю?
— Трэба быць камунікабельным і ўмець пераконваць, даходліва тлумачыць. Закрытаму чалавеку будзе не камфортна на такой пасадзе. А яшчэ — мець лідарскія якасці, арганізатарскія здольнасці, каб усіх кансалідаваць.


— Ці часта маладыя людзі самі выступаюць ініцыятарамі праектаў і мерапрыемстваў?
— Вядома. Нядаўна да нас звярнуліся юнакі, якія хочуць стварыць невялікую варкаўт-пляцоўку пад адкрытым небам, куды можа прыйсці любы жадаючы і пазаймацца спортам. Зараз мы працуем над гэтым праектам. Яшчэ не так даўно на адной дыялогавай пляцоўцы юнакі з гімназіі прапанавалі лепш асвятліць гарадскі парк у цёмны час сутак – і гэта было зроблена.


— Ці дапамагае па жыцці выхадцам з БРСМ той факт, што яны калісьці былі яго членамі?
— Думаю, што дапамагае. Па-першае, тыя, хто ўдзельнічае ў валанцёрскім руху, становяцца неабыякавымі да іншых людзей. Па-другое, становяцца больш культурнымі. Яны не перавернуць сметніцу, не патопчуць кветкі, бо ведаюць цану працы. Сумесныя праекты збліжаюць людзей, робяць іх больш камунікабельнымі, адкрытымі, у іх з’яўляюцца новыя сябры, раскрываюцца іх таленты. Усё гэта дапамагае па жыцці. БРСМ — гэта адна вялікая сям’я. І нават калі ты знаходзішся ў іншым рэгіёне краіны і ў цябе здарылася якая-небудзь непрыемнасць, то ты можаш патэлефанаваць у мясцовую арганізацыю БРСМ і папрасіць дапамогі. Са мной такое не раз здаралася, і мяне заўсёды выручалі!

Інтэрв’ю ўзяла Ірына Гавака.