Штогод у апошнюю нядзелю верасня ў нашай краіне па традыцыі адзначаецца Дзень машынабудаўніка. Гэтае свята з’яўляецца прафесійным для калектыву Пружанскага завода радыёдэталей, які выпускае масавую прадукцыю для аснашчэння аўтамабіляў, аўтобусаў, трактароў і іншай тэхнікі, што вырабляецца беларускімі вытворцамі. Машынабудаўнічая сфера айчыннай эканомікі выпускае значную частку нацыянальнага валавога прадукту. І пэўная доля ў ёй належыць пружанцам. Зразумела, што як у маштабе краіны, так і для нашага рэгіёна падобная вытворчасць — адзін з лакаматываў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Таму лагічна, што сітуацыя ў машынабудаўнічай сферы рэспублікі, а для нас — на заводзе радыёдэталей, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі грамадства. Чым жыве ААТ «ПЗР», якія будуе планы на будучыню?
Пружанскі завод радыёдэталей — з аднаго боку, невялікая часцінка цэлага шэрага машынабудаўнічых заводаў Беларусі, якія са сваёй тэхнікай «адзначыліся» амаль ва ўсіх кутках планеты. Але наўрад ці гэтую «часцінку» можна назваць дробяззю: больш за 97% вырабляемай прадукцыі завод пастаўляе на ўнутраны рынак.
Удзельная вага ў агульным аб’ёме рэалізацыі вытворцам аўта-трактарнай тэхнікі і камплектуючых да іх складае 86-88% (у тым ліку дзве трэці адгрузак на ААТ «МТЗ»). Астатнія спажыўцы — ТАА «Палессе» (камплектуючыя для дзіцячых машынак і многае іншае для падрастаючага пакалення), ЗАТ «Атлант» Баранавічы (айчынныя пральныя машыны-аўтаматы), гандлёвыя арганізацыі і іншыя вытворчасці. Сёння завод выпускае ўсю наменклатуру аўтатрактарных жгутоў для айчыннай сельгастэхнікі, дадаткова камплектуе сваёй прадукцыяй канвеерныя лініі акцыянерных таварыстваў «МАЗ», «Гомсельмаш», «МЗКТ», «Амкадор», «БелАЗ». Гэта дазваляе айчынным прамысловым аўтагігантам не шукаць адпаведныя камплектуючыя за мяжой, як было раней. З дапамогай калектыву ААТ «ПЗР» машынабудаўнічыя прадпрыемствы па праграме імпартазамяшчэння маюць магчымасць істотна зніжаць выдаткі на канчатковы прадукт.
Працуюць над асартыментам
Відавочна, што монавытворчасць, арыентаваная толькі на адзін від прадукцыі, рызыкуе будучымі прыбыткамі і можа згубіць інструментальны і кадравы патэнцыял. Гэта ўлічваюць і на заводзе радыёдэталей, дзе паралельна з выпускам аўтамабільных камплектуючых вырабляюць і іншы асартымент: мэблевую фурнітуру, скабяныя вырабы, цокалі для лямпачак, сельскагаспадарчы інвентар і многае іншае. Разам з гэтым пашыраецца і спіс аўтатрактарных камплектуючых, асвоены выраб камплекту прыборнага шчытка кабіны сельгастэхнікі. Акрамя таго, аказваюцца паслугі іншым арганізацыям па гальванапакрыцці і рамонце абсталявання агульнага і спецыяльнага прызначэння.
Ці спыняюцца завадчане на дасягнутым? Як расказвае дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Пружанскі завод радыёдэталей» А.В.Каласей, у адпаведнасці з распрацаваным і ўзгодненым з Міністэрствам прамысловасці бізнес-планам развіцця на 2020 год, на прадпрыемстве надаецца ўвага ўсім аспектам жыццядзейнасці стабільнай арганізацыі. А іх нямала:
— выкананне даведзеных ключавых паказчыкаў, неабходных для стабільнасці фінансава-гаспадарчай дзейнасці;
— тэхнічнае пераўзбраенне;
— рэалізацыя распрацаваных мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў;
— асваенне інавацыйнай імпартазамяшчальнай прадукцыі;
— рэалізацыя плана мерапрыемстваў па энергазберажэнні;
— стварэнне бяспечных умоў працы;
— рэалізацыя «Праграмы павышэння якасці прадукцыі на 2016-2020 гг.»;
— працоўны патэнцыял, павышэнне ўзроўню жыцця работнікаў.
І сярод гэтых задач нельга вы-дзеліць найбольш важныя: выконваць неабходна ўсе адначасова, пераадольваючы на такім шляху нямала складанасцяў. Напрыклад, сур’ёзнае выпрабаванне чакала вясной і летам бягучага года, калі ў складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы давялося вырашаць пытанні набыцця матэрыялаў і камплектуючых, павелічэння тэрмінаў вырабу прэс-формаў, неабходных для асваення новых вырабаў, у сувязі з ростам захворванняў прафесіяналаў, занятых у іх выпуску.
Ці хапае сілы?
З гонарам Андрэй Васільевіч адзначае, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, калектыў спраўляецца з пастаўленымі задачамі.
— Калі коратка, то плануецца выкананне ўсіх даведзеных ключавых паказчыкаў за 9 месяцаў бягучага года,— пералічвае дырэктар акцыянернага таварыства.— Сёлета намі асвоены новы выраб — чахол для гнёздавых кантактаў, які забяспечвае абарону ад пранікання вільгаці і пылу. На этапе вырабу доследныя ўзоры імпартазамяшчальнай прадукцыі: ушчыльняльнікі для герметызацыі раз’ёмаў і дзве гнёздавыя калодкі. Да канца года плануецца асвоіць серыйны выпуск яшчэ чатырох найменняў камплектуючых для аўтатрактарных жгутоў.
Таксама рэалізаваны ў рамках выканання праграмы па энерга-зберажэнні інвестыцыйныя планы па «Тэхпераўзбраенні ўчастка гальванікі з паэтапным набыццём выпрамляльнікаў», што дазволіла значна знізіць энергазатраты на ўчастку гальванічнай вытворчасці.
Аб паспяховай рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на аптымізацыю выдаткаў, сведчыць той факт, што затраты па выніках бягучага года ўдалося знізіць на 3,4% замест запланаваных на сёлета 0,8%.
Відавочна, што гэтаму спрыяе працоўны патэнцыял калектыву завода радыёдэталей, а таксама разумная кадравая палітыка. Істотная ўвага на прадпрыемстве надаецца арганізацыі сістэмы кіравання аховай працы, якая дазваляе забяспечваць бяспеку жыцця і здароўя на ўсіх вытворчых працэсах. Для работнікаў, занятых на ўчастках з павышанай небяспекай, праводзіцца навучанне па пытаннях аховы працы.
Пытанні якасці не менш важныя пры цяперашняй канкурэнцыі сярод вытворцаў. Рэалізацыя мерапрыемстваў праграмы якасці дазваляе забяспечыць запланаваны ўзровень дэфектнасці прадукцыі: плануецца правесці сертыфікацыю ўкаранёнага ў красавіку 2020 года стандарту ISO/TS 16949, які дазволіць ААТ «ПЗР» пашырыць магчымасці экспартных паставак.
Ну, і вядома, людзі
Калектыў завода значна памаладзеў, сярэдні ўзрост працоўных складае 39 гадоў. Пашырыліся і штаты: сёння на заводзе працуе больш за 170 чалавек і кожны тут на сваім месцы. Сапраўднага спецыяліста: ліцейшчыка, паяльшчыка або вязальшчыка жгутоў — сёння знайсці не так проста, ні адна навучальная ўстанова ў краіне іх не рыхтуе. Таму навучанне арганізавана непасрэдна на працоўных месцах. А каб будучыя прафесіяналы набраліся вопыту і атрымалі адпаведную кваліфікацыю, патрабуецца не адзін год. Таму кожны завадчанін, які аддаў немалую частку свайго жыцця прадпрыемству або толькі-толькі прыйшоў працаваць сюды, ацэньваецца на вагу золата, што адлюстравана ў забеспячэнні работнікаў усім неабходным для работы, быту і адпачынку.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).