15 мая ў дзіцячым садзе № 3 г. Пружаны весела і цікава прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, прымеркаваны да Міжнароднага дня сям’і. Правядзенне такіх мерапрыемстваў у нашай установе стала традыцыяй.
Дзень пачаўся з акцыі-віншавання «Ад сэрца да сэрца», у рамках якой законныя прадстаўнікі выхаванцаў былі запрошаны паўдзельнічаць у рэжымных момантах садка: ранішняй зарадцы і тэматычных занятках усіх узроставых груп.
Акрамя таго, усе жадаючыя мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з установай адукацыі. Так, я, як загадчык дзіцячага сада правяла экскурсію па тэрыторыі і памяшканнях дашкольнай установы. Музычны кіраўнік Таццяна Сёмуха пазнаёміла бацькоў з «Беларускай хаткай», створанай у садку. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Дзямчук правяла гасцей у «Пакоі па асновах бяспекі жыццядзейнасці», а выхавацель Надзея Юрэня – у кабінет «Інфарматыка без разеткі». Разам з педагогам-псіхолагам Вольгай Грышкевіч бацькі пабывалі ў сэнсарным пакоі, а з кіраўніком фізічнага выхавання Інай Кульгаўчук – у плавальным басейне.
Запамінальнай аказалася спартыўная забава, арганізаваная кіраўніком фізічнага выхавання Юрыем Еўтуховічам. Падчас мерапрыемства выхаванцы і бацькі прайшлі разнастайныя выпрабаванні, дэманструючы спрыт, шпаркасць і смеласць. Дастойна выканаўшы заданні, удзельнікі былі ўзнагароджаны прызамі. Завяршылася імпрэза ўзнагароджваннем пераможцаў і актыўных удзельнікаў конкурсаў.
Законныя прадстаўнікі выхаванцаў убачылі жыццё дзіцячага сада знутры такім, якім яго бачаць іх дзеці, па заслугах ацанілі работу супрацоўнікаў установы.
Наталля Пашкевіч, загадчык дзіцячага сада № 3 г. Пружаны