Суббота, 15 марта 2025

Прыгажосць і парадак — гэта іх работа. Да 80-годдзя КУВП «Камунальнік»

522

Літаральна ў першыя дні вызвалення Пружаншчыны ад гітлераўскіх захопнікаў паўстала пытанне наконт аднаўлення народнай гаспадаркі раёна. Аднак у той жа момант неабходна было нанава будаваць дамы ў райцэнтры, узнімаць з руін камунікацыі і іншыя прыкметы гарадскога жыцця. Значная частка Пружан — ад Белых лавак і Свята-Аляксандра-Неўскага храма да моста па вул. Р. Шырмы і тэрыторыі цяперашняга малочнага камбіната па вул. Горына-Каляды — ператварылася ў суцэльнае папялішча. Пацярпеў шэраг будынкаў і на іншых вуліцах.

Таму ўжо праз пяць дзён пасля заканчэння баёў на гарадскіх вуліцах быў створаны Гаркамгас — гарадская камунальная гаспадарка, перад якой пастаўлены адпаведныя задачы. Менавіта з таго дня — 22 ліпеня 1944 года — і вядзе адлік свайго развіцця камунальнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Камунальнік».

З нагоды 80-гадовага юбілею прадпрыемства мы сустрэліся з яго дырэктарам Сяргеем Бабруком, каб пагаварыць пра развіццё ЖКГ за мінулыя гады і пра далейшыя перспектывы ў гэтай сферы.

— Паспяховае выкананне задач тых першых пасляваенных гадоў нібыта заклала падмурак у нашы прынцыпы: заўсёды спраўляцца з любымі цяжкасцямі, — зазначае Сяргей Васільевіч. — І гэту традыцыю наша прадпрыемства працягвае па сённяшні дзень.

Многае давялося перажыць службе ЖКГ у мінулыя гады. Паступовы рост аб’ёмаў выконваемых работ суправаджаўся павелічэннем калектыву, пашырэннем узброенасці прыладамі працы, тэхнікай, вытворчымі аб’ектамі. Камунальная служба расла, ахопліваючы спачатку горад, потым гарадскія пасёлкі і на сённяшні дзень — практычна ўсе населеныя пункты Пружаншчыны. У розныя гады арганізацыяй кіравалі Цыпік (гісторыя не захавала ініцыялы першага дырэктара), К.І. Капштэйн, А.Ц. Барынаў, Г. Пасекаў, В.А. Якубенка, Л.А. Паўлюсюк, М.К. Клімчук, А.П. Касцюк, А.М. Губкін, Я.К. Куцэнка, А.А. Кот, А.Ф. Шопік. Менавіта Алегу Фёдаравічу Шопіку «дастаўся» самы напружаны перыяд. Ён узначаліў РВА ЖКГ (а потым КУВП «Камунальнік») у перыяд перабудовы, потым кіраваў прадпрыемствам у «ліхія 90-я», стаяў на пачатку росквіту сферы ЖКГ, яе ўмацавання, і ў многім дзякуючы яго кіраўніцкаму таленту да 2020 года камунальная галіна набыла той выгляд, што яна захоўвае і зараз.

Для работнікаў участка «Добраўпарадкаванне» працоўны дзень пачынаецца літаральна з першымі прамянямі сонца і заканчваецца пасля яго захаду. Дзякуючы такой плённай працы наш горад становіцца прыгажэйшым.

За той жа перыяд сіламі «Камунальніка» Пружаны сталі сапраўды еўрапейскім горадам, які зараз немагчыма назваць былым правінцыйным словам «мястэчка». З’явіліся ўсе неабходныя для камфортнага жыцця прыкметы, зручнасці, аб’екты, склаўся адпаведны працоўны штат, сіламі якога можна выконваць і выконваюцца ўсе першачарговыя задачы.

— Сяргей Васільевіч, а што ўяўляе сабой прадпрыемства сёння?

— Структура арганізацыі ўключае 12 асноўных падраздзяленняў. Гэта — унутраныя службы, такія, як бухгалтэрыя, вытворча-тэхнічны і планава-эканамічны аддзелы, сектар юрыдычнай службы, а таксама асноўныя вытворчыя — аўтаспецгараж, дапаможны ўчастак («Зелянгас»), жыллёвы цэх, участкі «Добраўпарадкаванне» і «Саначыстка», энергетычная служба, водазабеспячэнне і каналізацыя, цеплазабеспячэнне, будаўнічая брыгада, дыспетчарская. Асобнага ўпамінання заслугоўвае разлікова-даведачны цэнтр, які працуе ў непасрэдным кантакце з абанентамі. Даволі значны спіс абслугоўваемых аб’ектаў, пры тым, што значная частка з іх знаходзіцца ў сельскай мясцовасці.

Камунальная служба аказвае паслугі тэхнікай і насельніцтву раёна. Агрэгаты павінны працаваць бездакорна, каб з боку кліентаў не было заўваг. Менавіта такога правіла прытрымліваюцца на Шарашэўскім участку.

Дзякуючы такому раскладу мы можам праводзіць будаўнічыя і аднаўленчыя работы, рамантаваць жылы сектар, вулічныя сеткі асвятлення і многае іншае. Работы хапае круглы год, нягледзячы на сезоны ці стан надвор’я. І ўсе яны сыходзяцца да аднаго — зрабіць нашу малую радзіму самай прыгожай.

— Мяркуючы па водгуках гасцей, якія пабывалі на святкаванні 590-гадовага юбілею летась, а таксама сёлета — на «Вытоках» і «Сонцастаянні», з гэтай задачай пружанская ЖКГ выдатна спраўляецца.

Для цеплазабеспячэння гараджан і шэрага сельскіх населеных пунктаў у структуры арганізацыі дзейнічае шэраг кацельняў. На гэтых аб’ектах зараз ідзе падрыхтоўка абсталявання.

— Сапраўды, нам давялося вытрымаць нялёгае выпрабаванне, таму што трэба было паказаць прыезджым мясцовыя славутасці, падтрымліваць парадак і пры гэтым пацвердзіць, што Пружаны — сучасны горад, які адпавядае запытам ХХІ стагоддзя. Мы паспяхова справіліся з гэтай задачай, што таксама пацвярджае сілу традыцый, закладзеных яшчэ ў 1944 годзе. Мяркую, што праз 10, 20 або 100 наступных гадоў нашы нашчадкі будуць заслужана паўтараць мае словы, нягледзячы на тыя складанасці, з якімі ім давядзецца сутыкнуцца.

І ўсё таму, што асноўныя работы выконвае не тэхніка, а з яе дапамогай — менавіта людзі, адказнасцю, працавітасцю, ініцыятыўнасцю і ўменнямі якіх, без перабольшвання, ганаруся. Гэта нашы ветэраны, тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку, і тыя, хто працягвае працаваць у «Камунальніку», нашы прафесіяналы і нават моладзь, што папаўняе шэрагі працаўнікоў. Пералічыць прозвішчы нерэальна, таму што сёння ў арганізацыі працуюць 618 чалавек, з якіх пераважная большасць заслугоўвае пашаны. Не адзін спецыяліст мае званне «Заслужаны работнік ЖКГ», сотні ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, рэгулярна нашы прадстаўнікі трапляюць на раённую Дошку гонару. А само прадпрыемства ўзорна гучыць на абласным і нават рэспубліканскім узроўнях.

Штогод капітальна рамантуюцца 2-3 шматпавярхоўкі ў райцэнтры і сельскіх населеных пунктах. Зараз аднаўляецца інтэрнат па вуліцы Урбановіча ў Пружанах, адразу за якім рамонтныя брыгады прыступяць да іншых аб’ектаў.

Са свайго боку ўсіх, ветэранаў і цяперашніх працаўнікоў, таксама нашых абанентаў віншую з юбілейнай датай. Жадаю плённай сумеснай працы на карысць рэгіёна, на паляпшэнне дабрабыту кожнага пружанца. А таксама мірнага часу на выкананне ўсіх задумак.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік