Вторник, 21 января 2025

Да 220-годдзя з дня нараджэння: біяграфія лыскаўскага вучонага Максімільяна Рылы

401

Вы скажаце: ну, што за паралель можна правесці паміж такімі населенымі пунктамі як Лыскава і Вавілон? Лыскава – аграгарадок у Брэсцкай вобласці, а Вавілон – гэта ж не проста горад, гэта амаль цэлая цывілізацыя!

Аднак ёсць асоба, якая звязала гэтыя мясціны. Менавіта ў мястэчку Лыскава, якое на тыя часы ўваходзіла ў Ваўкавыскі павет, атрымаў сваю першую адукцыю Максімільян Станіслаў Рыла – каталіцкі місіянер, арнітолаг, філосаф і археолаг.

М. С. Рыла нарадзіўся ў апошні дзень снежня 1802 г. у Падароску Ваўкавыскага павета ў сям‘і збяднелых шляхціцаў. Пачаў сваё навучанне ў школе ў мястэчку Лыскава. Вучоба тут працягвалася да 1817 г., і хочацца думаць, што менавіта тут юнак адчуў прагу да ведаў, цікавасць да навукі. Затым было навучанне ў Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе Максімільян атрымаў ступень магістра філасофіі. Як кандыдат езуіцкага ордэна Віленскага ўніверсітэта вывучаў медыцыну. На працягу другой паловы 1820-х гг. і першай паловы 1830-х гг. у Папскім грыгарыянскім універсітэце ён спасцігае філасофію, тэалогію, рымскае права, еўрапейскія мовы. Становіцца прафесарам філасофіі і знакамітым аратарам – прапаведнікам, атрымлівае сан святара.

Летам 1836 г. Рыла пад псеўданімам Пётр Ралі едзе ў Ліван з мэтай вывучэння магчымасці аб’яднання цэркваў і адкрыцця каталіцкай акадэміі на Блізкім Усходзе. За Максімільянам Рылам быў замацаваны статус інспектара Ватыкана, які дазваляў фактычна ў дыпламатычным рангу наведваць розныя краіны так званай Малой Азіі.

Падчас знаходжання ў Палесціне ён праводзіў літургіі каля Гроба Гасподняга ў Іерусаліме. Але з-за нестабільнай палітычнай сітуацыі Рыла тайна перапраўляецца ў Месапатамію і пачынае займацца археалагічнымі раскопкамі. Менавіта ён становіцца першым навукоўцам, які пазнаёміў свет з горадам Вавілонам. Адначасова вывучае прыроду басейна рэк Тыгр і Еўфрат, цікавіцца этнаграфіяй Ірака, Турцыі, Сірыі, Лівана.  Напрыканцы 1837 г., вяртаючыся ў Рым, ён падараваў калекцыю археалагічных экспанатаў, знойдзеных на руінах Вавілона. Узнагародай яму стала членства ў Папскай археалагічнай акадэміі і арніталагічным таварыстве Францыі. Прадставіў даклад папе Рыгору XVI аб рэлігійнай сітуацыі на Блізкім Усходзе, а таксама праект каталіцкага калегіума для моладзі.

У 1839 г. на чале езуіцкай місіі М. С. Рыла адпраўляецца на Блізкі Усход, дзе прысвячае ўвесь свой час адкрыццю каталіцкай акадэміі ў Бейруце (Ліван). З 1875 г. установа Collegium Asiaticum ператвараецца ва ўніверсітэт святога Іосіфа. Сёння гэта прыватная каталіцкая вышэйшая навучальная ўстанова з рэпутацыяй лепшай на Блізкім Усходзе, вядомая сваёй школай права, эканомікі і бізнесу, медыцыны і шпіталем.

З 1841 па 1843 гг. місіянер працуе на Мальце, дзе арганізоўвае каталіцкую школу. Адначасова піша каментарыі да выдання І. Лаёлы «Духоўныя практыкаванні». У 1843-1844 гг. нясе слова божае на Сіцыліі.

За свае заслугі перад рымскай царквой Рыла быў прызначаны на месца рэктара Рымскага калегіума для выхавання новага пакалення місіянераў. Падчас візіту ў Рым рускага імператара Мікалая І Максімільян Рыла меў з ім размову пра лёс беларускага народа.

Дзякуючы веданню Усходу ў 1846 г. папам Піем ІХ ён быў накіраваны ў Цэнтральную Афрыку апостальскім вікарыем. Місія месцілася ў г. Хартум (Судан), па дарозе да якога Рыла за асабістыя сродкі набыў для бібліятэкі Ватыкана каштоўныя старажытныя рукапісы.

У Міжземнамор’і Максімільян Рыла быў вядомы як падрэ Грыла ці Мансур, карыстаўся аўтарытэтам сярод хрысціян. Цікава, што на Мальце яго называлі «другім Паўлам». Ён палюбіў усходнюю манеру адзення: у касцёл апранаў сутану, а ў быце апранаўся па-арабску. Гэта было не даспадобы езуіцкаму начальству, ён нярэдка сутыкаўся з непаразуменнем ў Еўропе. І. Галавінскі, архіепіскап Магілёўскі, пісаў: «Видя его среди арабов на дорогой лошади, в живописной альбе, т.е. накидке из козьего пуха в белых и синих полосах с дамасской саблей на боку, говорящим речь с большой торжественностью, украшаемой восточными жестами, он больше всего был похож на эмира». Пра першую сустрэчу з ім напісаў: «Вернувшись от архиепископа, я встретил представительного человека, который быстро и смело шагал в арабском платье: большая, синяя кисть красной фески раскачивалась от его быстрых движений и смешивалась со светлыми волосами, которые красиво падали на его плечи; лицо бледное, красивое и многозначительное, украшенное длинными сарматскими усами и серьёзной восточной бородой; в голубых глазах плескались доброта и печаль: широкий матерчатый стального цвета халат колыхался полами и оттенял тёмный длинный кафтан с узорчатым поясом из багдадской парчи (…), красные остроносые туфли выделялись на его белых чулках».

Памёр Максіміліян Рыла 17 чэрвеня 1848 года ва ўзросце 45 гадоў ад дызентэрыі падчас місіянерскага падарожжа, пахаваны ў Хартуме. У 1899 г. астанкі былі перанесены на каталіцкія могілкі Каіра.

Вось такое насычанае жыццё пражыў вучоны, які назаўсёды звязаў наша Лыскава з біблейскім Вавілонам.

Вольга Зінкевіч