У Пружанскім лясгасе лесааднаўленчыя работы ў самым разгары. Мы наведалі Ліноўскае лясніцтва і ўбачылі, хто і як аднаўляе зялёнае багацце нашай краіны.

У 86-м квартале Ліноўскага лясніцтва на плошчы 3,7 гектара працуюць 5 лесаводаў, якія высаджваюць сеянцы хвоі. Як расказаў ляснічы Арцём Данілаў (на здымку), тут раней высаджваўся і пасадачны матэрыял бярозы.
— Мы ствараем змешаныя лясы, што забяспечвае ўзаемную карысць для дзвюх парод і для ўсяго ляснога фонду ў цэлым. Адна з галоўных пераваг такой пасадкі — такое спалучэнне з’яўляецца добрым бар’ерам ад ветру. Бяроза мае гнуткія галіны, якія могуць выгінацца пад уздзеяннем ветру, памяншаючы яго сілу. Змешаныя лясныя культуры найбольш устойлівыя ва ўмовах змены клімату. Наша схема змешвання пры пасадцы: восем радоў хвоі і два — бярозы.

У сваю чаргу лесаводы садзілі лес не з дапамогай звыклых мячоў Колесава, а з дапамогай спецыяльных пасадачных трубаў. Гэтаму ёсць сваё тлумачэнне: сеянцы былі з закрытай каранёвай сістэмай.
— У нашых умовах на плошчы пераважае багацейшая глеба. Гэта значыць, што ў вегетацыйны перыяд другарадная драўніна і пустазелле будзе расці значна хутчэй, чым на бедных глебах. Хвоя — парода, якая любіць святло, таму яна не павінна быць заценена. Менавіта таму неабходна рабіць догляд лясных культур некалькі разоў за сезон. Для гэтага і выбіраецца ў такіх тыпах лесараслінных умоў пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай, ён расце значна хутчэй, чым той жа матэрыял з адкрытай. Чым раней хвоя дасягне вызначаных памераў, якія дазволяць ёй самастойна канкурыраваць з іншай непажаданай расліннасцю, тым лепш для нас. Бо тады час догляду скароціцца, што дасць магчымасць знізіць затраты арганізацыі і захаваць гэты самы час для іншых лесагаспадарчых работ, — адзначыў Арцём Андрэевіч.

Калі мы знаходзіліся ў Ліноўскім лясніцтве, нам давялося сустрэць і лясных жыхароў. У гэты момант стала цікава, ці пашкоджваюць яны нядаўна пасаджаны лес, і як у сучасных умовах з гэтым змагаюцца нашы лесаводы.
— Сапраўды, дзікія жывёлы пашкоджваюць нашы лясныя культуры. Каб такога не адбывалася, мы стараемся своечасова правесці лесаахоўныя мерапрыемствы. У цяперашніх рэаліях найлепшым спосабам з’яўляецца агароджванне. Эфектыўней яго праводзіць да пасадкі. Але не заўсёды гэта атрымліваецца. Усё ж такі ў нас шматфункцыянальная праца, асабліва гэта датычыцца вясновага перыяду, — падкрэсліў Арцём Данілаў.

Для тых, хто неабыякавы да нашага агульнага багацця і працы лесаводаў, прапануем далучыцца да акцыі «Аднавім лясы разам!», якая працягнецца па 20 красавіка ўключна. Прыняць удзел можа любы жадаючы. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва, дзе вас забяспечаць пасадачным матэрыялам і пакажуць участак для пасадкі.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік