За мінулыя з часу ўтварэння два дзесяцігоддзі прадпрыемства істотна змянілася — колькасна і якасна. З’явілася нямала карэнных новаўвядзенняў, якія сталі бачныя і простым пружанцам. З гэтага і пачалася наша юбілейная гутарка з дырэктарам філіяла «Пружанскія электрасеткі» Аляксандрам Усікам.
— Трэба сказаць, Пружанскі РЭС меў дастаткова магутную вытворчую базу, згуртаваны калектыў прафесіяналаў з выдатнай кадравай школай, — зазначыў Аляксандр Аляксандравіч. — Аднак выдзяленне ў асобную структурную адзінку дало магчымасць філіялу выйсці на новы вытворчы ўзровень, прасцей вырашаць розныя арганізацыйныя і практычныя пытанні. Наш прыклад аказаўся паспяховым і быў распаўсюджаны на ўсю рэспубліку.
Я працую ў Пружанскіх электрасетках з 2005 года, а з 2015 — узначальваю філіял. Практычна на маіх вачах адбываліся многія змяненні. Сярод найбольш глабальных адзначу арганізацыю ў снежні 2003 года асобнага разлікова-касавага цэнтра: у ім былі акумуляваны ўсе магчымыя паслугі, якія аказвае сучасная энергазабяспечваючая галіна. Такім чынам, абаненты атрымалі магчымасць практычна ў рэжыме «адно акно» вырашаць усе свае пытанні.
У 2006 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю малая гідраэлектрастанцыя «Паперня» з двума турбагенератарамі па 110 кВт кожны. Цяпер энергія, якая выпрацоўваецца з аднаўляльных і экалагічна чыстых крыніц, паступае ў агульную сетку на карысць пружанцам. А яшчэ праз тры гады ў Пружанах быў рэалізаваны ўнікальны для Беларусі праект — запуск цеплаэлектрацэнтралі з выкарыстаннем біяпаліва ў якасці крыніцы энергіі. Карысць ад працы гэтага знакавага для Беларусі аб’екта дасканала вывучалася на працягу некалькіх гадоў, нават Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь зацікавіўся яго дзейнасцю і асабіста наведаў для азнаямлення з вынікамі. Паралельна нам была перададзена пляцоўка з газавай кацельняй і магістральныя цепласеткі. Гэтыя ўчасткі праз 10 гадоў мы вярнулі ў камунальную ўласнасць, але за мінулы час паспелі значна мадэрнізаваць сеткі, аднавіўшы практычна на 70%.
Таксама праводзілі рэканструкцыю электрасетак са зніжэннем перапынкаў у энергазабеспячэнні, якія непазбежна ўзнікаюць пры ліквідацыі аварыйных наступстваў або пры правядзенні планавых рамонтаў. На сённяшні дзень дзякуючы праведзеным мерапрыемствам удалося знізіць страты ў размеркавальных сетках амаль удвая. Разам з тым укараняюцца аўтаматызаваныя сістэмы АСКУЭ-быт і АСКУЭ-прам, якія дабаўляюць зручнасцей нашым кліентам.
І, нарэшце, многія заўважылі, наколькі змянілася тая частка вуліцы Лазо, якая адведзена пад нашу базу. Працяглы час побач з асноўным будынкам ПЭС стаяў «даўгабуд». Ён быў рэканструяваны філіялам у прыцягальны аб’ект, які стаў яшчэ адным упрыгажэннем райцэнтра.
Варта адзначыць і тое, што за 20 гадоў колькасць членаў нашага калектыву павялічылася са 130 да 250 работнікаў.
— Мы неаднаразова на працягу каляндарнага года сустракаемся з Вамі для абмеркавання розных пытанняў. І заўсёды ў сваіх выступленнях Вы звяртаеце ўвагу на саміх работнікаў.
— Таму што калектывам электрасетак я вельмі ганаруся. Варта нагадаць імёны ветэранаў — тых, хто яшчэ працуе на прадпрыемстве або пайшоў на заслужаны адпачынак. Сярод іх — Юрый Валер’евіч Кухцін, Валянціна Аляксееўна Вакула, Мікалай Анатольевіч Савянок, Уладзімір Мікалаевіч Бейда, Леанід Анатольевіч Грынкевіч, Пётр Мікалаевіч Клім, Васілій Аляксеевіч Кудравец, Аляксей Іванавіч Манчык, Уладзімір Уладзіміравіч Пстыга, Леанід Ігнатавіч Раўнейка, Мікалай Васільевіч Тарасевіч, Іван Георгіевіч Хайко. Яны і многія іншыя нашы ветэраны падрыхтавалі годную змену, прадстаўнікі якой ужо самі сталі настаўнікамі для цяперашняй моладзі. У свой час і я прайшоў праз гэтую школу, што ўспамінаю з цеплынёй і ўдзячнасцю ў душы.
— Аляксандр Аляксандравіч, як лічыце, ці будзе ў 20-гадовага юбілею «працяг», і якой гэтая будучыня бачыцца Вам?
— На бліжэйшую перспектыву ў нас ёсць сур’ёзныя планы, звязаныя з рэалізацыяй у Беларусі глабальных змен у энергетычнай сферы. У прыватнасці, са з’яўленнем айчыннай атамнай энергетыкі стала даступным выкарыстанне электраэнергіі для абагрэву жылля і прыгатавання ежы не толькі ў буйных гарадах, але і ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, хутка ў Пружанах будзе пабудаваны цэлы мікрараён, у якім усе зручнасці будуць грунтавацца на электраэнергіі. Для забеспячэння стабільных паставак энергіі ў райцэнтры будзе пабудавана новая падстанцыя 110 кВ Пружаны-Заходняя, якая заменіць устарэлую ПС-35 кВ. Да 2027 года мы павінны поўнасцю аўтаматызаваць пастаўкі электрычнасці абанентам па сістэме АСКУЭ. І, нарэшце, працягнем работу па павышэнні надзейнасці работы электрасетак.
Планаў нямала, у сувязі з чым хачу пажадаць нашаму калектыву задавальнення ад рэалізаванага, добрага настрою на працягу кожнага працоўнага дня і па заканчэнні чарговай змены. А наконт «працягу»? Без энергіі развіццё цывілізацыі немагчыма. Можа, праз 30-50 гадоў зменяцца падыходы, патрабаванні і нават сутнасць энергазабеспячэння. Нязменным павінны застацца прынцып работы энергетыкаў, які гарантуе адказнасць і якаснасць.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік