Среда, 13 ноября 2024

Цёплы дом сям‘і Нежавец

499

У нашай краіне асаблівая ўвага ўдзяляецца захаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Яны і з’яўляюцца асновай моцнай і шчаслівай сям’і. А сям’ю мы называем крыніцай любові і павагі, узаемаразумення і падтрымкі. Менавіта тут дзеці вучацца быць добрымі, сумленнымі, справядлівымі.

Адна з такіх у нашым горадзе — сям’я Аляксандра і Лірыны Нежавец.

Штогод у першы дзень лета адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта добры напамін дарослым, што дзеці кожны дзень маюць патрэбу ў іх клопаце, увазе і пастаяннай падтрымцы, бо менавіта дарослыя нясуць адказнасць за іх жыццё і здароўе, удзельнічаюць у фарміраванні іх светапогляду і станаўленні асобы.

А з 2021 года «Беларускі дзіцячы фонд» аб’явіў правядзенне ў перыяд летніх канікулаў Тыдня дзяцінства, падчас якога надаецца вялікая ўвага шматдзетным сем’ям, дзецям-сіротам, якія засталіся без апекі бацькоў і дзіцячым дамам сямейнага тыпу.
Ужо стала добрай традыцыяй у рамках Тыдня Дзяцінства ўручаць ганаровую прэмію імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі сем’ям, якія выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей у любві, павазе і працавітасці.

Узорам дружнай і шчаслівай ячэйкі грамадства з’яўляюцца і нашы землякі — вялікая сям’я Нежавец, у якой выхоўваецца — увага! — 12 непаўналетніх дзяцей, у тым ліку на выхаванні бацькоў знаходзіцца сямёра дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Двое ўсыноўленых дзяцей ужо дасягнулі паўналецця: сын Канстанцін зараз праходзіць тэрміновую ваенную службу ў радах Узброеных Сіл РБ, дачка Юлія, інвалід дзяцінства, пражывае разам з бацькамі.
Самай малодшай з дзяцей Ангеліне хутка споўніцца два гады, а самы старэйшы падапечны навучаецца ў Бярозаўскім каледжы будаўнікоў, не забывае бацькоў-выхавальнікаў і прыязджае заўсёды на святы, калі неабходнасць пабыць са сваёй сям’ёй адчуваецца асабліва востра.

— Калі мы збіраемся ўсе разам за адным сталом, у мяне сэрца радуецца і душа спявае, — з гонарам гаворыць Лірына. — Для мяне ўсе дзеткі свае, родныя. Нават да знаёмства з будучым мужам мяне заўсёды хвалявала тэма дзяцей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Калі ж дасягнула паўналецця, мае бацькі ўзялі на выхаванне дзяцей з дзіцячага дома. Мяне гэта так кранула, што пазней цвёрда вырашыла: у маёй асабістай сям’і таксама будзе шмат дзяцей. Так і здарылася. А калі мой пункт гледжання падтрымаў Аляксандр, сумненняў увогуле не засталося, і зараз у нас вялікая сям’я, усё атрымалася так, як хацелі.

Мы для ўсіх адкрыты, муж з’яўляецца блогерам, у яго асабісты канал на YouTube, яго ролікі пра жыццё нашай сям’і набіраюць мільёны праглядаў у TikTok. Многія пары на нашым прыкладзе таксама ўсынаўляюць дзяцей і шчыра дзякуюць нам за дапамогу ў прыняцці такога рашэння.

Урачыстае ўручэнне заслужанай узнагароды шматдзетнай сям’і адбылося 18 чэрвеня. Ганаровую місію ўручэння прэміі выканаў старшыня Брэсцкага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Юрый Прасмыцкі.

— Ад усёй душы віншую вашу сям’ю з такой узнагародай, бо прысвяціць сваё жыццё выхаванню дзяцей-сірот можа не кожны. Некаторыя і са сваімі з цяжкасцю спраўляюцца, а што тут казаць пра такую колькасць! Кожнаму трэба надаць увагу, праявіць клопат, ласку, пры гэтым апрануць, накарміць, дапамагчы з урокамі, пагуляць і так кожны дзень — спіс спраў бясконцы, — падкрэсліў старшыня фонду. — Нізкі паклон вам і велізарная падзяка за вашу нялёгкую працу. І няхай пра гэту яркую падзею заўсёды будзе нагадваць утульная альтанка, падораная дзіцячым фондам. Спадзяюся, месца тут хопіць усім, а ў вашым доме няхай заўсёды пануюць любоў, пяшчота і павага адзін да аднаго. Няхай такія сем’і, як ваша, стануць прыкладам для ўсіх сем’яў нашай краіны!

Ірына Велясевіч. Фота аўтара