Воскресенье, 20 апреля 2025

Цёплае, прыгожае, утульнае свята з нагоды Нараджэння Хрыстова зладзілі ў Аранчыцкім Свята-Крыжаўзвіжанскім храме

344

У гэтыя калядныя дні нямала цудоўных мерапрыемстваў наладжваецца ва ўсіх установах культуры і адукацыі. Але ж галоўныя падзеі, зразумела, адбываюцца ў храмах, дзе праходзяць святочныя набажэнствы ў гонар Нараджэння Хрыстова. Уноч з суботы на нядзелю прайшлі ўсяночныя службы, якім папярэднічалі святочныя дабравест і перазвон. Але, як мы даведаліся ў Аранчыцкім Свята-Крыжаўзвіжанскім храме, дабравест — гэта не толькі від гучання званоў, але і хор, утвораны пры нядзельнай школе…

Вось адкажыце, колькі віншаванняў з каляднымі святамі адправілі вы сваім сваякам і сябрам праз Viber, «Аднакласнікі», Instagram і розныя іншыя сацсеткі і месенджары? Я, напэўна, больш за 50, а нехта са знаёмых хваліўся, што каля трох соцень.

Сапраўды, вельмі прыемны рытуал у традыцыях цяперашняга часу: адправіць яркую віртуальную паштоўку са словамі пажадання, а ўзамен атрымаць не менш прыгожую і кранальную. Яна павісіць некаторы час у стужцы, а потым трапіць у архіў ці наогул у кошык: памяць тэлефона не бязмежная.

Свята-Крыжаўзвіжанскі храм вёскі Аранчыцы.

А вось «жывыя» віншаванні, як і святочныя мерапрыемствы, падчас якіх яны гучаць, застаюцца ў архівах нашай памяці, лагодным воблакам ахутваюць сэрца. І становяцца часцінкай не інтэрнэт-прасторы, а нас саміх, нашай душы. Такой была і імпрэза, наладжаная з нагоды свята Нараджэння Хрыстова ў нядзельнай школе Свята-Крыжаўзвіжанскага храма вёскі Аранчыцы.

Натуральныя ёлачкі, жывы гук, шчырыя ўсмешкі… Атмасфера ў сціплай зале была па-дамашняму ўтульнай, нязмушанай, радаснай. Святочны канцэрт пачаўся з прывітання прыхаджан настаяцелем Аляксандрам Мялешкам і велічальнага малітоўнага спеву. Да прысутных звярнулася з віншаваннем старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань. Таццяна Мікалаеўна пажадала ўсім шчасця, дабрабыту і веры ў цуды, якія абавязкова збываюцца, асабліва калі чалавек імкнецца сам набліжаць іх.

Хор «Дабравест».

А потым адзін за адным выходзілі на сцэну ўдзельнікі хору «Дабравест» пры нядзельнай школе і аднайменнага дзіцячага калектыву, маленькія танцоры і спевакі з Ліноўскай школы. Прыгожыя ўзнёслыя спевы і танцавальныя кампазіцыі змяняліся аповедамі вядучых Ганны Супруновіч і Таццяны Шынкарук пра цуд Нараджэння Боганемаўляці, духоўную сутнасць падзеі, якая больш за два тысячагоддзі таму дала штуршок новаму адліку часу, аб‘яднала значную частку чалавецтва, пра народныя традыцыі святкавання.

Пранікнёна гучала сола на трубе ў выкананні Яраслава Топчага, і сам айцец Аляксандр браў у рукі гітару і мікрафон, каб не з амвона, а са сцэны ўславіць Хрыста.

Святкаванне завяршылася спевамі-пажаданнямі прысутным «Многая лета», узнагароджаннем юных удзельнікаў конкурсу малюнка «Прыгажосць Божага свету», падарункамі для дзяцей і агульным пачастункам.

Прыхаджанка храма Ніна Мікалаеўна.

— Вельмі цудоўна, што ў Аранчыцкім прыходзе наладзілі традыцыю збірацца ў нядзельнай школе, каб разам адзначаць значныя святы, — кажа прыхаджанка храма Ніна Мікалаеўна. — Наогул, мы вельмі рады, што ў нас з‘явіўся такі святар: малады, энергічны, добразычлівы. Ён так шмат робіць для храма, для людзей, што проста з задавальненнем ідзеш сюды. І не я адна так мяркую: на ўсяночнай службе сёлета шмат людзей сабралася. Што радуе, маладыя ідуць, не забываюць сваю веру, традыцыі бацькоў. Наогул, я ў нашай царкве проста адпачываю душой. І матушка Юлія — чалавек светлы, шчыры, ва ўсім айцу Аляксандру дапамагае.

— Некаторы час будынак гэты пуставаў, — расказвае былая загадчыца Аранчыцкага Дома фальклору Яўгенія Васілюк. — Добра, што нашаму святару прыйшла ідэя прыстасаваць яго пад нядзельную школу, дзе змаглі б збірацца і дзеці, і дарослыя. З задавальненнем перабраліся пад яго крыло і нашы жанчыны — удзельніцы гурта «Каханачка». Мы па-ранейшаму вядзём і «свецкае» жыццё, спяваем народныя песні, але тут нібы ўзняліся на прыступку ўверх, больш задумаліся пра жыццё душы.

Кранальныя спевы падчас мерапрыемства.

Айцец Аляксандр у адказ на пытанне пра ідэю стварэння свайго хору пры нядзельнай школе толькі сціпла ўсміхаецца: маўляў, яна не ў яго першага нарадзілася, у раёне нямала падобных. Адметнасць «Дабравеста», напэўна, толькі ў тым, што яго ўдзельнікі — непрафесійныя спевакі.

Танцавальны калектыў «Капітошка».

З нядаўняга часу наладжваюцца ў нядзельнай школе імпрэзы, прысвечаныя розным рэлігійным святам, «фішкай» якіх з‘яўляюцца выступленні хору, наогул добрая музыка. А яшчэ — магчымасць паспрабаваць сябе ў творчасці ва ўсіх жадаючых, дзяцей і дарослых.

— Я таксама не маю музычнай адукацыі, — кажа святар. — Тым не менш, асвоіў гітару, спяваю і для сваіх прыхаджан, і ў хоры духавенства Брэсцкай епархіі. Гэта, лічу, той жа варыянт пропаведзі, магчымасць несці прыхаджанам слова Божае. Радуе, што ў храме збіраецца нямала прыхаджан, з іншых мясцін людзі прыязджаюць, адкрываюць свае сэрцы Хрысту. А дзверы храма для іх заўсёды адкрыты.

Ірына Сядова. Фота аўтара