22 ліпеня работнікі Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу стварылі выдатнае свята для жыхароў Крыніцы. Дзень вёскі прайшоў пад пяшчотнай назвай «Сэрцу мілы куток».
Дзякуючы іскрамётнаму запалу вядучых Алёны Пугачовай і Галіны Хілько ўрачыстасць пачалася бадзёра і весела. Вершы, песні і добрыя словы ў адрас вёсачкі ліліся нібы з чыстай, жыватворнай крыніцы.
Жанчыны правялі прысутных па старонках мінулага вёскі: жыхары і госці населенага пункта праслухалі гістарычную даведку, з якой дазналіся, што Крыніца дакладна існавала ўжо ў ХVІІІ стагоддзі, а падчас падзей Паўночнай вайны (1700 — 1721 гг.) становішча сялян значна пагоршылася. Потым лёс вёскі складваўся па вядомым нам са школьных урокаў сцэнарыі. Аднак працавітыя мясцовыя людзі годна вытрымлівалі ўсе выпрабаванні, мірна жылі, гадавалі дзяцей.
Сённяшнія жыхары Крыніцы вельмі энергічныя, вясёлыя, таленавітыя. І як жа радасна, што вёсачка жыве, што з’яўляюцца ў ёй новыя маленькія крынічане!
Вось і на свяце віншавалі нованароджаных жыхароў Крыніцы — Уладзіслава Ліцкевіча і Кацярыну Дронь. Сем’ям, якія выхоўваюць немаўлятак, былі ўручаны падарункі ад Пружанскага райаграсэрвісу. Таксама сваю долю ўвагі на мерапрыемстве атрымала будучая першакласніца Вераніка Молаш.
Вернасць, каханне, выхаванне дзяцей — самыя трывалыя законы ўсяго чалавечага дабра. Юбіляраў сямейнага жыцця, якіх, дарэчы, было нямала, ушаноўвала старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Раіса Бульчук. Апроч прыемных слоў і настаўленняў, пары атрымалі смачныя караваі.
Цудоўнымі музычнымі кампазіцыямі віншавалі людзей, якія адзначаюць дзень нараджэння ў ліпені. Да прыемных зваротаў далучыўся і дырэктар ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Антон Грышкевіч. Ён віншаваў імяніннікаў — ветэранаў таварыства.
Простым вокам бачна, што Крыніца — дагледжаная, прыгожая вёсачка. З кожным годам яна становіцца ўсё больш утульнай і яскравай, прыводзяцца ў парадак прысядзібныя тэрыторыі, месцы агульнага карыстання. А ўсё дзякуючы свядомай грамадзянскай пазіцыі яе жыхароў. На свяце кіраўнік спраў Шарашэўскага сельвыканкама Вольга Радзькова ўручыла памятныя сувеніры пераможцам намінацыі «Самы дагледжаны ўчастак».
Жыхароў вёскі шчыра віншавала стараста населенага пункта Шука Марыя. Марыя Уладзіміраўна ўручыла прысутным падзячныя лісты ў розных намінацыях, выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто мае дачыненне да стварэння гэтага свята і развіцця вёскі.
Цёплае і кранальнае мерапрыемства завяршылі творчыя нумары ў выкананні артыстаў Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Юлія Янушка. Фота ўдзельнікаў мерапрыемства