З пятніцы 14 студзеня над Беларуссю пануе цыклон «Эльза», які характарызуецца моцным парывістым ветрам. Хуткасць ветру месцамі дасягала 25 метраў у секунду.
Найбольш цяжкія наступствы непагадзі былі ў Мінскай вобласці. Аднак без здарэнняў не абышлося і ў нашым рэгіёне. Больш за іншыя на Брэстчыне пацярпелі Бярозаўскі, Івацэвіцкі, Пінскі і Столінскі раёны.
На Пружаншчыне, паводле інфармацыі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, трывожных здарэнняў 14 і 17 студзеня не зарэгістравана, аднак у шэрагу населеных пунктаў раёна адбылося кароткачасовае адключэнне электраэнергіі.
Як паведамляе дыспетчарская служба Пружанскіх электрасетак, у пятніцу, калі хуткасць ветру была максімальнай, паведамленні аб знікненні электрычнасці паступілі з чатырох напрамкаў ліній электраперадач — Інтэрнацыянальны-Лінова, Белавусаўшчына-Парасляны-Казлы, Манчыкі-Варанілавічы-Клепачы-Ласасін, Крыніца-Роўбіцк-Хвалава. У сярэднім аднаўленне ліній, пашкоджаных з-за падзення галін або дрэў, заняло да дзвюх гадзін. У панядзелак падобныя паведамленні былі адзінкавыя, адключэнні рэгістраваліся ў райцэнтры, в.Бузуны і шэрагу іншых населеных пунктаў.
Сіноптыкі прагназуюць, што ветранае надвор’е захаваецца і далей, а слупок тэрмометра апусціцца ніжэй за 0 градусаў. З улікам гэтага варта правільна апранацца, каб пазбегнуць захворванняў.
Алег Сідарэнка