
З ліста ў рэдакцыю:
«У Пружанах да фестывалю «Вытокі» на гарадскім стадыёне «Мухавец» пабудавалі цудоўны спартыўны комплекс. Цямнее ўжо рана і становіцца страшна за дзяцей, якія катаюцца на самакатах і падсвятляюць сабе дарогу ліхтарыкамі з тэлефона. Мачты асвятлення вакол стаяць, але ці будзе там святло?»
Так, сапраўды, скейт-ролер-парк стаў месцам прыцягнення бацькоў з маленькімі дзецьмі, дзе ўволю можна пабегаць, паскакаць і пакатацца, моладзі, якая менавіта ў гэтым цудоўным месцы накіроўвае сваю энергію ў патрэбнае рэчышча. Здавалася б, усё выдатна, ёсць дзе разгуляцца, сябе паказаць ды і на іншых паглядзець. Я асабіста назірала, як хлопцы паміж сабой ладзяць спаборніцтвы: хто больш зробіць «круцёлачак» на самакаце ці падцягнецца на брусах. І хачу адзначыць, што на такія маладзёжныя гульні прыемна глядзець. Па-першае, яны адбываюцца на свежым паветры, па-другое, хлопцы сапраўды заняты добрай справай. Гэта выдатны спосаб самавыяўлення, ды і для здароўя карысна.
Праблема ў тым, што з кожным днём цямнее ўсё раней, а пасля другой змены ў школе хутка зусім будзе цёмна, а спартыўны аб’ект ніяк не асвятляецца. Восень у нашых шыротах вельмі цёплая і працяглая, таму збірацца на спортпляцоўцы моладзь будзе да першага снегу.
Я высветліла, што скейт-ролер-парк знаходзіцца ў ведамстве ДЮСШ № 1, і пляцоўка асветлена роўна да таго часу, пакуль на стадыёне «Мухавец» ідуць заняткі і ў раздзявалках гарыць святло, паколькі электразабеспячэнне агульнае для ўсіх спартыўных аб’ектаў.
Вось што расказала нам дырэктар школы Анастасія Пузанава наконт сітуацыі, якая склалася вакол пляцоўкі:
— На сённяшні дзень пытанне ўзята на кантроль. У бліжэйшы час скейт-ролер-парк будзе падключаны да вулічнага асвятлення, а ў далейшым плануецца поўнасцю забяспечыць электрасілкаваннем усе пляцоўкі, каб асвятленне кожнай ажыццяўлялася аўтаномна, — падкрэсліла Анастасія Уладзіміраўна.
Мы таксама спадзяваліся, што вырашэнне гэтага пытання не прымусіць сябе чакаць, паколькі гаворка ідзе аб бяспецы нашых дзяцей і спакоі іх бацькоў. Так і адбылося: пакуль мы рыхтавалі матэрыял, пытанне з асвятленнем скейт-ролер-парка вырашылася.
Ульяна Рысь. Фота Кацярыны Масік