Прызнаемся, пакуль наш нумар Viber не разрываецца ад паведамленняў і тэлефанаванняў. Тым не менш, два тыдні яго работы не прайшлі дарма.

Прыемна, што самым першым паведамленнем стала падзяка, якую даслала Святлана Данілюк: «Цудоўная і цікавая газета. Пастаянна ўсе чытаем і выпісваем яе», – піша жанчына. Наш адказ: наперадзе шмат сюрпрызаў для вас, паважаныя чытачы, таму заставайцеся з «раёнкай». Ацаніў працу мясцовых журналістаў і Уладзімір Грошаў.
А першае тэлефанаванне паступіла ад Аляксандра Васільевіча Вайцяхоўскага. Жыхар Пружан хацеў бы прайсці экспрэс-тэсціраванне на каранавірус. З гэтай мэтай ён звяртаўся ў паліклініку, а таксама ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, але яму было адмоўлена. «Чаму так, калі толькі нядаўна газета пісала, што такая магчымасць ёсць?» – цікавіцца мужчына.
Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы УАЗ «Пружанская ЦРБ» В.М.Шаўчэню.
– Сапраўды, па стане на панядзелак, 23 лістапада, у сувязі з адсутнасцю тэст-сістэм платнае тэсціраванне на COVID-19 часова прыпынена. Узнавіць яго плануецца ў бліжэйшы час, – патлумачыў Віктар Міхайлавіч.
Таксама ў нашай Viber-суполцы «Пружаны | Раённыя будні», у якой ужо больш за 180 удзельнікаў, мы пыталіся ў вас, паважаныя чытачы, ці носіце вы медыцынскую маску ў грамадскіх месцах. «Так», — адказала 75 чытачоў. «Не», – прызналася 16. Прыемна, што адказных пружанцаў больш, але нагадваем, што варта падумаць пра сябе і навакольных, тым больш, што нашэнне маскі цяпер — абавязковае.
Калі ў вас ёсць пытанні, якія складана вырашыць, калі вы хочаце ўбачыць на старонках газеты новую рубрыку ці падказаць журналістам цікавую тэму, скарыстайцеся нашым нумарам Viber. Тэкставыя паведамленні мы прымаем кругласутачна і штодзённа, а тэлефанаванні – па буднях з 8 да 17 гадзін. Чакаем!
Уладзіслаў Шпарла