Воскресенье, 6 октября 2024

Цяпер мы беларусы! У Пружанах прайшла цырымонія прыняцця ў беларускае грамадзянства

466

10 красавіка ў малой зале Палаца культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды атрымання грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Вітаў прысутных начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Аляксандр Момлік, які адзначыў важнасць гэтай падзеі, а таксама падкрэсліў, што для нашай дзяржавы чалавек — гэта галоўная каштоўнасць.

Пасля таго, як прагучаў гімн нашай краіны, сем жыхароў раёна, якія да гэтага з’яўляліся грамадзянамі Украіны, Казахстана і Азербайджана, ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі прысягу на вернасць сваёй новай Радзіме.

Адчувалася, што кожны з іх быў усхваляваны, але шчаслівы: беларускае грамадзянства — гэта тое, да чаго яны імкнуліся доўгія гады.

Грамадзянінам нашай краіны стаў і адзін непаўналетні. За гэта ён павінен быць удзячны сваім бацькам, якія сталі часткай нашай «сінявокай» сям’і.

Са словамі віншавання да ўсіх звярнуўся начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пружанскага РАУС Вячаслаў Міхайлаў.

— Я ўпэўнены, што для кожнага з вас сённяшні дзень цудоўны і асаблівы, бо сёння вы сталі часткай нашай вялікай сям’і пад назвай Беларусь. Жадаю вам і вашым сем’ям дабрабыту і здароўя. З набыццём грамадзянства Рэспублікі Беларусь у вас з’явіліся правы, якімі вы можаце карыстацца. Але ёсць і абавязкі, якія неабходна выконваць. Стаўцеся з павагай да навакольных, выконвайце заканадаўства, працягвайце працаваць на карысць нашай краіны і будзьце шчаслівыя! — пажадаў Вячаслаў Аляксандравіч.

Мы папрасілі ўдзельнікаў мерапрыемства падзяліцца сваімі меркаваннямі наконт падзеі, якая адбылася.

Фікрэт Саілаў:

— Пераехаў у Беларусь з Азербайджана. Першая прычына, чаму я абраў жыццё менавіта ў гэтай выдатнай краіне, — мой дзядуля. Ён загінуў у гады вайны падчас вызвалення Беларусі. Я запомніў з дзяцінства франтавы ліст-трыкутнік, які бабуля захоўвала да самай сваёй смерці. Гэта добра адклалася ў памяці і абудзіла прыехаць сюды. Другая прычына — гэта тое, што Беларусь вельмі прыгожая краіна, у якой жывуць цудоўныя людзі.

Галіна Максімовіч:

— Я нарадзілася і жыла 20 гадоў ва Украіне. Лёс прывёў мяне ў Беларусь. Тут я выйшла замуж і стварыла сваю сям’ю. Мне падабаецца краіна, у якой я зараз жыву. Яна вельмі спакойная, мірная і квітнеючая. Удзячная Прэзідэнту, тут ёсць усё, што патрэбна для жыцця.

Вольга Палішчук:

— Раней я жыла на тэрыторыі Казахстана, але ўжо больш за 10 год усёй сям’ёй жывём у Беларусі. Мне вельмі падабаецца краіна нават за тое, што тут вельмі спакойна і чыста. Насамрэч атрыманне грамадзянства для мяне сапраўды вельмі значная і доўгачаканая падзея.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік