Здараецца так, што ў сілу эканамічных абставін нейкаму прадпрыемству патрэбабуецца дапамога з боку больш паспяховай арганізацыі. Гэта можна суаднесці і з далучэннем ААТ «Айчына» Пружанскага раёна да ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна. Мяркуецца, што пасля рэарганізацыі апошняе стане самым буйным аграпрамысловым холдынгам у Беларусі з агульнай плошчай сельгасугоддзяў у 40 тысяч гектараў. А што зменіцца для «Айчыны»?
Пра тое, якая работа будзе праводзіцца на далучаных землях, якіх магчымых змяненняў чакаць, мы пагутарылі з дырэктарам філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Андрэем Голдзінавым.
— Андрэй Генадзьевіч, раскажыце, калі ласка, з чаго пачыналася рэарганізацыя «Айчыны» і што, магчыма, ужо зроблена ў плане павышэння эфектыўнасці работы.
— Пачыналася, зразумела, з пошуку інвестара. Па прапанове кіраўніцтва вобласці ААТ «Белавежскі» зацікавілася сельгаспрадпрыемствам. Працэдура рэарганізацыі прайшла літаральна за некалькі гадзін да новага года — 31 снежня 2021 г. Але ж да работы фактычна прыступілі раней, яшчэ ў жніўні. Правялі восеньскую пасяўную, займаліся нарыхтоўкай кармоў. Сума інвестыцый з ААТ «Белавежскі» пакуль склала каля 5 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэтыя грошы былі ўкладзены ў закупку запасных частак, матэрыялу для ўкрыцця сіласных і сянажных траншэй, кансервантаў, сродкаў аховы і г.д.
— Андрэй Генадзьевіч, работнікі былога ААТ «Айчына» захаваюць свае пасады ?
— Ні адзін чалавек не будзе звольнены. Усім будзе дадзена магчымасць працягваць працоўную дзейнасць ужо ў ААТ «Белавежскі». Скажу больш, плануецца павысіць сярэднямесячную заработную плату на 10,6 % і давесці яе да ўзроўню «Белавежскага».
— Плануецца, напэўна, абнаўленне машынна-трактарнага парка?
— На дадзены момант у нас маецца 69 трактароў, з іх 11 энерганасычаных. Патрэбны быў час і грашовыя сродкі на іх рамонт. У лютым плануецца закупка двух пасяўных шасціметровых агрэгатаў, прычапнога апырсквальніка для ўнясення вадкіх мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы раслін. Набудзем і два рабатызаваныя кормараздатчыкі. Адзін з іх будзе задзейнічаны ў аддзяленні «Смаляны», другі – у аддзяленні «Ясельда». Таксама мяркуецца купіць самаходны апырсквальнік «Раса».
— Ці будзе змяняцца вытворчая структура філіяла?
— Тыя ўчасткі, што былі да гэтага («Кабылаўка», «Ясельда», «Смаляны»), пакуль застаюцца. Калі людзям зручна на сёння працаваць па такой схеме, то няхай будзе так. Але ў далейшых планах — зрабіць два вытворчыя ўчасткі.
— Адной з візітных картак «Айчыны» шмат гадоў было садаводства…
— І мы ад яго не адмовімся: гэта ж адзін з напрамкаў, які можа прыносіць неблагі прыбытак. Маецца 170 гектараў пладаноснага саду. Але ў мінулым годзе сабралі ўсяго па тры тоны яблыкаў з аднаго гектара, гэта нізкі паказчык, бо сярэдні збор для такога саду павінен складаць 25-30 тон. Сабекошт гэтай садавіны складаў 1 руб. 36 капеек. Закладку яблыкаў у фруктасховішча не рабілі, прадалі прадукцыю Пружанскаму райспажыўтаварыству. Пакуль плануем 28 га саду поўнасцю выкарчаваць пад восеньскую пасадку.
— Андрэй Генадзьевіч, а якія планы на «другі хлеб»?
— Мяркуем пасадзіць 220 га бульбы. Для таго, каб наш крухмальны завод працаваў рэнтабельна, трэба разлічваць на ўраджайнасць у 354 ц/га (параўнаю: у мінулым годзе сабралі толькі па 214 ц/га). Перавагу будуць мець высокакрухмалістыя сарты. Сур’ёзная ўвага таксама будзе надавацца і хімабароне.
— Што было зроблена ў жывёлагадоўлі?
— Правялі праверку пагалоўя буйной рагатай жывёлы і сартаванне хворых кароў. Праведзены лячэнне пагалоўя і прафілактычныя мерапрыемствы. Са жніўня ААТ «Айчына» рэалізавала 28 тон малака, палова яго пайшло гатункам «экстра», палова – вышэйшым. Цяпер рэалізуем 40,0 тон гатункам «экстра». Каб не губляць надоі, было закладзена 60 тыс. тон сіласу.
— Сельгасугоддзі будуць выкарыстоўвацца ў поўным аб’ёме?
— Зараз яны займаюць плошчу ў 14240 га і ўсе будуць задзейнічаны ў севазвароце. Пераважаюць тут тарфяныя землі. Распрацоўваем у в. Хвалявічы непрыдатны ўчастак на 27 га. Мяркуецца, што прыблізна ў красавіку ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Падобную работу праводзілі ў Загор’і, Носках.
— Што будзе з акцыямі, якія належалі ААТ «Айчына»?
– Сходы акцыянераў праводзіліся рэгулярна яшчэ да рэарганізацыі. Два разы паведамлялі людзям пісьмова, выкарыстоўвалі для гэтага і афіцыйны сайт сельгаспрадпрыемства. Пытанне аб далучэнні «Айчыны» было прынята аднагалосна. Хто з акцыянераў пажадаў, той акцыі прадаў, грашовыя сродкі ім былі выплачаны. А акцыі астатніх проста былі пераведзены ў ААТ «Белавежскі».
— Падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучыню.
— Плануем рост валавой вытворчасці. Рэалізацыю малака патрэбна давесці не менш як да 50 тон (гэта што датычыцца цяперашняга года). Мяркуем сабраць не менш за 14 000 тон зерня, пасеяць кукурузу на зерне на плошчы 500 га. У планах і перазалужэнне злакавых траў, каб у будучым сабіраць патрэбную колькасць кармоў.
Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік